Агрэгат быў спавіты полымем з аднаго краю; з трубы дымасоса вырываўся то белы, то цёмна-сіні дым. Мітусіліся бабы, крычалі, галасілі, як здурнелыя. Воддаль стаяў трактар з нагружаным прычэпам. Агонь быў чырвоны, а твар у Мішы белы, вочы цёмныя, шырока адкрытыя, як не вылузнуцца з-пад ілба, бы тыя спелыя арэхі з чашачак. Міша, з вогнетушыльнікам у руках, гробся па лесвіцы да барабана. Стаў, раскірэчыўшы ногі, і з вогнетушыльніка, як з аўтамата, белаю спіцаю свістануў у полымя струмень. Заклубілася белая пара, ахутала Мішу, як воўнаю. Полымя не спадала, ірвалася, аж бялела, да Мішы — акурат на яго дзьмуў вецер. Ліць на барабан нельга — ашпарыць параю. Прыгнуўся, стаў падбіваць полымя знізу, адсякаць яго ад трансфарматара.
Прыляцеў на «уазіку» Ягорыч: Ляксей збегаў на ферму ў чырвоны куток, пазваніў у кантору.
«Склады!.. Склады засланяйце!..» — крычаў ён, разводзячы шырока рукі, як займаў усё роўна бычка ў загоне.
Ад фермы беглі даяркі — былі на дзённай дойцы, неслі вёдры, бліскучыя бітоны з вадою.
Міша нічога не чуў і не бачыў: полымя трашчала і гуло, як з фарсункі, пякло рукі і твар, сцягвала скуру, як сшывала іголкаю; і мазгі прапякала, пранізвала адна думка: не даць усхліпнуцца паліўнаму баку. Інакш усё. Канец. Перарваўся струмень у вогнетушыльніку, зашыпелі сінія пырскі. «Амбец!..» — скрыпнуў Міша зубамі і з ярасцю трасянуў вогнетушыльнік: зноў захлястаў струмень.
«Ваду, ваду сюды!..» — Грышка, засланяючыся рукою, стаяў унізе, гатовы ў кожнае імгненне падскочыць і сцягнуць за калышыну сына. Хапіў з рук даяркі вядро і шухнуў яго ўверх, на полымя; другое вядро плескануў на Мішу. Міша аблізнуў вусны. Чырвоны, бы той распалены снарад над акопамі на Вісле, што апёк Грышку грудзі, праляцеў над галавою вогнетушыльнік, і Грышка сцяўся ажно, затуліў далонямі вочы і не бачыў, як вогнетушыльнік пузырыўся на траве белаю пенаю, як храпа ў Белазорага на Глубцы.
«На Мішу, на Мішу ліце!» — крычаў Грышка як звар’яцелы. Міша скінуў з сябе пінжак, махаў ім — збіваў полымя. Прамаслены пінжак зразу зацьмеўся, потым усхліпнуў агнём — сіненькім, празрыстым, як над сухім спіртам. Пот выступіў на твары ў Мішы і вобміг выпарыўся, зашэрхла скура. Міша скочыў, зачапіўся рукамі за востры край транспарцёра. Вісеў, дрыгаючы нагамі, як над безданню,— лопалася на пальцах скура і агаляліся белыя, бы шпагат, сухажыліны.
І раптам па вачах драпнулі вострыя кіпці, услед сыпнула жоўтымі апілкамі, з-пад якіх разляцеліся ва ўсе бакі рудыя куры і чырвоныя пеўні, зрабіліся маленькія і чорныя, бы ластаўкі: разарвала цеплагенератар, і на Мішу хлестанулі вогненныя стужкі бензіну, спавілі па твары, руках і нагах. Міша скаціўся на зямлю, закрычаў як рэзаны. Грышка разгубіўся, а потым упаў на сына, абламваючы аб бетонку ногці, драў і гарнуў пясок. Ляксей выліў на іх вядро вады, хрыпеў: «Дзесяць... сем... пяць... адзін...» З Грышкі ішла пара, а з Мішы — дым; твар у Мішы быў чорны як вугаль, адзенне тлела — Міша стагнаў, курчыўся, як бяроста на агні. Збялелая, упала, не дабегшы да іх, Лісаветка, і бабы лілі ваду ўжо на яе.
Раўла сірэнаю, імчала ад шашы чырвоная, бы груда цэглы, пажарная машына, і белы пыл за ёю падымаўся дугою высока, як дым, асядаў на сосны на магільніку, бяліў вярхушкі.
«Ура-а-а!!!» — як ідыёт, закрычаў Ягорыч; ён стаяў, як і раней, распасцёршы рукі, між агрэгатам і складамі, быццам хацеў пераступіць дарогу полымю.
Пажарныя брандспойты ўдарылі з шалёнаю, цвёрдаю сілаю — чорны дым адарваўся ад агрэгата і паплыў у бок фермы; з агрэгата паваліла густая белая, як пыл, пара.
Падляцела лёгкая, бы чаіца, «хуткая дапамога» — заскрыпелі тармазы. Мішу паклалі на насілкі, аднеслі ў машыну, і «хуткая», бліскаючы сіняю мігалкаю, ірванула з месца. Засталася маладзенькая дзяўчына ў белым халаце і блакітных туфлях-лодачках, мабыць, медсястра; прысела каля Лісаветкі, дрыготкімі рукамі ўстаўляла іголку ў шпрыц. Лісаветка хрыпела, і сінія, мала не чорныя вусны яе дрыжалі. Грышка стаяў над ёю знямелы і аглушаны. Неяк па-жаночы захліпіста войкаў Ягорыч: можа, і яго лізнула полымя, а можа, і так чаго.
Калі трохі суматоха апала, прыехалі на матацыкле Васіль Муранкоў і лейтэнант у ваеннай форме, інспектар Дзяржпажнагляду Самусеў — невысокі таўсты бялявы, бы колас, дзяцюк. Твар у Васіля быў строгі, бровы аселі на вочы. Ён кіўком пальца падазваў да сябе Ляксея, нешта ў яго спытаў; Ляксей закруціў галавою. Потым яны ўдвух пайшлі да трактара.
«Іскрагасільнік стаіць,— сказаў Васіль Самусеву, вярнуўшыся.— Ану дыхні!» —Васіль нахіліўся да Ляксея. «Ды ён не п’е ў нас!» — сказаў Ягорыч і са злосцю штурхануў Васіля. «Ведаю, але закон, закон, Ягорыч! Для акта...— І панюхаў у Ляксея каля рота. Убачыў згорбленага Грышку, падышоў.— Міша моцна абгарэў? Вечна ён улезе! — З надрыўным адчаем выдыхнуў Васіль, падбадзёрыў Грышку: — Не паражывайце, дзядзька, усё будзе добра».