Выбрать главу

— Так, не забудзь пашпарт,— напомніла жонка, каб вярнуцца да ўчарашняй вячэрняй размовы. Вочы ў яе падпухлі, мабыць, позна лягла і не выспалася.

— Я ўжо даўно нашу яго з сабою.

— І пасведчанне аб нараджэнні Наташы пашукай...— Яна не супакойвалася, чаплялася да яго.

Напамін пра Наташу балючымі, гарачымі абцугамі сцяў сэрца: якая незайздросная доля выпала ёй — жыць без бацькі. Не, ён, канечне, не адкінецца ад яе, будзе прыходзіць, прыносіць ёй ласункі, забіраць з садзіка, гуляць, хадзіць у цырк, на стадыён, але потым... потым усё-такі пойдзе ад яе, у свой «дом». Вось і кватэру — радасці было: двухпакаёўка ў Мінску! — давядзецца дзяліць, колькі тлуму будзе.

Валодзька падышоў да даччынога ложка. Наташа спала, роўненька склаўшы далонькі пад шчакою. Белыя валосікі разбэрсаліся, і адна пасмачка ляжала на шчацэ. Валодзька ўзяў гэтую пасмачку і асцярожна паказытаў нос, вочы.

— Уставай, дачушка...

Наташа салодка ўздыхнула, пацягнулася, ажно костачкі хруснулі: так хочацца яшчэ паспаць! Але парадак ёсць парадак, у восем зарадка.

— Адзявайся, доча... Адзенне во на тумбачцы.

Жонка ў ваннай перад люстрам падмалёўвала вусны.

— Хутчэй, мне няма калі! — падспешвала яна, паказваючы, што ёй хочацца хутчэй падаць заяву, а на самай справе чакала, пакуль Валодзька скажа: «А можа, адкладзём?»

— Зараз Наташу завяду...

Наташа адзелася і, не падышоўшы да маці, сказала:

— Я гатова, тата.— Яна была надзіва старанная, ахайная дзяўчынка, яе хвалілі выхавацелькі ў садзе, і Валодзьку заўсёды прыемна было гэта чуць, ён лічыў, што нешта ёй перадалося ад яго.

Валодзька ўзяў дачку за руку, і яны выйшлі на вуліцу. «Якая цудоўная раніца!» — ледзь не ўсклікнуў ён, і чамусьці ўспомнілася вёска. Ён так любіў тады ранкі. Пасля сну выходзіў на гарод, шызы і як бы шкляны ад густой расы, асабліва яна была відаць на лапках кропу; слухаў посвіст шпакоў, гуд пчол на ліпах. Чаму іменна сёння востра ўспомнілася вёска, малая радзіма, як яе называюць. Можа, зноў-такі, каб даць яму моцы ў жыццёвай крутаверці? А можа, і праўда ён ніколі не бачыў у горадзе такой прыгожай раніцы. Што за неба? За мяккаю ліловаю смугою рознакаляровая посцілка — быццам адна з тых, што ткала колісь бабка Надзёжа (ён помніць, дапамагаў намотваць на цэўкі ніткі, падносіў бёрды, націскаў на панажы): знізу цёмна-сіняя палоска, на краі размываецца, і з гэтай размытасці пачынаецца ўжо чырванаватая, потым жоўтая, зялёная, светла-блакітная, белая...

— Глядзі, доча, якое неба! — не мог стрымаць захаплення Валодзька.

— Як піраміда — кольцамі.

«Во, у яе зусім іншая асацыяцыя...» — падумаў Валодзька і сказаў:

— На маляванні ты намалюй такое неба.

— Такое не бывае!..— Дачка з усмешкаю паглядзела яму ў вочы.

— Як не бывае? Бачыш жа...

— Смяяцца будуць.

— Ну і што? Затое гэта будзе толькі тваё неба.— І падумаў: «І нам, творцам, як няпроста, таксама пад насмешкамі, уколамі скептыкаў, дурняў трэба адстаяць права іменна на сваё. Але ведай: няўмека ў чужой працы бачыць недахопы, а майстар — майстэрства».

— Добра, тата, я паспрабую...

Гаркота зноў сціснула Валодзькава сэрца: як жа, мабыць, збедніцца даччын свет, калі яна будзе жыць з адною маці. Была б яшчэ маці як маці, клапатлівая, самаахвярная, не так перажываў бы, а то ж толькі сябе і глядзіць, толькі сабою і займаецца: лазня, дыета, аэробіка — апошняя прыхамаць цывілізаванай жанчыны.

Валодзька вярнуўся ў кватэру. Жонка чакала яго, пад вачыма ў яе ляжалі густыя зеленаватыя цені.

— Ты, бачу я, не спяшыш разводзіцца? — сказала яна, робячы маленькую ўступку.

— З чаго ты ўзяла? Якая розніца, сёння ці заўтра. Зразумела адно, што адносіны мы не наладзім. У нас розныя з табою жыццёвыя пазіцыі.

Тое, што Валодзька не пайшоў на пакору пасля жончынага кампрамісу, хваснула балючым бізуном па яе самалюбстве.

— Ну добра! Будзеш шкадаваць!

— Гледзячы хто...— Валодзька быў спакойны, можа, нават абыякавы: чалавек, як вядома, да ўсяго прывыкае — размоў, хвароб, той жа аэробікі.— Шукай сабе такога, які будзе маліцца на цябе толькі за тое, што ты ёсць, нічога не маючы ўзамен на сваю ласку.

— Горш не будзе! — сказала жонка хоць і з годнасцю, але няўпэўнена: спытай у яе, што цяпер блага, яна не зможа пэўна адказаць.

— Кожны будзе, як казаў мой адзін разведзены сябра, лавіць рыбу на сваёй глыбіні.

— Давай хутчэй! — Жонка дэманстравала сваю нястрыманасць, іменна дэманстравала, а ў душы ёй хацелася як далей адцягнуць той пакутлівы момант, калі трэба класці заяву на стол суда. І гэтае Валодзькава назіранне пацвердзілася, калі яны ішлі ўжо на прыпынак і ён сказаў: