Выбрать главу

Дзьмуў вецер, гарнуў ёй пад ногі лісце — барвовае і жоўтае; ад слабасці і мільгання ў вачах у Ліды закружылася галава, і перад вачыма зноў, як і тады, у першы дзень, калі прывезлі абгарэлага Мішу, заскакала полымя, абдало цяплом. Ліда спынілася і заплюшчыла вочы: такое адчуванне, што зыбаецца зямля і ты, як на палубе, разам з ёю, з дрэвамі і травою, дамамі і бальніцаю... «Міша!..» — здаецца, крыкнула ўсё ў ёй, і крыкнула ўся зямля, і з высокіх таполяў узнялася чарада галак і рассыпалася ў паветры...

Якраз у гэты час да хаты Грышкі Пруцікава падкаціў на «уазіку» старшыня калгаса Ягорыч. Вылез і чамусьці доўга стаяў каля «уазіка», атрэпваў са штаноў і плашча пыл, запляміўся слядамі сваіх рук. Потым шырокім крокам пасігаў у двор. У сенцах дзверы адчыніў без стуку, а ў хатнія пастукаў. Пачуў з хаты: «Можна!»

За сталом сядзеў Грышка і чытаў газету. На носе ў яго віселі акуляры. Убачыўшы Ягорыча, Грышка падняў іх на лоб, яны спаўзлі, і ён падняў іх зноў.

«Добры дзень, Мацвеевіч!»

Грышка ўстаў, паціснуў Ягорычу руку.

«Усё-такі не выдзяржаў я, Мацвеевіч...» — «Што такое?» — «А-ах! — секануў рукою паветра старшыня.— Душа баліць... Я вінаваты, што сын твой у бяду папаў... Як ён там, салдат?» — «Ды папраўляецца ўжо, бінты здымаюць яму...» — «Чорт! — вылаяўся Ягорыч.— Даў бы яму трактар тады, і не было б нічога...» — «Не перажывай, Ягорыч... На трактары саўсім, можа б, галаву скруціў. Гарачы ён у мяне, круці не круці, во што...» — «Не-не, ты ўжо даруй мне, Мацвеевіч. А пасля і перад Мішам павінюся. І ў пажары ён не вінаваты — разабраліся... Неаднародная па вільготнасці трава. Ён тут ні пры чым. Во явіцца, змаху даю машыну. Рэсурс!»

Мяккі халадок расплыўся па Грышкавых грудзях, Грышка не мог схаваць радасці, заварушыўся, як стары верабей на цёплым сонцы. Што ні кажы, а чалавек гэты Ягорыч. Носіцца як чорт па палях, вёсках, «рэсурсы» ўсё шукае. А сябе зусім не глядзіць, занядбаў, можна сказаць, і асабняка не будуе, як тыя, што да яго былі, сталуецца ў старой Даркі. Можа, і дарма ён так ірвецца, бач, нават жонкі знайсці сабе не можа, а ў гадах ужо. І кашулі няма каму памыць, не паесць толкам. Тож не жыццё... Ківаў галавою не толькі Грышка, здзіўляліся і людзі новаму старшыні, каторыя нават асуджалі — опусцень, пусташтанік, гаварылі. Грышка не згаджаўся з імі: за сабою, сваёй мордаю і дурань глядзець зможа, а за калгаснае, усіхнае, так сказаць... На гэта совісць трэба, з малых гадоў каб чалавеку ўбівалі ў галаву, што ад мазаля ўсё дабро на свеце, ды яшчэ ад справядлівасці.

Не ведаў, канечне, Грышка, як і ніхто пакуль у Малінаўцы не ведаў пра Ягорыча. А быў ён родам з-пад Брэста, з цягавітай сялянскай сям’і. Да вайны — голад, які загнаў бацьку ў Сібір на заработкі, пасля вайны таксама галадуха, якая звяла малодшую сястру ў магілу. Бацька быў у палоне, гэта азмрочыла яму пасляваеннае жыццё — сталінскі загад пад нумарам 270 аб’яўляў палонных здраднікамі: яго не прынялі ў партыю, знялі з брыгадзіраў; ён запіў і без пары памёр. Засталося ў маці чэцвера дзяцей-малалетак. І Ягорыч (тады проста Пашка) пасля сямі класаў пайшоў у калгас. З сумнага на радаснае мала што мянялася, затое часта мянялася дзяржальна ў руках: каса, вілы, сякера, лапата... А потым пайшоў служыць — на флот. Камандаванне закідала маці граматамі і падзякамі, «за воспитание сына». І, можа, далей жыццё выруліла б на светлую дарогу, каб не той трагічны выпадак у моры... У вёску да маці не вярнуўся, паехаў з сябрам па службе на Магілёўшчыну. Працаваў кінамеханікам, круціў па вёсках кіно — пра каханне і пра шпіёнаў, дзе таксама былі любоўныя сцэны. Пакутліва было пераносіць штодзённы напамін пра сваю далікатную загану — кінуў кіноўства і ўладкаваўся на аўтабазу слесарам. Вечары былі вольныя, чытаў без разбору кнігі, заглушаў глыбокую, як мора, тугу. І менавіта ад яе, тугі, ратуючыся, паступіў завочна ў Горацкую сельгасакадэмію.

Дык вось Грышка пра гэта не ведаў, але ўсё роўна павага да Ягорыча зарадзілася неяк адразу, і з кожнаю сустрэчаю яна расла, як бурт з бульбаю, да якога адна за адною падыходзяць капальніцы. І цяпер Грышку, расчуленаму прыходам старшыні, захацелася пагаварыць.

«Во, бачыш,— зашамацеў ён газетаю.— Усё пра той замах на папу рымскага пішуць... Калі-та, у маі ў яго стралялі? Ага, у маі летась... Дажыліся, сукіны дзеці!» —- «У мафіі нічога святога няма,— сказаў Ягорыч.— І на чорта замахнуцца... Палітыканства, бізнес! Пляваць на гуманізм! Мы косткаю ў горле, таму і замешваюць у гэта пакушэнне. Але нас не скрышыць, стаялі і будзем стаяць! Так, Мацвеевіч?» — Ягорыч разышоўся, аж твар пачырванеў. І ў Грышкі, які быў зачах, дух падняўся: «Малайцом Ягорыч!»