Выпалілі лазню, памыліся. Селі вячэраць. Здаецца, такой паразумеласці, лагоды, адкрытых размоў у сям’і Пруцікаў даўно не было: быццам Міша тармазіў усё добрае, а цяпер, згадзіўшыся ісці ў калгас, даў яму волю вольную. На каленях у Грышкі скруціўся кот, ціха вёў курну.
Назаўтра ўранні Міша зноў пайшоў да Ягорыча. Ягорыч быў як сонны, вочы стаялі нерухома. Але сустрэў Мішу з радасцю, пасадзіў за стол, на якім ляжаў аркушык напалову спісанай паперы і стаяў у літровым слоіку букет ліловых астраў. Не даслухаўшы Мішу, Ягорыч падхапіўся і сціснуў руку: «Во гэта голас! Гэта бравы салдат!.. Герой!» Падышоў да шафкі, адсунуў шкло, узяў некалькі кніжак і даў Мішу. Бліснуў чырвонымі, стомленымі вачыма: «Хоць цябе і вучылі ў школе, на, асвяжы ў памяці. Тэхніка, як і чалавек, таксама развіваецца. Праўда, га? — Ягорыч узяў Мішу за плечы і страсянуў: — Памром, а хлеба дадзім!»
Міша зняцяйкі пачырванеў, як школьнік, заціснуў пад пахаю кнігі і выйшаў. А Ягорыч зняў туфлі і лёг на канапу. Да нарады яшчэ дваццаць мінут, і можна перакімарыць.
* * *
...Круціўся барабан і, распалены, здаецца, наматваў на сябе паветра, з натугаю гудзелі электрамахавікі прэса. Міша ўжо абгледзеў увесь агрэгат: шустры, як вавёрка, ён колісь гойсаў-лазіў па дрэвах, пароў сарачыныя гнёзды, а цяпер, з манціроўкаю, ключамі ў кішэні, скакаў са шнэка на транспарцёр, з помпы на драбілку. Жанчыны, што стаялі ўнізе, ківалі галовамі, ушчувалі Лісаветку: «Супакой ты сына!..»
Неба над полем, дзе расла цімафееўка, было сіняе, ледзь прымглёнае малочнаю бледнасцю над алешнікам; там траскатала касілка і раўлі трактары. Ад гэтай траскатні і натужнага гуду барабана звінела ў галаве — з непрывычкі. Міша нічога не чуў, толькі бачыў, як разяўляюць рот жанчыны, як маці ўстрывожана косіцца на яго. Міша падміргнуў ёй; ён сядзіць на мосціку каля дэзатара і адвёрткаю рэгулюе язычок зашчэпкі — сапсаваўся і адскоквае. Міша яго адхіляе ўверх, а ён шчоўк уніз, як той жук-дрывасек, калі пакладзеш яго на спіну. Міша вывінціў шурупчыкі, зверху і знізу: так і ёсць, злізалася пласцінка — на сярэдзіне бліскучая выемка. Міша выграб з кішэні вінцікі-шпунцікі; знайшоў запасную пласцінку, новую, сіняватую, яшчэ літаркі на ёй відаць, уставіў на месца старой; завінціў шурупчыкі; клац уверх — язычок і застаўся тырчаць.
Пад’ехаў на трактары Ляксей Чубатчышын, махнуў Мішу рукою — каб злазіў. Міша саскочыў на зямлю. Яна дрыжыць пад нагамі, быццам Міша стаіць на грохаце веялкі і хоча прасеяць, вытрасці з сябе ўсе свае дурасці. Каля бетонкі трава вялая, жоўта-рыжая: яе падсмаліў барабан,— а далей, дзе не вытаптана, зялёная, але сухая, як з паперы. Ляксей матора не заглушаў, і трава гнецца, белая, як прылізваецца ўсё роўна каровіным языком.
Ляксей чакае, пакуль жанчыны ўскінуць на транспарцёр рэшткі травы, што засталася з мінулага разу; ён адвёў Мішу далёка ўбок, і яны закурылі. Твар у Мішы чырвоны, аж гарыць, вышэй брыва блішчыць плямка салідолу, абрысамі падобная на белае, празрыстае воблака, што павісла ў іх над галавою. «Ну як? — пытае Ляксей і хітра жмурыць вочы.— Не шкадуеш, што пайшоў?» — «Ды ты што?» — з Ляксеем усе былі на «ты»: мабыць, з жартаўнікамі заўсёды проста. «Не думаеш: дзесяць, дзевяць, восем, сем... пяць... два, адзін — і ў кусты?» — «Не. Цвёрда, не. Падабаецца мне. Столькі новага. Мудроная машына»,— Міша з нейкаю апраметнаю зачараванасцю, якую нельга было схаваць у душы, павярнуўся да агрэгата: жалезная махіна, напружваючы жалезныя мускулы, стагнала, гула, жэрла свежую, яшчэ расяную, траву, высушвала яе ў гарачым нутры-страўніку, здрабняла і перацірала на муку; каля адборшчыка стаяла маці з дзвюма жанчынамі; яны падстаўлялі рудыя хрусткія папяровыя мяшкі, у якія сыпаліся цвёрдыя, тугія, як боб, «патрончыкі» — гранулы; мяшкі завязвалі белым бліскучым шпагатам і адносілі ўбок. Мяшкі і сам агрэгат дыхалі цяплом, у холад на іх можна было грэцца, як на печы.
Ляксей кінуў на зямлю недакурак, плюнуў на яго. «Разатры, так не пайдзёць»,— са смяшком сказаў Міша. Ляксей пакруціўся абцасам на недакурку, ляпнуў Мішу па плячы і пайшоў да трактара. Даў задні ход, вывернуў пярэднія колы трактара і падагнаў прычэп пад самы транспарцёр; прычэп стаў павольна хіліцца набок. І зноў, але ўжо на кароценькае-кароценькае імгненне, Мішаву душу абкруціла маркота, блізкая да той, што ціснула тады, як ехалі на пілараму.
Яду Міша браў з сабою; перакусіў што дый, пакуль агрэгат выключаны стаіць, агледзеў яго «суставы», як Міша называе ўсякія каробкі і вузлы; дзе скрыпіць, хрыпіць ды кашляе — масліца, салідольчыку пульсануў. Стамляўся. Увечары гулі рукі-ногі, галава; спаў як забіты, але сны ўсё роўна сніліся, адзін сон — увесь час: нібыта ён, Міша, ляціць на парашуце, дзьме вецер і хітае парашут. Міша глядзіць уверх, а над ім не купал парашута, а верхавіна ліпы, тоненькая, во-во зломіцца, і Міша грымнецца разам з ёю на зямлю... З той пары, як хацеў кінуцца з рыштаванняў, яму надакучае адзін і той жа сон. Раніцаю не мог разляпіць вачэй, але перасільваў сябе, адганяў млявасць, бо, пакуль прыйдуць жанчыны, яму трэба наладзіць, настроіць агрэгат, уверыцца, што спраўна-ўпраўна ўсё. Міша нават злаваў на сябе за сваю зацятасць, бо ўвесь час асуджаў яе ў бацьку. Што бацька... У яго грыбаварня, каля яе з заплюшчанымі вачыма хадзіць можна. Потайкі Міша пасміхаўся з бацькі: скажы таму, што яго «машына-цуд» прымітыў, злаваць пачне, мацюка краянуць можа. Але і радасці было, што нарэшце ён узяў верх над бацькам.