Лісаветка моцна стукнула весніцамі.
«Ну што?» — спытаў Грышка зразу. «Пісанне тваё!.. — сказала Лісаветка.— Хвіндос пад нос!» Грышка, з памярцвелым тварам, глядзеў на жонку. Яна не смяялася — знаць, нешта сур’ёзнае.
Лісаветка паставіла на ганак сумку. «Зачыніла Райка краму, кажа, пакуль нічога не будзе прадаваць...» — «Можа, куды спяшыць?» — Грышка не столькі жонцы, колькі сабе хацеў праясніць, у чым загваздка тут, чаму Райка ўзяла пад замок тавары. «Не, бытта... Сказалі ёй так, кажа...»
«Што за фокусы? — Грышка адчуваў, як цёплая хваля накочваецца на яго, грэе грудзі, спіну, шыецца да ног.— Няўжо намарозіў нешта?..»
Пакуль Грышка з Лісаветкаю стаялі на двары і турлычалі, што ды як, па вуліцы прамчаўся «казёл» і таксама завярнуў да магазіна. «Нешта заварушыліся!..» — першая, кароценькая, тоненькая, бы дроцік, радасная думка кальнула Грышку ў сэрца.
А каля магазіна тым часам разыгрывалася цэлая камедыя.
З «казла» вылез старшыня райпа Дуктаў (гэта Міротнікаў, яго намеснік, сядзеў у кабіне аўталаўкі і знарок прыкрыўся ад Грышкі шляпаю) і дзядзька з мятлою, падпяразаны белым фартухом, у кірзавых ботах. Дуктаў пайшоў у магазін, а дзядзька стаў падмятаць пляц каля магазіна: на траве валяліся цукерачныя абгорткі, трэскі, кавалкі цэглы, бітае шкло; за вуглом, дзе ляжала плазам старая шына з «беларуса», было густа насыпана белых, сініх і ружовых шляпачак з бутэлек. Дзядзька нагортваў кучу смецця і рукамі адносіў яго за магазін у яму, вакол якой сцяною стаяла піжма, свяціла ў неба жоўтым сонцам сваіх тугіх галовак.
А Дуктаў, зачыніўшыся ў магазіне на кручок, гаварыў Райцы, не саромеючыся раз-пораз дакранацца да яе круглага мяккага пляча: «Я пазваню табе і скажу, калі адчыняць магазін... А пакедава раскладзі ўсё па паліцы — хлеб, масла, каўбасу, скрыні з марожанай рыбаю пастаў збоку на прылавак...» Распарадзіўшыся, ён выйшаў з магазіна з крыху асалавелымі вачыма і лёгкаю чырванню на шчоках; выняў з кішэні флакончык адэкалону і непрыметна патрос ім каля ганка, кропля трапіла на шкельца з бутэлькі, заблішчала, як расінка. «Паехалі!» — гукнуў дзядзьку з мятлою. Шафёр не вылазіў з «уазіка», драмаў, адваліўшы галаву на спінку сядзення; з рота ў яго выцякала сліна і капала на руку, на гадзіннік. Дуктаў ледзьве растармасіў шафёра.
Грышка, каб неяк адагнаць, прыглушыць назойлівыя думкі, сабраўся сысці з двара, адкасіць сена трохі. Яны пайшлі з Лісаветкаю на балота: Грышка з касою на плячы і асялком у кішэні, Лісаветка ўзяла граблі і вяроўку. І калі б яны не пайшлі ў сена, то другі акт камедыі Грышка паглядзеў бы пэўна, а не ён, дык Лісаветка, якая расказаць магла б яшчэ цікавей, чымся было напраўду.
Недзе пасля абеду, калі Грышка, выкасіўшы некалькі лапікаў, сядзеў пад альховым кустом на купіне і дыміў папяросаю, а Лісаветка разбівала граблямі пакосы, па Малінаўцы разнёсся кліч: «Каўбасу і марожаную рыбу даюць!»
Магазіна было не пазнаць: чысціня і на прылаўках усяго поўна, аж гнуцца. Райка, падмаляваная, свеціцца ўся, бы навагодняя ёлка. Можа, чалавек пяць-шэсць адпусціла, і тыя, з цікаўнасці, яшчэ не адышліся, стаялі каля магазіна і, бы сарокі, сакаталі — «столькі ўсяго навезлі!» — калі падкаціў «казёл». Дуктаў першы выскачыў з яго, шырокім узмахам левай рукі (у правай была папка) паказаў на расчыненыя дзверы магазіна: «Калі ласка!» Людзі ў чарзе ўжо глядзелі не на прылаўкі, а на гасцей: на высокага чарнявага мужчыну ў акулярах і жанчыну ў светлым касцюме з дэпутацкім значком на борціку; райпоўца Дуктава яны ўсе ведалі і мала зважалі на яго.
«Вот, калі ласка, глядзіце!..» — Дуктаў распіхваў людзей, каб лепей было відаць, што на прылаўках. Мужчына пакруціў улева-ўправа галавою, жанчына спытала ў чаргі: «Ну як, жыхары Малінаўкі, вы задаволены сваім магазінам, таварамі ў ім?»
Людзі падумалі, што трэба скардзіцца на Райку, а яна запомніць, хто нагаворваў, тады не патыкайся да яе ў выхадны ці познім часам нешта пільнае купіць; прамаўчалі.
«Усё ясна,— сказаў мужчына ў акулярах.— Пляткар, склочнік напісаў. Няма чаго рабіць чалавеку!» — раззлаваўся ён, падштурхнуў пальцам акуляры, якія ўжо спаўзлі яму на дзюбачку тонкага, з сухою гарбінкаю носа. Дастаў з кішэні блакнот, нешта памеціў у ім. Дуктаў падсунуў яму стос папер на папцы, і мужчына пачаў распісвацца ў іх; потым аддаў ручку жанчыне, і яна распісалася на кожнай паперцы (гэта заняло ў яе хвілін пяць).