Выбрать главу

Міша смачна зацягнуўся, і Грышка ўбачыў, як каля вачэй у яго дробнымі маршчынкамі пасеклася скура, а ўжо праз імгненне адчуў, быццам кожная маршчынка, як той дроцік, стала калоць у сэрца: шчымлівы, нейкі пусты халадок запоўніў грудзі, і забалелі знутры вочы, акурат іх засыпаў пяском вецер.

Міша маўчаў. Бачыў Грышка, сыну ёсцека што сказаць, але, мабыць, не хоча пакуль выстаўляцца ці не мае жадання зноў «брацца за сваё», і гэтая кароткая стрыманасць як мёдам памазала Грышку на душы; гэта была новая ў сына струнка, якая прымусіла здрыгануцца зняверанае Грышкава сэрца, напоўніла яго хоць і маленькай, ды ўсё-такі надзеяй.

Кухню на лета абсталявалі там, дзе раней была кладоўка: Грышка прарэзаў у сцяне на гарод акно; паставілі газпліту, стол, мяшкі з мукою, бочкі, кадушку з салам, іншае лам’ё перанеслі ў адрынку, якую Грышка таксама падладзіў, замасціў, нарабіў у кутах паліц.

Міша сеў на крэсла, што стаяла каля балеі з вадою, апынуўся як бы ў нішы, якая халадзіла яму спіну. Ад пахаў, што падымаліся ад талерак і місак, у яго закружылася галава і падкаціўся пад грудзі даўкі камяк, ледзь пракаўтнуў сліну. Маці паставіла каля Мішы сподак і чарку. Палажыла на талерку бліны: Міша іх любіў змалку.

«Хлеба няма,— сказаў Грышка,— даўно не завозілі ў краму... Звонім-звонім — кажуць, неперспекціўная дзярэўня, Малінаўка ваша... Добра, хоць прыпынак зрабілі, а то раней не было — свішчы аўтобусу ўслед. Адмучыўся і я, калі ў горадзе рабіў... Але дос пра беды! — Грышка наліў у чаркі малінавай настойкі.— Ну, давайце за прыезд, за сустрэчу!..» — Грышка сказаў, аж прыкра стала, чуллівым голасам, які гатовы быў сарвацца на плач.

Міша адным рыўком кульнуў чарку ў рот, прытуліў да носа кулак, быццам не сабе, а каму чужому даваў панюхаць, які ён цяжкі і цвёрды і чым пахне. Але, мабыць, адсоваў кулакі — хопіць.

«Ды не крывіся ты! — пажартаваў Грышка.— Адны вітаміны!»

Міша трымаў у руцэ відэлец і не ведаў, у што яго ўдзяўбнуць. У вялікай белай талерцы ляжалі брусочкі кумпяка, звёнцы самаробнай каўбасы; у шкляным слоіку паблісквала тлушчам свіная тушонка. З паліванай глінянай міскі пнулі жоўтыя галоўкі марынаваныя барвічкі, наверсе плаваў алей з цёмным і даўгенькім, як чоўнік, лаўровым лістом. Міша быў пацягнуўся відэльцам да іх, але ўбачыў яшчэ талерку з салёнымі грыбамі і накалоў таўсты, круглы, як колца, груздзік. Груздзік захрумсцеў на зубах. «Смачныя! — пахваліў Міша грыбы.— Тваё старанне? — глянуў на бацьку, падчапіў яшчэ адзін груздзік, беленькі, чысты, атулены празрыстаю студзяністасцю.— Як сёлета грыбы?» — «Ды сёлета няўрод».— «Во летась было грыбоў дык грыбоў! — сказала Лісаветка; яна нароўні з мужчынамі выпіла, і вочы яе блішчалі не толькі ад радасці.— Бацька ў перадавікі выбіўся...» — «А кінь ты!» — Грышка незалюбіў, што Лісаветка рвецца выткнуць яго. Дурное дзела пахвала: нішто не псуе так чалавека, не завязвае яму вочы, як гэта «во ён», «во ён». Робіш — табе добра, і ўся пахвала.

Лісаветка асеклася, але па агеньчыках у вачах было відаць: яна край хоча пахваліцца, што Грышку «заснялі на самую вялікую Дошку».

Міша еў, аж нос угінаўся, на скронях варушыліся кароткія валасы і дробна, як сняжынкі, бліскалі. Грышка трохі ўкусіў і ўжо наеўся, нехаця, марудна жаваў кавалачак цвёрдае каўбасы. Гаворка разладзілася, вялася з тою несвабодаю і стрыманасцю, якія быццам і цікаўнасці не замінаюць, і дазваляюць апускаць непрыемныя падрабязнасці. І ўсё-ткі Лісаветцы цюкнула, што іменна цяпер, захмялелай, ёй самая латва сказаць Мішу пра Ленку; і яна не задумваючыся расказала, што Ленка нешта круціла-муціла там і замуж збіралася, а «палучыла хвіндос пад нос — панесла ад некага». Па гэтым «ад некага» Міша зразумеў, што сястра нагуляла дзіця, і аж зубамі скрыпнуў: чорт, няхай бы ўжо ён адзін быў такі нягеглы, а то і сястра ў гарачай вадзе купаная. І той жа, крыўдзіцель, шустрачок нейкі. Залавіў бы яго Міша ў лапы — запомніў бы навекі, круцель!

«А-а, як цяперашнія мужыкі — п’яніцы, дык хай лепш без яго,— сказала Лісаветка без ноткі журбы ў голасе.— Народзіцца, выгадуем. Прывязе нам...» — «Выгадуем-то выгадуем...— Грышка ўздыхнуў: слабы зусім стаў, ад настойкі ап’янеў, водзіць галаву, усяродку пячэ, быццам там агонь гарыць. Ён папрасіў у Лісаветкі чаго-небудзь кіслага. Яна падала кампоту.— Ну, а як жа ты, што думаеш рабіць?» — нарэшце спытаў, зачапіў набалелае Грышка, мляваю рукою ловячы на талерцы слізкі груздзік.