Выбрать главу

«Я за свайго Кузьму дзе хочаш вазьму,— рассыпаўся Ляксей прыгаворкамі перад Тацянаю,— а ты са сваёю Марынкай яшчэ паходзіш па рынку... дзесяць, дзевяць, восем, сем — дзён!» — «У кірмашны дзень прадам за любую цану!» — Тацяна таксама развесялілася, не гублялася перад Ляксеем і адказвала ўпапад. Грышку ажно ў паясніцу кальнула: ці не намякае і свацця на тое, пра што нядаўна ён сам думаў,— быццам Міша жаніх браковы. А можа, яму, Грышку, адно думаецца так: рана, яна заўсягды баліць, і з ёю трэба змірацца, а не вярэдзіць. Лепей песню... песню зацягнуць, каб душа ўпрысядкі пайшла і ўсе думкі змрочныя растрэсліся. «Давай, Ляксей, песню рванём, як колісь!» — папрасіў ён. І Ляксей тут жа, ківаючыся, завёў:

 

Дзяўчына мая заручоная,

Чаго ты сядзіш засмучоная?

Чаго ты сядзіш, чаго нудзіш?

Скажы мне праўду, каго ты любіш?

 

Неяк разам, суладна песню падхапілі і Грышка, і Тацяна. А Ліда з Мішам усталі з-за стала і пайшлі ў веранду. На вокнах у верандзе віселі блакітныя цюлевыя гардзіны. На дварэ ўжо ссутоньвалася, чыстая, празрыстая сінь разлілася па вёсцы; і снег быў сіні, толькі глыбокія сляды на ім цёмныя. Бледна, тонка блішчала шкло ў машыне, два серабрыстыя шнуркі ззялі на капоце, бы раскатаныя заручальныя пярсцёнкі.

«Глядзі, нашы з табою дарогі! — нечакана расчуленым, новым для самога голасам сказаў Міша, не адыходзіў ад акна.— Роўныя, светлыя і побач».— «Дурненькі мой»,— усміхнулася Ліда; падышла, пагладзіла Мішу па галаве, пакудлаціла валасы. Як даўно хацелася ёй сказаць гэтае «мой», і колькі дзявочага трапятання было ў ім. «Нешта дзіўнае дзеецца на душы»,— сказаў Міша і рэзка павярнуўся да Ліды. Вочы ў яе былі цёмныя, глыбокія, бы тыя сляды на снезе: той і розніцы, што ад іх веяла не холадам, а цёплай мройнасцю. Міша адчуў, як напружыліся ў Ліды пальцы на руках, а ў вачах заскакалі незразумелыя мяккія кропачкі. Гэтыя кропачкі ён бачыў у Лідзіных вачах упершыню. Яны яго і здзівілі, і напалохалі, і ён стаў адразу бязвольны, абыякавы да ўсяго.

«Ты будзеш мяне слухаць?» — спытала Ліда: яна ўжо мела на яго права. «Буду. Я кожнае тваё словачка буду лавіць во гэтымі лапухамі»,— паказаў на вушы: пасля раптоўнага ўпадку яму зноў захацелася жартаваць. Дзіўна мяняўся яго настрой!

Ліда скрывілася: навошта ганьбаваць сябе?

«Міша, я сур’ёзна пытаюся...» — «А я сур’ёзна адказваю».— «Праўда? — Яна не верыла, што наравістая Мішава натура можа быць такою пакладліваю.— Ты будзеш сур’ёзным?» — «Мы будзем з табою заадно...»

Яна, паднімаючыся на пальчыках, пацягнулася да яго вуснамі, і праз імгненне, калі б глянуў з вуліцы праз цёмнае шкло і падсінены цюль, можна было б падумаць, што ў верандзе стаіць адзін чалавек.

У хаце, як і раней, не змаўкалі галасы.

«Ну дык калі?» — пыталася ва ўсіх, а найперш, мабыць, у самой сябе Тацяна. «Недзе там пасля каляд...» — прапаноўваў Грышка, а Ляксей таўхаў яго пад локаць: «Раней!» Хто ведае, якія думкі круціліся ў ягонай ці не першы раз захмялелай галаве; можа, Ліда сваёй красою так яго стрэсла, што ўсе думкі пра Мішу, яго вартасці разляцеліся ва ўсе бакі.

«Давайце ў другую суботу пасля каляд»,— сказала Тацяна і паглядзела на мужыка, ці згодны ён.

«Э-эх, каб на конях!..— сціснуў кулак Ляксей.— Дзесяць, дзевяць... І толькі снег з-пад капытоў!» — «А мы дужа громкае вяселле дзелаць не будзем»,— сказаў Грышка. «Во-во,— згадзіўся Антонавіч, і гэта — было відаць — не спадабалася яго жонцы.— А то часам з вялікага грому няма дажджу».

«Ну, давайце, сваты, закляпаем сватанне,— сказаў Ляксей і наліў усім у чаркі, акрамя сябе.— Дзесяць, дзевяць, восем, сем.... пяць... два, адзін — па конях!..»

У цемнаце на вуліцы галёкалі, смяяліся дзеці. Яны прачулі, што да Барысёнкаў прыехалі сватацца, і, можа, якая цікавінка перападзе: у вёсцы вочы не вельмі памазоліш...

* * *

З начы пайшоў дождж не дождж, а густая цёплая імжа сыпалася з неба бесперастанку. Калі Валодзька Шапялёў выйшаў з дому, на тратуарах блішчалі, як блюда, маленькія лужыны: снегу як і не было. Леташняя трава паўз тратуар агалілася, чыста абмытая, жаўцела, быццам і не была зіму пад снегам, быццам і не быў цяпер пачатак красавіка. Набрынялі, выткнулі з лускавінак зялёныя клейкія дзюбікі пупышкі на каштанах.

Валодзька спусціўся па прыступках з пагорка, на якім раней стаялі прыватныя драўляныя хаты, а цяпер падняўся новы мікрараён, перасек наўскасы вуліцу. На прыпынку было, як заўсёды раніцаю, шмат людзей. Валодзька закурыў. Курыць ён пачаў нядаўна, можа, года паўтара назад; курыць, як і піць, людзі пачынаюць не проста так, і не заўсёды ад свавольства, на гэта бываюць часам сур’ёзныя прычыны. Пад нагамі ў Валодзькі даў трэшчыну адзін з падмуркаў, на якіх, кажуць, стаіць чалавек; здароўе, сям’я, работа. І калі здароўе пакуль яшчэ не запальвала сігналу трывогі, а на рабоце можна было сцярпецца, то ў сям’і спакою не было; не, не тое што Валодзька шукаў лагоднай зацішы для розуму і душы, якраз наўпярок: ён хацеў гарэць, тварыць да бясцямнасці, але яму не ўдавалася, і, здаецца, не ён адзін у гэтым быў вінаваты.