— Не сарамацься ты перад суседзямі,— сказаў Валодзька, прыхінуўшы твар да вушака.
Жонка абазвалася нечакана, відаць, што яду на спрэчку набрала даўно.
— Ідзі начуй, дзе гуляў!
— Ды не гуляў я. Дзелавая сустрэча.
— Прыдумай што-небудзь новенькае!
Гэта не была рэўнасць, жонка яго, здаецца, ужо даўно не раўнавала, гэта было самадурства, тупое, зацятае, зламыснае, каб паздзекавацца з яго.
— Што, ламацца? Суседзяў трывожыць?
— Няхай чуюць.
Валодзька з суседзямі мала знаўся. Вітаўся добразычліва, адгукаўся на іх рэдкія просьбы, але ніколі не лез у чужое жыццё, не імкнуўся нешта ўведаць ці пачуць плётку, але і не любіў, калі нехта лез у ягонае — нахабна, проста, часам з нетактоўнай жорсткасцю, як гэта рабілі жончыны сяброўкі, а часам і бацькі.
— У цябе сумленне ёсць? Дванаццаць гадзін ночы...
— Не хачу дачкі будзіць, таму і пускаю.
Шчоўкнуў замок: раз, другі, трэці. Валодзька адчыніў дзверы. Жонка ўжо была на кухні, не ад боязі, канечне, яна шмыгнула туды, проста паказвала сваю абыякавасць да яго.
Якою драбязою атручваюць жыццё людзі, жахаўся Валодзька, на што трацяць сваю энергію. Змізарнелі, маленькімі мэтамі жывуць. Дзікасць! Адкуль яна прыйшла ў прыроду «чалавека разумнага»?
Валодзька зняў туфлі, сунуў ногі ў пантофлі; спаласнуў у ваннай рукі.
— Слухай, Каця, колькі мы будзем мучыцца? — сказаў ён, прыйшоўшы на кухню.— Трэба нешта вырашаць...
Каця сядзела за сталом, глядзела на нізенькую алюмініевую каструльку, у якой варылася кава.
— Я ўжо вырашыла: разводжуся з табою,— сказала з такою непахіснасцю, быццам Валодзька пасля гэтых слоў павінен упасці перад ёю на калені і маліць, адгаворваць. Зразумеўшы, што ўсіх мужчын стрыгуць пад адзін грэбень, жанчыны сталі нахабныя і незалежныя, і жонка яго адна з іх. Пазіцыі яе і яго, за якімі стаяць характары, розум, звычкі, культура, не сумясціш, некаму аднаму трэба здаваць сваю пазіцыю, і калі гэта зробіць той, у каго пазіцыя больш хісткая, нежыццёвая, недалёкая,— сям’я захаваецца.
— Я таксама на гэта настроены,— адказаў Валодзька суровым голасам, які прымусіў жонку крыху запнуцца і шукаць маленькі кампраміс.
— Ты зусім не дапамагаеш мне...
— Ну і нахабніца ж ты. Хіба гэта не помач жонцы, калі мужык нічога абсалютна не патрабуе ад яе? Сам ва ўсім сябе абслугоўвае, варыць есці, мые, прасуе...
— У нас ёсць яшчэ дачка, выхаванне якой ляжыць не толькі на маці, як вядома.
— Я займаюся ёй не менш, чым ты. Ваджу ў сад, а ты забіраеш.
— А калі ты ёй апошнюю кніжку чытаў?
— Учора.
— Якую?
— «Алёнчыны казкі».
— Нешта я не бачыла.
— А дзе ты ўбачыш, калі ў лазні была?
— А пасуду ты памыў? — Жонка не мела ніякай логікі ў сваіх развагах, хапалася за ўсё падрад, каб папракнуць Валодзьку, што ён гультай, а ўсе астатнія мужчыны — працавітыя пчолкі. Каб збэсціць мужа, яна гатова была нават апрыскаць французскімі духамі ванючага казла.
— Не толькі за сабой, але і за табой. Раніцаю ты кінула ўсё і пайшла, а я мыю...
Яны хадзілі, як заўсёды ў спрэчках, па замкнутым крузе: жонка вінаваціла ва ўсіх грахах Валодзьку, а ён бачыў гэтыя грахі ў ёй самой. Калі чалавека не любіш, не ляжыць да яго душа — бачыш у ім толькі благое і самай заблытанай сямейнай праблемаю будзе: каму памыць талерку? Можа, і наіўна, але Валодзька лічыў: калі жанчына гаспадарлівая, яе няма за што папракаць.
— З табою гаварыць мала толку. Заўтра нясём у суд заяву.
З каструлькі паднялася рудая, мутнаватая пена, і жонка выключыла газ.
— Добра,—сказаў Валодзька і павярнуўся да дзвярэй.
— Каву піць будзеш?
— Я і так блага сплю,— сказаў Валодзька і пайшоў у спальню. Адгаворваць жонку не будзе, не той варыянт. Віны сваёй ён не бачыў, не адчуваў ні ў чым, і жыццёвая пазіцыя была не хісткая, калі не лічыць сям’ю. І не здрадзіў ён ні разу жонцы. А нават разу хапіла б, каб ужо сумнявацца, што праўда за табою. Няўжо яна настолькі дурная, каб не разумець, ці гонар ёй засляпіў вочы?
Дзіўныя змяненні бываюць: раней, увярэджаны, Валодзька мог не заснуць праз усю ноч, цяпер жа заснуў хутка і спаў як забіты. Гэта ён зразумеў раніцаю, калі прачнуўся ад тупату жончыных ног,— арганізм, канечне, не дурань, як казаў адзін доктар: ведаючы, што перажыванняў хопіць, вырашыў адпачыць як след, ці што.