Усё-такі Любка пазнала Грышку, як ні круці, дужа доўга глядзела ўслед машыне, нават хустку расхінула: мабыць, хацела ўверыцца, ці стане машына каля Барысёнка.
Грышка Рэмідоўшчыну збольшага ведаў, а людзей, што ў ёй жылі, канечне, усіх не ведаў: ну, Любку само сабою, ды яшчэ чалавек шэсць-сем — тых, з якімі недзе сутыкаўся, ці далёкіх сваякоў па лініі маці, продкі якой аднекуль з гэтых краёў.
Па вуліцы Міша вёў машыну асцярожна, аглядаўся на бакі. Проці хаты з зялёнымі варотамі яму пастукалі кулаком па кабіне. Ён спыніўся. Грышка і Ляксей злезлі з кузава. Грышка ўзяў з кабіны напакаваную сумку, Ляксей абвязаўся даўгім белым ручніком з вышытымі па канцах чырвонымі пеўнямі.
У Барысёнка хата не тое што ў Любкі, скляпаная «ў лапу», на высокім падмурку, крытая шыферам; веранда, сенцы, паветка, сад. Цэлы маёнтак: адразу відаць, што Барысёнак будаваўся няспешна, трывала, на вякі. Як у горадзе прывыклі ацэньваць чалавека па вонкавым шыку, адзенні, так у вёсцы — па двары. Іменна па ім, па двары, Грышка сам сабе зазначыў, што Барысёнак чалавек, не які-небудзь замухрышка, гультай, а гаспадар, і з ім няблага будзе парадніцца.
Госці-сваты зайшлі ў хату, прынеслі з сабою зябкі холад, а ў душы весялосць, жарты і крыху натужную зухаватасць. Іх тут чакалі: усюды — зразу кінулася ў вочы — было прыбрана, падмецена; нідзе нічога лішняга, зіхацяць люстры, вазы, мэбля. І пах у хаце ўрачысты, лёгкі, свежы. Іх сустрэў гаспадар — Антонавіч, высокі лысаваты мужчына, валасы каля макаўкі ў яго тырчаць, як рожкі; быў ён у сіняй кашулі, у цёмных штанах; твар чыста паголены, аж свеціцца, але ўсё роўна відаць, што брытва па ім не часта ходзіць.
«О-о! — усклікнуў ён, быццам госці ў доме аб’явіліся зусім нечакана.— Хто да нас! Заходзьце, госцейкі, заходзьце...»
«Ну дык што вы тута нам прыбераглі?» — спытаў Ляксей, смела ступаючы ў другую палову хаты. Пасярод вялікай залы стаяў накрыты стол, каля якога (але не за ім) сядзелі маці з дачкою. Яны абедзве пачырванелі, асабліва Ліда, усталі насустрач гасцям. Міша з Лідаю пераміргнуліся.
Гаспадыню звалі Тацяна, а па пашпарце — Тацяна Іванаўна; яе цёмныя валасы былі гладка прычасаныя і адкрывалі каля вушэй, на шыі белую скуру, якая нязвыкла рознілася ад загарэлага да чарнаты твару.
«Ну праходзьце, людзі добрыя, садзіцеся...— Тацяна паказала на канапу, крэслы каля стала.— На машыне прыехалі? — спытала яна, каб не даць патухнуць гаворцы.— Мы і чакалі вас каля абеду...» — «Жаніх нас раней цягнуў,— Ляксей страсянуў за плячо Мішу.— У дзесяць, дзевяць, восем... Так ці не? Дачакацца не мог... І я зараз бачу, чаго ён так ляцеў!»
Лідаю і праўда можна было залюбавацца. Яна была ў ружовым плацці з белым каўнерыкам. Валасы распусціла, ляжалі хвалямі на плячах. Бровы і вейкі былі трошкі падмаляваныя. Ліда, мабыць, пахудзела за апошнія дні, бо нават Мішу, які бачыў яе шмат разоў, вочы здзівілі сваёй велічынёю і нейкай сумнай нерухомасцю.
«Сядайце, сядайце, дарагія сваты!..» — Антонавіч узяў Грышку пад локаць і правёў да канапы. Пстрыкнуў кнопкаю тэлевізара, які стаяў на ножках у куце, побач з буфетам цёмнага дрэва; і ў тэлевізары, і ў буфеце блішчала шкло.
Грышка з «такой місіяй» прыйшоў да людзей першы раз і ніяк не мог скруціць у сабе не то скаванасць, не то страх. Куды яму раўняцца з Ляксеем, лапатуном, які, здаецца, ці не быў сватам боскай міласцю: ён паспеў ужо і Антонавічу нешта дзелавое сказаць, і Тацяну, якая пачала ўвіхацца з талеркамі, шчыпнуць за бок, і Лідзе кінуць слоўца, пасля якога ў яе вугольчыкамі загарэліся кончыкі вушэй. Можа, баяўся Грышка, не хацеў, каб Барысёнкам часам не падумалася, што Міша не варты, нечым горшы за іх дачку. Шыла ў мяшку не схаваеш: ведаюць жа, што Міша і ў дысбаце быў, і ўсё сваё жыццё на злом галавы лётае; во абгарэў — з твару не змыеш. Хоць тут, праўда, ён за дзела паплаціўся, але ўжо калі з лысінкаю, дык што б ні зрабіў, людзі благое падшываюць, нярэдка жорсткаю ніткаю: «Гэты сваёй смерцю не памрэ». Душа ветраная, затое не подлая. Другі, ніцак які-небудзь, носіць у сабе дрэнь усякую, карпее, пыхціць, усё выгаду шукае. А Міша без аглядкі і заглядкі жыве. Сям’ю завядзе во, канечне, патыліцу пачухае, бо не толькі за сябе ўжо рупіцца трэба.
Расселіся вакол стала. Ліда ўключыла ў верандзе электрафон: круцілася пласцінка — музыка была ціхая, лёгкая, не рэзала вушэй. І людзі за сталом не маглі прыцяць галасоў, асабліва Ляксей: сват — яму і карты ў рукі. Ён нават чарку прыгубіў, і гарэлка падагрэла яго болей, чымся астатніх,— круціўся, бы тая пласцінка на чорным крузе электрафона; па адзін бок ад яго сядзелі Міша з Лідаю, па другі — Тацяна. Ён быў самы непаседа за сталом, і гэта добра: усім тады лягчэй, калі хто-небудзь возьме ў застоллі рэй весці. Можа б, другім разам Ляксею дапамог Міша, але сёння ён быў сур’ёзны і ціхі, на знявечанай левай шчацэ выступіла тонкая ліловасць: Міша, мабыць, вельмі хваляваўся.