Міша глядзеў на Ягорыча не то са здзіўленнем, не то з захапленнем, за якое было не тое што сорамна, а проста няёмка — не за сябе, якраз за Ягорыча, узбуджанасць якога межавала болей з дзіцячым капрызам, чымся з непасрэднасцю дарослага чалавека. «Ладна! — Міша раптам адчуў сябе зусім вольна з Ягорычам, якога бачыў першы раз, і нават дазволіў сабе стукнуць кулаком па краі стала, каб лепш паказаць сваю рашучасць.— Так і быць! Давайце трактар, буду ўціраць заморскай сволачы нос».
Ягорыч тузануўся ад смеху, аж закалыхаўся, задрыжаў жывот; ціхенька сам сабе пасмяяўся, пакруціў галавою, як бы ўзважваючы кожнае слова; валасы разбэрсаліся, апалі каля вушэй, і на цемі агалілася гладкая бліскучая і жоўтая, як блін, лысіна. «Э, не-е, салдат!.. Трактара я табе не дам».— «Не разумею»,— Міша адчуў, як на лбе ў яго зноў засвярбела: мабыць, пачалі адрастаць рожкі. «Зразу я табе, Пруцікаў, трактар не даверу,— голас у Ягорыча стаў сур’ёзным, ні макулінкі смеху; пухліны павек з ружовымі плямкамі амаль закрылі вочы, толькі падрыгвалі вейкі, быццам нехта раз-пораз паколваў Ягорычу ў спіну іголкаю.— Пабудзь пакуль якім змазчыкам-прывязчыкам, а там будзе відаць, салдат. Трэба зарэкамендаваць сябе».
Міша з’едліва хмыкнуў, думаючы з адчаем, які неймавернаю воляю яму ўдавалася скручваць, што ўсе чамусьці заганяюць яго ў самы зад, тупік, каб адтуль ён выкараскваўся, выграбаўся, як з нары, ды яшчэ па карку атрымліваў. А ў яго змалку дзікі страх перад цеснатою: здаецца, загані ў яе, і ён звар’яцее. Не, каб зразу як чалавека ўважыць, даць яму тое, што душа просіць. Мішу, канечне, падводзіла яго максімалісцкая логіка; ён не хацеў разумець простага жыццёвага правіла — што павага ад людзей, «чэсць і хвала» не даюцца, а заслугоўваюцца. Яму здавалася, што ён можа ўсё, што ён ледзь не пуп зямлі. А які ён пуп, калі нават пупавіну ад зямлі адрэзаў. Але гэтае самаўзвышэнне, якім бы голасам яно ні вымаўлялася, было пустым гукам для астатніх; яно не толькі не падвышала Мішаў аўтарытэт, а наўпярок, падмывала і той, які ў яго быў ад роду (калі ён увогуле быў). Міша гэта зразу адчуў, яго выхадкі, асабліва апошні год, пасеялі ў людзях недавер — малінаўцы ніколі не зводзілі чалавека на нішто.
«Гляджу,— Міша сказаў з прыкраю дрыготкаю ў голасе,— я ўсім вам косткаю ў горле стаў».— «Не ведаю, як усім, а я не хачу ў свой гарод казла пускаць. Казёл капустку любіць: хрумсь-хрумсь»,— Ягорыч засмяяўся, і Міша ўжо не мог трываць. «Ды пайшлі вы ўсе!..» — Міша рэзка ўстаў з-за стала, можа, з хвіліну пастаяў, перабіраючы пальцамі, уздыхнуў і рвануўся на выхад. Калі б Ягорыч не сказаў яму ўслед некалькі слоў, то, факт, Мішу ён бы ў вочы болей не ўбачыў. Але Ягорыч, хоць і чалавек малады яшчэ, але воўк біты, шмат перажыў і шмат пабачыў, нават смерці цэлыя сем гадзін у вочы глядзеў і людзей разумець навучыўся. Ён пэўна не мог сказаць: ці гэта была набытая якасць, ці то ад матухны-прыроды ўзяў ён уменне разумець чалавечую псіхалогію. Іменна гэтае разуменне прымусіла яго забыцца не толькі на амбіцыю начальніка, але і на ўласны гонар саліднага (у параўнанні з Мішам) чалавека і падштурхнула «выстраліць» услед Мішу тыя некалькі слоў: «Падумай толькі, салдат! Не спяшайся. Заўтра-паслязаўтра падумай, і тады мне скажаш». І — пацэліў акурат: Мішу не магло не кальнуць, што сам старшыня не стаў у позу і не махнуў на яго рукою, а як бы нават унізіўся, ці што, пашкадаваў, што не ўдалося ўгаварыць яго, Мішу.
Мабыць, у гэтай слоўнай пачцівасці да Ягорыча чытача зацікавіў найболей штрых: Ягорыч «смерці цэлыя сем гадзін у вочы глядзеў». У вайну Ягорыч быў зусім малое дзіця, мала што помніць. Смерць прыйшла па яго ў мірны час, замахнулася касою над ім, калі краскі яго жыцця былі, як кажуць, у самым цвеце. На марфлоце ён служыў, і аднаго дня (яны выйшлі на заданне) развар’яваўся шторм на дзесяць балаў, і іх вартавы катэр перакуліўся. Ягорыч, тады проста Павел-Паша-Паха, аж сем гадзін прабоўтаўся ў марской вадзе на абломку мачты, пакуль яго, амаль бясцямнага, падабрала выратавальнае судна. Перажытае з ўсёю бязлітаснасцю прайшлося па яго маладым і дужым паляшуцкім арганізме: з галавы пасыпаліся касмыллём валасы, цукровы дыябет пачаў наліваць цела вадою, а надзей на сям’ю і цікавасці да жанчын не засталося аніякіх. І толькі да сэрца, здаецца, ледзяная вада не дабралася, яно не заскарузла ў адчайнай самоце і зняверанасці, жыло па законах дабра і справядлівасці, як на вадзе, так і на сушы шукала выйсця да шчырасці.
Тры гады магнітафона ніхто не ўключаў, прастаяў нерухома. Тады, як ішоў на службу, Міша запакаваў яго ў кардонную скрыню і паставіў на шафу. І маці сказала: «Няхай цябе чакае, чапаць не будзем». І да магнітафона ніхто не дакранаўся пальцам: скрыня ўрасла ў газеты, часопісы, якія закідвалі таксама на шафу. Цяпер, калі вярнуўся засмучаны ад старшыні, Міша ўспомніў пра магнітафон. Зняў яго з шафы. Распакаваў скрыню: магнітафон быў як новенькі, на панелі аніводнай пылінкі. І касеты былі цэлыя, ляжалі ёмкія, як абоймы, у поліэтыленавым пакеце. Міша не забыў, што на якой запісана. Захапленне замежнымі ансамблямі, якое спярша асляпляла, дурманіла, даводзіла да шалу, здаецца, прайшло, абрыдлі ўсе гэтыя «лэд зэпеліны», «пінк флойды», «бі джысы»... Ападаюць пялёсткі, і застаецца насенне — аснова ўсяго. Так і ў захапленнях.