Гравійка, што дэушнікі пачалі насыпаць з боку шашы, кончылася, ногі ступілі на пясок.
«Во бачыш, дзікі прабеглі»,— паказаў трохі спагадзя Грышка сляды на пяску. «Многа дзікоў?» — спытаў Міша, прыпыняючыся і разглядаючы сляды дзікоў. «Хапае. Хоць і б’юць іх. Нават мы з маткаю ўзімку папробвалі дзічыны. Смачная, ліха яе! Толькі для маіх зубоў цвердаватая».— «А дзе ўзялі? Ці ты ўжо браканьерам стаў?» — усміхнуўся Міша. «Ды не! У глінішча забухаўся і звіхнуў сабе пазванок. Занесла яміну снегам, а яны ішлі цераз поле калгасны сад шарудзіць, і адзін падсвінак... Дзеці ў шышкі хадзілі і агледзелі. Сабраліся мужчыны — Ляксей Чубатчышын, я... Выцягнулі на вяроўках. Пазванілі ў міліцыю, там спыталі, ці вялікі, і кажуць, іспользуйця самі. Во што...»
Абмінулі магільнік; засталіся ззаду канчанскія хаты. Міша баяўся глянуць на вокны: з кожнага, здавалася, за ім сочаць позіркі — і цікаўныя, і дакорлівыя адначасна. Што скажаш, не са славаю вяртаецца ў родную хату, а з няславаю, якую людзі заўсягды асуджалі. Думаў ён, як шмат перадумаў за апошні год, звіхнуцца можна.
Грэблі новай Міша не бачыў: яна была цяпер высокая, роўная, чыстая, як бубен; абапал не стаялі, як раней улетку, зялёныя тугія лужыны, вада мела прамы ход у балотца праз бетонную трубу.
Ад хаты сваёй, якая адкрылася вачам зразу, калі павярнулі на грэблю, разанула незнаёмаю сонечнай светласцю. Ажно разгубіўся Міша: «Што такое?..» Ды тут жа ўсё разгадаў: на гародзе, пад ліпамі, у лісце якіх ужо густа ўплялася жаўцізна, стаяў высокі новы зруб, ён свяціўся, блішчаў, бы велікоднае яйка; а кроквы, з прыбітым на іх жардзём, вельмі ўжо нагадвалі хоць і старэчую, шчарбатую, але вясёлую, прыветлівую ўсмешку.
Грышка пераняў сынаў позірк, сказаў дужым голасам, проці якога не запярэчыць нават сам бог: «Да восені накрыць і зафрантоніць трэба. Шыферу сабес выпісаў...»
Старая хата побач з новым зрубам таксама журыцца не хацела: Грышка падмаладзіў яе, прыбіў новыя разьбяныя ліштвы, якія сам выпілаваў, пафарбаваў у белы колер; паднавіў франтон; ашаляваў вуглы; палісаднік абгарадзіў штыкетнікам, у шчыліны якога павыткнуліся жоўтыя галоўкі вяргіняў, сагнуліся, як у паклоне.
Тры гады Міша не быў дома. Цэлы свет змяніўся за гэты час. Толькі маці і бацька, здаецца, ранейшыя, можа, трохі паспакайнелі і вочы як быццам не такія вясёлыя і бойкія.
У дзірцы каля вушака Лісаветка ўзяла ключ, адамкнула дзверы. У сенцах на запыленым акне зашумелі мухі. «А каб вас пранцы!..— махнула Лісаветка дзвюма рукамі.— Толечкі ж труціла. Халеру нічым не вытруціш».
У хаце было змрачнавата: пад вокнамі ў палісадніку стаялі ядраныя кусты бэзу — разрасліся. Мішу зразу як бы скавала цесната хаты, так і глядзі, плячом разваліш вугал печы ці зрушыш нагою стол.
«Есці будзеш?» — спытала Лісаветка ў Мішы, адно дзеля таго каб папярэдзіць, што яна пойдзе на кухню і будзе накрываць стол. «Канечне, будзе!» — сказаў Грышка не то з радасцю, не то злуючыся на жонку за бязглуздае пытанне, а то і зусім, мабыць, з ліслівым жаданнем дагадзіць сыну.
Міша сеў за стол у чыстай палове хаты; перакідваў з месца на месца газеты, разгортваў, пустым позіркам вадзіў па старонках. Грышка павесіў на ласіны рог картуз, прычасаўся перад трумо; уздыхнуў, сеў на крэсла да стала, выпрастаў ногі і затрос імі — так заўсягды рабіў, калі хваляваўся ды збіраўся сказаць нешта важнае, можа, нават непрыемнае сумоўніку і доўга выбіраў словы, з якіх пачаць.
Міша сабраў газеты ў стос, памацаў кішэні штаноў і папрасіў попелку. Грышка схадзіў у веранду і прынёс літую медную талерачку з выпуклым дзіком на дне, яе ўважылі Грышку на дзень ангела яшчэ ў «Сельгастэхніцы», сам над ёю дыміў калі, а часцей ставіў гасцям. Міша вытрас з пачкі дзве папяросіны, Грышка ўзяў адну і стаў церушыць яе, адчуваючы, што пальцы яго нягнуткія, як бы драўляныя: нервы, нервачкі здаюць...
Сын і бацька прыкурылі ад адной запалкі. І раптам пасля першай глыбокай зацяжкі, як бывала ў маладосці пасля першай чаркі, ад Грышкі адкацілася здранцвеласць, і радасць ад сустрэчы з сынам дала нарэшце сабе волю, акурат увайшла з вуліцы разам з сонцам, што павярнула на акно і рассеяла змрок хаты і няпэўнасць між дзвюма блізкімі душамі.
«Бачыў, адгрукаў даміну?» — «З кім рубіў?» — стрымана спытаў Міша: яму было, канечне, усё роўна — з кім, але не хацеў крыўдзіць бацьку няўвагаю і на яго словы адказваць зняважлівым маўчаннем. «То з Ляксеем тым жа, то сам болей цюкаў. Я тады неўзабаве як ад цябе прыехаў і ўзяўся. Ета такое дзела, што чалавеку заўсягды трэба свой куток мець. Цяпер многія хлопцы дык харошыя кватэры ў райцэнтры папалучалі. А Валодзька Шапялёў, той у Мінску, хваліўся, кватэру палучыў...» — «Як ён там?» — раптам ні з таго ні з сяго пацікавіўся Міша. «Ат! — сказаў Грышка чамусьці з нутраною радасцю.— Мабыць, не вельмі яму тама... Нешта ён ні рыба ні мяса, як я паглядзеў... Тлее, бы кнот».