Валодзька адчуў, як галаву трохі вышэй броваў сціснуў тугі мяккі, як папруга, абруч, застукала ў грудзях сэрца. Гэта ўжо не жарт, а лухта нейкая. Пра Мішу Пруцікава... фільм... Аб подзвігу? Можа, наадварот, як адмоўны персанаж выступаць будзе?
«Ты не жартуеш?» — перапытаў Валодзька.
«Якія могуць быць жарты? Яшчэ раз віншую!» — І палажыў трубку.
Валодзька адсунуў ад сябе папку са сцэнарыем, кінуў на стол аловак і ўзяўся рукамі за галаву, быццам хацеў садраць гэты ненавісны абруч, які пачаў сцінаць ўсё часцей і тужэй. Дык што ж гэта робіцца на белым свеце? Ну, пісаў неяк бацька, што Міша Пруцікаў вярнуўся, у калгас пайшоў працаваць... А што далей? На «острые ощущения» ён заўсёды быў хваткі, можа, яшчэ нешта адчыбучыў. Але ж во — «аб подзвігу»... Можа, з іхняй Ленкай зблыталі, яна на БАМе?
Ну і жыццё! Кінакарціна. Валодзька не пераставаў здзіўляцца і сумнявацца яшчэ болей у тым, што пачуў ад старшага рэдактара. Цікава: хто ж гэта падаў заяўку, і не на студыю, а зразу ў камітэт? Валодзька пазваніў Блакітнюку: «А хто сцэнарый будзе пісаць?» Блакітнюк ціха, як не шэптам сказаў: «Ды сынок... аднаго тут нашага мэтра...» — І назваў прозвішча. Валодзька ажно фыркнуў: чытаў ён некалькі сцэнарыяў гэтага сынка: бездапаможнасць поўная, прымітыў. Адно і піша, каб зарабіць капейку. Бацька на пасадзе — падцягваюць сцэнарый: што рэдактар падправіць, што потым рэжысёр... І загуло-паехала! Грошы ў кішэні, на цітрах: «Аўтар сцэнарыя імярэк», а на праглядзе ўсе хваляць.
Валодзька быў у няпэўнасці і разбітасці, сэрца разрывалася ад незадаволенасці, на душы было чорна, як у валёнку, і ён паныла глядзеў у акно: на цагляную змрочную сцяну барака, які стаяў у адным двары са студыяй; на голую, без аніводнай лісцінкі таполю, верхавіна якой была так высока, што і тры баракі яе не дасталі б, калі паставіў бы іх адзін на адзін. Як яна толькі ацалела, таполя гэтая, калі зусім блізка ад яе будавалі дванаццаціпавярховую махіну?
Шкада, што з кабінетнага тэлефона нельга напрамую выйсці на Малінаўку, пазваніць бацьку, спытаць пра Мішу. Трэба чакаць абеду: дырэктар узяўся за дысцыпліну, загадаў сядзець «ад званка да званка». Валодзька быў не проці дысцыпліны, але яго заўсёды абуралі бюракратычныя выхадкі; хлопец жывога тэмпераменту, ён хацеў, каб усё ў жыцці было па-жывому, па-чалавечы, без кайданаў недаверу і зламыснасці.
Падчас абеду ён схадзіў на пошту і пазваніў у вёску; бацькі дома не было, трубку падняла маці. І праўда: Міша Пруцікаў абгарэў, тушачы пажар, яшчэ ўвосень — ратаваў калгасны агрэгат.
На абед Валодзька не пайшоў, папіў кавы ў цесным ціхім кафетэрыі пры гастраноме; не мог адкараскацца ад думак пра Мішу, сцэнарый. Што можа напісаць той сынок пра Мішу, іх Малінаўку, якую з роду не бачыў? Ён вырас у горадзе, сярод камяніц, яго ногі, абутыя, хадзілі па асфальце, а не, босыя, па пяску, па расе, па ігліцы і шышках. Толькі сапсуе сцэнарый, і тады зноў будуць «дацягваць». І чаму бог не пайшоў насустрач Валодзьку — бяры пішы пра Сож, выган, сажалку, дарогі, не вылазячы з кабінета. Валодзька з кабінета, канечне, вылез бы, паехаў бы ў Малінаўку, пагаварыў з Мішам, з дзядзькам Грышам; потым з’ездзіў бы яшчэ раз са здымачнай групай.
Але — сынок... Валодзька ўжо ведаў, як цяжка што-небудзь даказваць таму, хто вышэй цябе — «мэтр». Бацька гэтага сынка лічыўся акурат «мэтрам», вопытным кіношнікам, і хіба ён згодзіцца, каб памяняць аўтара сцэнарыя. І ўсё-такі Валодзька адважыўся паспытаць шчасця. Параіўся з Блакітнюком; той нечакана ўхапіўся за ідэю, нават паабяцаў «празандзіраваць глебу».
...Падышоў тралейбус. Валодзька ледзь убіўся ў яго, дзвярыма заціснула «дыпламат». Горад, горад... Хутчэй бы ўжо збудавалі метро. Валодзька сышоў на прыпынку «Абсерваторыя», далей пайшоў нетаропкай хадою: час яшчэ быў. На вуліцы, на свежым паветры, у патоку мітусні і напаўсоннай засяроджанасці людзей яму спакайней думалася.
Пяць мінут на дзесятую пазваніў Блакітнюк: «Мэтр» дае аўдыенцыю». Валодзька схіліўся над сцэнарыем пра тэхніку бяспекі на чыгуначнай станцыі, але сэнс таго, што чытаў, не ўлаўліваў... Загарнуў папку, звязаў матузкі і кінуў яе ў шуфляду.
Паехаў у камітэт. Сакратар-машыністка, высокая маладая дзяўчына з дзіўным нерухомым позіркам светлых, як у галкі, вачэй дазволіла яму зайсці да «мэтра». Валодзька, павітаўшыся, зразу адрапартаваў, чаму хоча пісаць іменна гэты сцэнарый. Прычына і праўда была важкая, тым болей, як кажуць, «на карысць справе», гэта разумеў і «мэтр». Ён доўга ўздыхаў і панура глядзеў у акно: нічога пэўнага не мог сказаць, круціў-муціў, намякаў; нарэшце ў канцы гэтай непрыемнай, напятай гаворкі ён, не гледзячы Валодзьку ў вочы, выціснуў з сябе, і словы даліся яму зусім не проста: «Пагавары з сынам, ён у мяне хлопец башкавіты, павінен зразумець...»