Выбрать главу

— А ты паслухай разумнага чалавека! Спатрэбіцца... Я це нарысую... Трэба стварыць вакол сябе ажыятаж. Геній! Кінуць на гэта ўсе сродкі. Засталбіў, што называецца, сябе, і тады ніхто цябе і тваё не зверне. Не зробіш гэта своечасова, вышэй генія ў прызнанні, і то няшчырым, сваіх сяброў не па-ды-меш-ся.

— На ўсякія такія мудраванні патрэбны, відаць, здольнасці.

— Лагічна мысліш... Я це нарысую. Здольнасці большыя, чым творчыя. Трэба, гаварыў адзін, бачыць каналы, у якія закідваць вудачку, каб выцягваць рыбак удачы і поспеху.

— Я тут зусім кепскі рыбак! — шчыра, і не толькі з горыччу, але і з гонарам сказаў Валодзька.

— Вучыся! Ламай сябе, сваю вясковую псіхалогію... Я це нарысую. Дарэчы, ты бачыў мой фільм «Дарогі-алеі»?

— Пра выпускнікоў медвучылішча? Бачыў.

— Ну як?

— Глядзяцца белыя халацікі, толькі сцэна, у якой дзяўчаты, узяўшыся за рукі, бягуць насустрач парывам ветру, на мой погляд, банальная.

— Слухай... Я це нарысую. Напішы пра яго водгук у газету. Здаецца, табе не супрацьпаказана крытычнае пяро.

— Раскрытыкаваць? — затаіў усмешку Валодзька.

— Ну, дзеля гэтага я цябе не прасіў бы! І так з кукішамі ў кішэні многія каля мяне ходзяць. Я це нарысую так... Распішы, каб усе ахнулі! Шэдэўр!

Валодзька адчуваў, што Эдзік зацягвае і зацягвае яго ў гнілую багну сваіх выкрунтасаў, пошлых інтрыг; яму рабілася не па сабе, сціналася душа, і, каб даць ёй палёгку, ён больш не спрачаўся з Эдзікам, моўчкі слухаў, ківаў галавою, а думаў пра іншае, ужо пра сваё: як будзе пісаць сцэнарый, як сустрэнуцца з Мішам Пруцікавым.

Яны выйшлі з рэстарана. Да іх тут жа падбег той шэры, як воўк, таўсты «інтэлігентны» сабака, які, відаць, увесь час дзяжурыў тут, каля рэстарана; у сабачых вачах сядзела такая галодная туга, быццам і праўда цэлы тыдзень у яго не было ў роце расіны. Эдзік тупнуў нагою: «У-у, звяруга!»

Развіталіся яны суха, хоць Эдзік доўга і не выпускаў Валодзькавай рукі: «Я це нарысую, стары... Сцэнарый — твой! Дару! Я це нарысую...»

Дамоў ісці не хацелася, хоць ужо цямнела, і Валодзька пайшоў уніз, да Свіслачы: рэчка, вада заўсёды яго лагодзілі. На праспекце не было такой мітусні, шуму, гулу, як удзень: некалі трэба адпачываць і гораду, канечне, не глуха, мёртва засынаць, тыя нешматлікія машыны, адзінокія пешаходы, ляск таварнякоў праз усю ноч няхай будуць яму ціхамірным сном.

Раней такога не было, гэта апошнім часам Валодзька заўважыў, што яго не цягне дамоў пасля работы; нават дачка не выклікае таго жадання хутчэй бегчы, якое было яшчэ год назад. І часта ён бязмэтна блукаў па вуліцах, сядзеў на лаўцы ў скверы, зімою (калі холадна) заходзіў у фае кінатэатраў, студэнцкія інтэрнаты. Там ён губляўся сярод людзей, забываўся на жонку, адтавала душа, сплывала з яе жуда, і ён цёплымі вачыма глядзеў на свет, на аранжавыя ў святле ліхтароў ліпы, блакітны роўны снег, на бліскучыя лужыны з абернутымі ў іх дамамі, і нават на жанчын, сярод якіх, ведаў, не сумняваўся, ёсць і такія капрызулі, як яго жонка, і капрызлівасць — не самае горшае водгулле іх мінулага жыцця.

Колькі разоў яму навязвалася думка завесці сабе жанчыну, як кажуць, «на старане», добрую, памяркоўную, спагадлівую, і ў ласцы ды пяшчоце з ёю тапіць усе жыццёвыя няўдачы. Але настойліва адганяў гэтую думку: не тое што баяўся кінуць лішнюю жменю гразі ў і так ужо ўскаламучаны сямейны калодзеж, а проста не хацеў на душу сваю садзіць яшчэ адну пякучую больку. Развядуцца, тады іншы каленкор. Тады ён, канечне, улічыць свае пралікі ў жаніцьбе. Вонкавая прыгажосць жанчыны, ці толькі яго аднаго яна абпальвала? Часта чуеш: прыгожая жанчына — сапсаваная жанчына, сапсавана іменна фальшам, мужчынскім. І з такою — няхай мужык хоць ангел! — жыцця не будзе. Ёй насілі і яе на руках насілі, а тут трэба самой насіць дзяцей, сумкі, цяжар хатніх клопатаў. Як яны баяцца гэтага, як уцякаюць, пераступаючы нават крайнюю мяжу жорсткасці. Валодзьку проста скалануў адзін выпадак, яго расказаў на кінастудыі Эдзік тады, калі здымалі фільм. Валодзька не хацеў гэты выпадак успамінаць, намагаўся выкрасліць яго з памяці назаўсёды, але ён часта, хваравіта-ўражліва паўставаў перад ім проці яго волі. Адна маладзенькая сімпатычная навучэнка медвучылішча зацяжарала. Адразу аборт нешта перашкодзіла ёй зрабіць, пасля было позна. Хадзіла, уціскалася так, што ні сяброўкі, ні на рабоце не маглі заўважыць. Прыйшоў тэрмін раджаць. Уначы пачалося... Яна ў інтэрнаце ў пакоі, пад коўдраю. Сяброўкі пачулі стогн: «Што з табою, Света?» — «Так, нешта жывот баліць... Мабыць, халвы аб’елася».— «Можа, святло ўключыць, «хуткую» выклікаць?» — «Не трэба...» Праз нейкі час зноў стогны, воханне, дзіўнае пакрэхтванне. Уключылі святло. Дык яна ўжо нарадзіла, уся ў крыві і амаль непрытомная, торкае голкаю немаўлю ў галоўку — цемечка шукае... І гэта — будучы медык, прадстаўнік самай гуманнай прафесіі!