Выбрать главу

Лісаветка, якая пачала ўжо прыбіраць са стала посуд, раптам крутнулася да Грышкі, нахілілася: «Ты ўжо зразу... «што рабіць»! Дай ты чалавеку апомніцца. Не воўк твая работа — не збяжыць у лес. Хай пагуляе чалавек».— «На гулях далёка не заедзеш».— Грышка баяўся, каб і Міша не накінуўся на яго, не стаў яму пярэчыць. Не, Міша маўчаў. «Малайцом! Дзяржыцца...» — пахваліў яго Грышка, адчуваючы на душы радасць.

На вуліцы сцямнела. Уключылі святло. Знадворку на акно лягла цёмная сінь, пералівалася, блішчала; у ёй мярэжыліся твары людзей, посуд на стале; маленькай, чахлай цыбулінаю рдзела лямпачка.

«Што, пойдзем на двор пакурым?» —сказаў Міша і ўстаў з-за стала. Маці за вячэру не падзякаваў, не было прывычкі з маленства.

На двары пад хатаю ляжалі складзеныя калодкі — на шалёўку; трэба адвезці ў Дабранку на пілараму і папіліць. Цягнуць няма як, хутка дажджы прарвуць неба, і калодкі разбрыняюць. Яны селі на калодкі. Закурылі. З будкі вылез Босы, глядзеў на Мішу і віляў хвастом. Няўжо пазнаў, халера?

«Мабыць, у райцэнтр паеду шукаць работу...» — сказаў няўпэўнена Міша, помнячы, што бацька чакае адказу на сваё пытанне. «А чаму ў раён? Цяпер да нас у калгас добры старшыня прыбіўся. Ягорыч, во што...» — «Сам жа казаў, хлопцы добра ўладкоўваюцца...» — «Я казаў пра другое. Пра кватэры я казаў. А ў цябе хата ёсць».

Міша засмяяўся, адхіліўся, каб убачыць з-за пуні зруб. Убачыў адно вугал і крайнюю крокву: на ёй ад святла месіка і зорак бліскалі кропелькі смалы, як іней усё роўна.

«Я што, ваўкоў у ёй ганяць буду?» — спытаў.

Грышка ледзь не выпаліў, што трэба жаніцца ды сям’ю ладзіць, але стрываў і ў думках пахваліў сябе: Міша мог бы псіхануць, пачуўшы пра сям’ю. «Лепш дзяцей»,— усміхнуўся Грышка. «Ай, бацька!..— ужо з адчаем сказаў Міша.— Абрыдлі мне гэтыя натацыі, у пячонках сядзяць. Давай лепей заўтра на рыбу адскочым, а там будзе відаць...» — «Не, ліха матары!..— затраслося ў Грышкі ў грудзях.— Пупавінаю не змог, дык дзягаю прывяжу да зямлі, стрыгунка такога! Быць не можа».

Тонкі, зеленаваты, як скібачка аблупленага казляка, выткнуўся краем з-за вільчыка пуні месік, і крытая шыферам страха пабялела, бы яе акрылі скацеркаю. Цемра на дварэ пабегла хавацца ў закуткі, шмыгнула пад веранду, у пустую сабачую будку. А ў самой верандзе тым часам Лісаветка, прыцінаючы ў душы дрыготку, даўно забытую радасць, сцяліла сыну пасцель. На стары сяннік палажыла матрац, акрыла новаю прасціною, дастала з куфра пуховую падушку і коўдру, якія берагла Ленцы на пасаг — цяпер не трэба ўжо. Няхай павылежваецца хлопчык — так іншы раз расчуленая Лісаветка называла Мішу.

Грышка лёг спаць у хаце, на ложку, што каля печы, Лісаветка — на тым, што пры акне, якраз напроці. Здавалася б, гаварыць ім не нагаварыцца, але — не: перакінуліся словам-двума, і маўчок. Грышка, праўда, яшчэ выкурыў папяросу, павярнуўся спінаю да печы і роўненька, ціха засоп. Знаць, супакоілася ягонае сэрца; можа, маленькая трывога яшчэ і жыла ў ім, але Грышка справіўся, зладзіў з ёю хутка, не даў разрасціся.

Ад пеўневага крыку звычайна прачынаюцца людзі выпадковыя ў вёсцы, а сталых вяскоўцаў гэты пярэгалас не кранае; затое калі вясковы дзядзька або цётка паедзе да сваіх дзяцей у горад, то праз усю ноч будзе пакутаваць ад стукату таварных вагонаў на станцыі або злякацца на кожную сірэну легкавіка.

Грышка ніколі ў жыцці не купляў будзільнікаў; навошта яны, калі ў ягонай галаве свой адмысловы будзільнічак працуе: трэба прачнуцца ў тры гадзіны ночы, звечара падумаў, а роўна ў тры гадзіны — лып вачыма і прачнуўся. Грышка спярша аж баяўся гэтае свае дзіўнасці, але аднаго разу спытаў у доктара, дык ён як пачаў распавядаць пра ўсякія «старажавыя цэнтры», нервы, псіхіку, што затлуміў Грышку галаву яшчэ болей.

...Грышка прахапіўся. Глянуў на акно: шэрае ўжо, недзе далёка, яшчэ пад зямлёю, устае сонца, спяшаецца ў помач людзям. Лісаветка спіць. Хвіліны дзве Грышка паляжаў з адкрытымі вачыма, адхінуў коўдру. Выйшаў у прыдзелак; выключальнік шчоўкнуў у цішыні дужа звонка. Ходзікі на сцяне-перабіўцы паказвалі блізка на чацвёртую. Акурат. Грышка пазяхнуў. І кот, саскочыўшы з печы і выгнуўшы спіну, выскаліў дробныя вострыя зубы, глядзеў на гаспадара з чалавечаю ўважлівасцю, як хацеў пра нешта запытацца ці аб нечым папрасіць.

Зашамацела ў верандзе, дзугнулі на падлогу ногі. «Міша...» Так і ёсць: адчыняюцца дзверы, заходзіць Міша. Жмурыцца ад святла, вочы ў яго падпухлі, але бліскучыя, ажно свецяцца бялкі, і твар не свежы, сонны. «Блага спаў,— кажа Міша,— на мяккім не прывык...» — «На новым месцы заўсёды...— Грышка абуваў боты.— Ну, што, трэба чарвей капаць?» — «Цёмна ж».— «У мяне ліхтарык ёсць. Можа, выпаўзняў знойдзем, яны толькі ў цемнаце вылазяць...»