Выбрать главу

* * *

Кантора калгаса была ў суседняй вёсцы, за чатыры кіламетры, і Міша паехаў туды на веласіпедзе. Ведаў, што кантора каля клуба, і здзівіўся, калі ўбачыў, як шмат што змянілася: кантора — ужо не старая хата, а фінскі домік. Яны, гэтыя фінскія домікі, увайшлі цяпер у моду: іх будуюць пад усякія канторы і людзям на жыллё. Яны, мабыць, зручныя, утульныя, бо чуў Міша не раз, што некаторыя кідаюць гарады і просяцца ў вёску дзеля жылля, дзеля гэтых домікаў. Так ці не так, не Мішу ламаць галаву, і без гэтага трашчыць ад думак.

Каля канторы, укругавую, раслі чэзлыя ліпы і клёнікі — яшчэ не ўвабраліся ў сілу. Міша ўбачыў іх, калі ішоў па шырокай цэментовай дарожцы да ганка. Адчыніў дзверы і апынуўся ў невялікай прадаўгаватай зале — прыёмнай: яна была пустая. І ў кабінеце нікога не было, абапал стала шмат крэслаў і ніводнага чалавека. Міша хацеў ужо зачыніць дзверы, як нечакана пачуў храпенне. Здаецца, тут, у кабінеце. І праўда, нехта хроп: дужа цягнуў у сябе паветра, а выпускаў з бульканнем, акурат выліваў з бутэлькі ваду.

На канапе — убачыў Міша — спаў мужчына. Пад галавою ляжалі таўстыя папкі, ногі ў шкарпэтках пакладзены на пярочную спінку канапы. Старшыня? Прыгадалася — бацька апавядаў: круглы твар з даўгім носам, лысаваты, і жывот тырчыць, «бытта пад кашулю засунулі мяшок зерня». Міша пастаяў у парозе трохі, паскроб патыліцу: мабыць, не трэба будзіць старшыні, усё роўна няўдала прыйшоў; але толькі ён павярнуўся, як пачуў: «Хто там? Заходзьце...— Мужчына падняўся, крэхнуў, апусціў долкі ногі, стаў шукаць імі туфлі (яны стаялі пад канапаю).— Да мяне? Э-эх!..— Смачна пазяхнуў, развёў рукамі, яшчэ болей вылузнуўшы жывот.— Што хочам? Смялей, смялей, салдат!..»

Міша зняцяйкі ажно здрыгануўся, пачуўшы «салдат». Старшыня быццам ведаў, хто перад ім, і пасміхаўся; і Міша зразу адчуў, як на лбе пачалі вырастаць рожкі, гатовыя даць бой самаму агрэсіўнаму праціўніку. Але наяршыўся ён дарма: старшыня — новы чалавек — не ведаў зусім Мішы і чаго ён прыйшоў, проста ў яго была прывычка ўсіх маладых хлопцаў называць салдатамі. Міша гэта хутка зразумеў. Старшыня падаў яму пухлую руку: «Ягорыч»; пасадзіў каля стала на крэсла і распытаў, хто ды што; абрадаваўся, пачуўшы ад Мішы, што ён, Міша, сын Грышкі Пруцікава. «Пра вас тут легенды ходзяць»,— засмяяўся Ягорыч, але не з’едліва, а так, быццам ставіў бацьку і сына ў рад калі не герояў, то людзей, цікавасць да якіх вырасла не на голым месцы. Ягорыч Мішу спадабаўся, у ягоных вачах была мяккасць, паблажлівасць, а ў тонкіх вуснах, якія час ад часу ўпарта, аж бялелі, падціналіся, не было і макулінкі наўмыснай начальніцкай непрыступнасці. Ягорыч, мабыць, з учарашняга не галіўся, і па ўсім падбароддзі ў яго бліскала, бы металёвыя апілкі, шчаціна.

«Рэсурсы нам патрэбны, салдат! — з нейкаю летуценнаю адлучанасцю прамовіў Ягорыч, гледзячы ў акно.— Цяпер во так! — шарахнуў далонню па таўстой у белых палосках (незагарэла скура) шыі.— Жыта трэба ўхапіць, пакуль дажджы не хлынулі. Бульба сёлета будзе — закачайся!..— Летуценнасць не сыходзіла з Ягорычавага твару, і Мішу трохі прыкра стала, што гэты занядбаны здаравяк мае такую слабую, бабскую душу.— Не тое што ў бацькі твайго — грыбы...— Глянуў на Мішу, ці зачапіў за жывое, і доўга смяяўся: у яго былі жоўтыя моцныя зубы.— Можа, ад восені пойдуць, а цяпер няма.— Голас у Ягорыча дзіўна мяняўся: з вясёлага, як быццам бесклапотнага, рэзка пераходзіў на дзелавы і сур’ёзны.— Стаіць яго апаратура нядзвіжыма...»

Міша ведае, і бацька яму скардзіўся, што агрэгат пакуль толкам не прыдаўся: у яго, каб запусціць, трэба шмат грыбоў засыпаць, а ўхаластую ганяць мала выгады, і псуецца апарат хутка. Во і стаіць, асуджаны, пад паветкаю, акурат грыб раскіслы пад елкаю. Такімі, бачыў Міша, малююць у «Вожыку» закінутыя гультаямі камбайны, сеялкі-веялкі.

«Грыбы грыбамі,— Ягорыч адсунуў ад сябе папку з паперамі, узяўся абедзвюма рукамі за край стала, акурат збіраўся выступаць.— Як кажуць у народзе: калі добры кусман хлеба, дык і грыб патрэба. Нам хлеб... хлеб найперш патрэбен! — Ягорыч сціснуў свой вялікі цёмны, бы чыгун, кулак і варсануў ім у паветра, быццам адным штыхам хацеў расправіцца, струшчыць усё, што замінала яго расціць. Вочкі яго ў друзлых складках скуры глядзелі порстка і з незразумелым Мішу адчаем.— Свой! Каб ні ў якой заморскай сволачы не прасіць, не клянчыць. А то бачыш, салдат, чуць што: яны — эмбарга. У-ух! — Ягорыч зноў варсануў у паветра кулаком, і на няголеных шчоках у яго падняліся тугія хвалькі.— Во і ў нас перабоі ў магазіне з хлебам, хаця тут... абібокі!»