Выбрать главу

Яны сядзелі, бацька з сынам, над сабакам, як над нябожчыкам, і маўчалі. Сабака паміраў. У іх на вачах... Таргануўся апошні раз, выдыхнуў з сябе паветра і астываць пачаў, поўсць на загрыўку натапырылася. Бяда, калі ўжо прырода нішчыць самую сябе.

Рукамі, крывым, бы ікол, жоўтым сасновым сукам выграблі яму пад елкаю, услалі яе чарнічнікам і пахавалі Босага. З яловых шышак на магілцы крыж вылажылі. І ўжо як на дарогу выйшлі, яшчэ раз аглянуўся Грышка, быццам віну сваю там, пад елкаю, забыўся.

 

Прапаў Босы, і разладзілася сям’я Пруцікавых, ходзяць усе — месца сабе не знаходзяць, асабліва Грышка з Мішам. Лісаветка таксама, канечне, перажывала, але не так глыбока і доўга. Праз колькі дзён яна ўжо смяялася. А Міша па-ранейшаму пануры. Баючыся, каб з сынам чаго не здарылася, яна асцярожна падступілася да яго і сказала: «Я бацьку ўжо два гады трублю, каб выкарчаваў ссохлыя яблыні на гародзе, а ён — «пасля ды пасля». Можа, Мішутка, ты возьмешся?»

Мішу ўжо самому карцела заняцца чым каля хаты, ён зразу і згадзіўся. Узяў у кладоўцы тапор, лапату, і вочы ў яго павесялелі.

«Ну што, дарагуша, аджыла сваё?» — сказаў ціха Міша, стоячы перад яблыняю і дакурваючы цыгарэту. Стукнуў абухам па ствале — што косць: задрыжалі галіны, колькі лісцін з іх упала, адна чыркнула Мішу па носе — заказытала.

Можа, на метр ад ствала Міша ўдзяўбнуў лапату, нагою ціскануў — лапата ўперлася ў карэнне. Эге-е... Міша стаў адкопваць зямлю ўкруг яблыні; дзе карэнне тонкае, перасякаў лапатаю, таўстое пакідаў пад тапор. Міша вельмі хутка ўвапрэў: не так проста, аказваецца, выкарчаваць яблыню: гадамі расла, і корань-цэнтравік глыбокенька зашыўся ў зямлю і, мабыць, яшчэ не згніў, як астатнія, што гарод аплялі. Дзіва што ў бацькі рукі апускаюцца. Хістаецца яблыня, як былка тая ад ветру, а стаіць, трымаецца. Прыгнуў яе Міша, секануў тапаром па напятым корані — і хруснуў ён, разадраўся, і яблыня лёгка ўпала; корань быў ружаваты, як малінавым настоем прапітаны, а ўсярэдзіне руды шнурок — калупнуў Міша ногцем: гніль.

Міша сеў на ствол яблыні, закурыў. Далёка выдыхнуў ад сябе дым, тыльным бокам далоні пацёр нос. Стала маркотна на душы, і самому не зразумела — ад чаго. Мабыць, кожнаму робіцца пагана, калі дрэва губіць?

Яшчэ тры яблыні адужаў, зваліў, а болей не змог. І пляваўся, і па гародзе бегаў, і думаў, бацьку скажа: «Ідзі ды сам карчуй!» — але астудзіўся і цвёрда наставіў сабе: што яшчэ заўтра з раніцы, перад работаю, разміначкай зоймецца.

А як ужо ад весніц глянуў на гарод, дык не паверыў ажно: голым і пустым ён здаўся яму; і новая хата з лазняю як бы пасірацелі. «Фу ты, чорт!..» — вылаяўся Міша і пайшоў у двор з нейкаю важнаю, рашучаю і новаю думкаю ў галаве.

 

Частка другая

Вуліца перасякала праспект пад прамым вуглом, і Валодзька ішоў па ёй, ішоў няспешна, у роздуме. Мінуў стаянку таксі з даўгім хвастом чаргі; каля ларка выпіў маленькі куфальчык квасу. Вуліца была нешырокая, а пасярэдзіне яшчэ пралягала ліпавая алея. Неяк утульна, спакойна было на гэтай вуліцы, і на душы ў Валодзькі сама сабою ўціхамірвалася бура, што абрынулася пасля сваркі з жонкаю. Дзівачка! Лезе куды яе не просяць, нават у дробязі, іншы раз чыста мужчынскія. Ён купіў насуперак яе волі скураны пінжак: перайшоўшы працаваць у кіно, стараўся модна апранацца, гэта была адзіная магчымасць пазбегнуць асуджэння самай прыдзірлівай і яршыстай публікі — мяшчан.

За вуглом дома, на скрыжаванні вулачкі і праспекта, тугім парывам на Валодзьку ўпаў вецер, слізгануў па крысе скуранога пінжака. Верхавіны ліп нервова затрэслі чубамі, і Валодзька зноў падумаў, як добра яму ішлося па зацішнай вулачцы. Вялізныя вокны ў доме напроці, размаляваныя кружкамі каўбасы, бутэлькамі малака і шклянкамі соку, булачкамі, пірожным і пячэннем, верхняй палавінаю адлюстроўвалі белае бясхмарнае неба, а ніжняй — рухомую шчытную людскую раку на тратуары.

Гэты дом з вялізнымі вокнамі, як і рэстаран, каля якога дамовіўся Валодзька сустрэцца з сынам «мэтра», былі пабудаваны пасля вайны. Іх будавалі палонныя немцы — на фасадзе ўсякія выкрунтасы, высечкі, плітачкі, а калоны ўвенчаныя выгнутымі палазкамі гіганцкага лісця адуванчыка.

Валодзька сынка ні разу не бачыў, але адразу пазнаў яго. Ён стаяў, прысланіўшыся спінаю да сцяны і трымаючы кончыкі пальцаў у кішэні штаноў. Непадалёк, на падстрыжаным газоне, ляжаў шэры, як воўк, таўсты сабака і, ашчаперыўшы лапамі, грыз бутэрброд з каўбасою. Не праглынуў, зараза, а пакрысе адкусваў, як бы смакуючы. «Інтэлігентны сабака»,— усміхнуўся Валодзька.