Цяжка сказаць, ці таму, што жонка з’ездзіла адна на курорты, але ўсё збаламуцілася ў сям’і. Не знізваючы з караляў прычын і гэтую зусім не цьмяную і не апошнюю пацерку, Валодзька ўсё часцей і часцей задумваўся, што з самага пачатку ў іх адносінах з жонкаю было надта шмат калючак, якія вельмі марудна прыціраліся; а не прыцёршыся, яны ўвесь час мулялі, іскрылі і запальвалі то спрэчку, то абурэнне, то папрок.
З курортаў жонка прыехала загарэлая, пасвяжэлая і нават як бы памаладзелая; калі яна смяялася, яе белыя, як мармур, зубы проста асляплялі: ну хоць на рэкламу ў часопіс «Здароўе»! Здавалася б, засумаваўшы па сям’і, Наташы, яна хоць нейкі час будзе рахманая, спакойная і вытрыманая. Не, адразу папрокі: на мэблі пыл, падлога брудная, халадзільнік аброс лёдам, гара бутэлек. Пра тыя свае заказы і не ўспомніла, а ён жа, Валодзька, таіў думку, што ўзрадуе яе грыбамі, асабліва сушанымі барвічкамі. «Ну хіба так трэба сустракаць мужа пасля доўгай разлукі?» — дзівіўся Валодзька, сплёўваючы пасля цыгаркі сліну. І што павінна быць важнейшае: ён сам, яго настрой ці гэты пыл на мэблі? Валодзька нават падумаў, што жонка калі не тут, у Мінску, то на поўдні пэўна завяла палюбоўніка; так адно падумаў, але верыць не хацеў, бо, калі б гэта была праўда і была ўпэўненасць у ёй, то, не задумваючыся, падаў бы заяву на развод; і не таму, што быў ашалелы раўнівец і вельмі кахаў жонку ці, прынамсі, да бяспамяцтва даражыў ёю, а таму, што жыць з жанчынаю, якая нясе ў дом, дзе расце дзіця, дзяўчынка, бруд, распусту, не змог бы. Проста б не змог, бо, калі б працягваў з ёю жыць, дарога да роспачы, надлому была б прамая. Але так ці не так, няпрошана выяўлялася тое, што іх караблі з вялікаю нацяжкаю плылі паралельным курсам, а то, мабыць, і зусім ужо адвярнулі насы-кілі адзін ад другога, чаго пакуль не відаць было, але час, пройдзеная адлегласць немінуча пакажуць, што яны аддаляюцца; усё ў тым, з якою хуткасцю яны з жонкаю будуць плыць да тых пунктаў, калі туман недаверу, непрыязнасці і, можа, нянавісці схавае іх; шкада было аднаго: што між імі ў хісткай, маленькай, з нізенькімі бартамі лодачцы будзе плыць дачка, крычаць у адчаі і прасіцца то на мацерын, то на бацькаў карабель.
Валодзька пра ўсё гэта спакойна думаць не мог, як не мог ён змірыцца і з тым, што пад уплывам жонкі, яе няўступчывасці, а можа, і так чаго, можа, і горад тут вінаваты, акружэнне, пачынае страчваць свой воблік; тое, што раней было важным, цяпер здавалася яму звычайным і нікчэмным. Што гэта: бязволле, інертнасць, лянота душы ці проста прыстасавальніцтва? І тое, і другое — страшна! Трэба нешта думаць і браць сябе ў рукі, скручваць у жгут, інакш пагібель, перш духоўная, а ўслед, магчыма, і фізічная. За рукі, за ногі, за душу, за сэрца — чалавека ўвесь час цягне на заняпад, і самае лёгкае аддацца, як кажуць, на волю лёсу, а значыць, і сцерці сябе як асобу; асоба — гэта змаганне: і з сабою, і з тым, куды з салодкім рабалепствам заводзяць цябе чалавечыя слабасці.
І на рабоце, на рэдактарскай пасадзе кінастудыі, цяжка было быць прынцыповым і пастаянным: цэлы феерверк думак, ідэй, і ўсе «геніяльныя», «арыгінальныя», адна другой «лепшыя».
Учора пазваніў старшы рэдактар камітэта Блакітнюк, амаль Валодзькаў равеснік, на два гады раней скончыў інстытут. Валодзьку ён падабаўся: просты, вясковы хлопец, у голасе ніколі і блізка няма настойлівасці або начальніцкай афіцыйнасці, у абалонку якой, бывае, адразу атульваюць сябе маладыя сучасныя людзі.
«Віншую, Уладзімір бацькавіч!»
Што за жарты? Можа, прэмію якую далі: напісаў жа некалькі сцэнарыяў дакументальных фільмаў. Але што наперад радавацца ці выяўляць сваю нястрыманасць і паказваць, што ў ім, як і ва ўсіх, не дрэмле славалюбства,— Валодзька маўчаў.
«Пра тваіх землякоў ужо фільмы здымаюць!..» — Блакітнюк гаварыў, як зазвычай, шчыра, адкрыта, без падвоху, але з жартам.
«Пра каго ж гэта? Пра якіх землякоў?» — адна за другою палезлі ў галаву, закружылі яе думкі.
«Вось заявачка перада мною... Чытаю: «Схватка»... у дужках аб подзвігу камсамольца калгаса... такога-та, такога-та... твайго раёна, Пруцікава Міхаіла Рыгоравіча. Ёсць такі?»