Сынок быў у джынсавым касцюме, калі можна назваць касцюмам пацёртыя, вынашаныя, з белымі ніткамі па рубцах, штаны і ў кароценькай куртцы на заклёпках, з-пад якой віднелася сіняя кашуля ў дробную клетачку. На цемі ў яго свіціліся рэдкія, з саламяна-жоўтым адценнем валасы, канцы якіх былі прылізаны каля правага вуха. Вялікія, трохі выпуклыя вочы былі поўныя спакою, санлівыя, ці што.
— Добры дзень! — падышоў Валодзька.— Вы мяне чакаеце?
Сынок пазяхнуў і кіўнуў галавою. Валодзька падаў руку, назваў сваё імя. Сынок як бы між іншым буркнуў: «Эдзік». Індык важны... Валодзька ўжо даўно прымеціў гэтую асаблівасць напышлівых і недалёкіх людзей — лічыць сябе калі не богам, то нейкім бажаством пэўна, хоць, калі характарызаваць іх гэтым прывабным для іх словам, то лепей за ўсё тут стасуецца ўбоства.
— Пойдзем пасядзім? — прапанаваў Валодзька, ведаючы, што без рэстарана з гэтым тыпчыкам гаворкі не атрымаецца. Эдзік моўчкі пайшоў за ім. Яны селі за столік, на якім у шкляной вазе стаяла сасновая галінка. Валодзька выняў з кішэні пачку «Арбіты». Эдзік таксама закурыў з Валодзькавай пачкі, прыпаліў сваёй запальнічкаю, пусціў дым з шумам, з асалодаю.
— Дык ты, стары, значыць...— пазяхнуў.— Хочаш, гэта самае, каб я табе...— Зрабіў зацяжку, зноў з асалодаю выпусціў дым.
— Не быў бы з маёй вёскі хлопец, не ведаў бы яго — не было б ніякіх пытанняў! — з запалам, як заўсёды, калі наперадзе было шмат непраясненага, сказаў Валодзька.
— Я це нарысую так... Адным словам, ты не запораш гэтую справу?
— Вопыт у мяне ўжо ёсць, я рабіў некалькі сцэнарыяў...
— Гэта няважна. Я це нарысую так... Што, калі мой будзе сцэнарый — фільму гарантаваны поспех...— Эдзік сядзеў у вольнай позе, абапёршыся локцем на спінку крэсла і далёка выпрастаўшы пад стол ногі ў рудавата-чорных замшавых туфлях.
— Ужо ж і я пастараюся!
— Гэта што ты будзеш старацца... Я це нарысую так... У кіно старанні часам нічога не значаць.
Ісціны Эдзік не адкрываў, Валодзька сам ведаў, што часам зусім слабому фільму на праглядзе пляскалі ў ладкі, а таленавіты, незвычайны, адметны разносілі ў пух і прах. Усё залежала ад таго, хто сцэнарыст, рэжысёр, аператар, па чыёй рэкамендацыі здымаўся фільм.
Падышла афіцыянтка ў сіняй сукенцы і белым, лёгкім, як з папяровай сурвэткі, фартушку. Валодзька сказаў ёй, што прынесці, папрасіў адкрыць бутэльку мінералкі. Наліў Эдзіку і сабе ў шырокенькія зеленаватыя фужэры — на сценкі аселі драбнюткія белыя, як ртуць, пузыркі. Эдзік па кропельцы адпіваў мінералку, не мігаючы глядзеў на Валодзьку. Канечне, ён ставіў сябе куды вышэй за Валодзьку, гэтая фанабэрыстасць не з’явілася цяпер, ён прыйшоў з ёю, у яго душы змалку сядзела пагарда да вясковых людзей, іх звычак, адзення, мовы. Ён быў з таго кола заскарузлых мяшчан, якім няма чым надаць сабе вартасці, акрамя як тым, што яны — «гарадскія», а таму і носьбіты сапраўднай культуры і маюць права звысоку глядзець на выхадца з вёскі, няхай ён будзе талент, нават геній. Такіх людзей Валодзька называў тармазамі веры, ён абураўся імі, адчуваў, што і жонка яго недзе блізка каля іх, цынічная да ўсяго зямнога; і цяпер ён мог бы паслаць далёка-далёка гэтага спешчанага фанфарона, калі б не трэба было выпрошваць у яго аўтарства на сцэнарый. Загнаны ў кут, ён раптам з пранізлівай яснасцю зразумеў: што толькі суіснаванне, дыпламатычнасць, кампрамісы могуць выратаваць яго, пакуль ён зноў адчуе сілу.
Афіцыянтка прынесла цёмны пузаты графінчык, салату. Эдзік узяў графінчык, доўга трымаў яго над чаркамі не наліваючы.
— Калі шчыра, я не стаўлю ніякіх славалюбных мэт,— сказаў Валодзька.— Мая душа проста адчула патрэбу напісаць іменна гэты сцэнарый.
— У кіно без славалюбных мэт няма чаго рабіць. Запішы сабе на лбе.
— Дык я ж ніякі не прафесіянал, я раблю для душы, як кажуць.
Эдзік хвацка счысціў відэльцам з нажа маянэз.
— Я це нарысую... Башні тут прывабныя. Можна выганяць толькі так!.. Дарэчы, у цябе не знойдзецца пазычыць мне чырвончык?
Валодзька выняў з кішэні партманет, раскрыў.
— Дзесятка якраз ёсць,— аддаў паперку Эдзіку.
Той не схаваў яе ў кішэню, а палажыў на рог стала — як прыклеіў. Гэтым ён паказваў, што на падачкі не ласы, не нейкі там пабірушка, проста яму на нешта спатрэбіліся грошы і не хапае дзесяткі.
— Я це нарысую...— Вочы ў Эдзіка зацягнуліся туманнаю млявасцю.— У кіно пасрэднасці можна хадзіць у геніях, купацца ў грашах, і наадварот...
— Ды мяне гэта не цікавіць зусім! — Валодзька адчуў, што яго пачынае нерваваць Эдзікава занудлівасць.