— Ну што, прамою дарогаю ў суд?
— Ведаеш, мне трэба адпрасіцца на рабоце...
— Пазвані і скажы, што затрымаешся.
У жонкі прапаў увесь яе азарт.
— Не. Разумееш, начальніку званіць...
У Валодзькі з’явілася рашучасць, і ён паехаў з жонкаю на пошту, дзе яна працавала тэлеграфісткаю. У аўтобусе жонка раптам узяла Валодзьку пад ручку, нібыта каб трымацца, але гэта азначала, што яна здае яшчэ адну прыступку сваёй пыхі. Дык што ж рабіць, задумаўся Валодзька, можа, яна абразуміцца? Але наўрад... Колькі ўжо было зарокаў! А жыццё тым часам ідзе па краі прорвы, якую капаюць штодня сваркі, знявагі, крыўды, прыдзіркі. Урэшце прорва можа аказацца такою глыбокаю, што і не выберашся з яе потым, тады стаў на жыцці кропку. На якім жыцці? Яшчэ такім кароткім і няплённым? Апошнім часам Валодзька адчуў, што гэтая сямейная няпэўнасць выбівае яго з каляіны і ў рабоце: чытае сцэнарый, а ў галаве нічога не застаецца — думкі пра іншае: што рабіць? Выходзіць, жонка не толькі белы свет, але і розум, душу яму завязала. І гэты сцэнарый пра Мішу Пруцікава, можа, апошняя спроба праверыць сябе, сваю сілу і здольнасці, колькі іх яшчэ ў ім засталося.
Жонка пайшла на пошту, а Валодзька спыніўся чакаць яе ў двары. Трохпавярховы будынак пошты стаяў, мабыць, у садзе; вакол раслі магутныя, кражыстыя яблыні і грушы. Яблыкі паспявалі, асветленыя сонцам, яны яркаю жаўцізною кідаліся ў вочы, на іх блішчалі сінія расінкі. Валодзька сеў пад яблыню на лаўку, чамусьці баючыся, каб яму, як таму Ньютану, не ўпаў на галаву яблык: на траве было густа насыпана яблыкаў, мабыць, падалі чарвівыя.
Жонкі доўга не было, але Валодзька сядзеў бяздумны: усё ўжо даўно абдумана, да апошняй макулінкі — і пра тое і пра другое, як кажуць. Ну, дачка — гэта зразумела... Шкада было і бацькоў, будуць перажываць. Але ж не менш ім перажыванняў і ад таго, што бачаць, як сын мучыцца.
Ляпнулі дзверы, на ганак выйшла жонка. Выраз твару ў яе быў рашучы і ганарлівы. Бакавым зрокам Валодзька раптам убачыў, што ў акне на трэцім паверсе нейкі мужчына крадком выглянуў з-за фіранкі і тут жа хуценька схаваўся. Кіно! Хто гэта: выпадковы чалавек ці, можа, палюбоўнік? Вельмі падобна, што не да начальніка хадзіла раіцца жонка. Але Валодзька падумаў: не трэба праясняць, навошта псаваць сабе нервы. Цяпер ужо ўсё роўна, слоў было даволі, нават лішняга ў запале нагаварыў, незаслужана навінаваціў.
— Пайшлі! — жалезным голасам сказала жонка. Дзяўчынка ты, дзяўчынка, падумаў з горыччу Валодзька, шкада цябе. Колькі легкадумнасці ў тваёй галаве, няйнакш, хапіла б на цэлы жаночы корпус. Ён ужо не адзін раз задумваўся: адкуль у некаторых жанчын гэтая, модна кажучы, інфантыльнасць? Адукаваныя, начытаныя, пры пасадах... Здавалася б, сур’ёзны погляд павінен быць на жыццё, падзеі, рэчы. Не, з такою лёгкасцю і без аглядкі ідуць на ўсякія непрыстойныя ўчынкі, знаёмствы, здрады, разводы, што нельга не давацца дзіву. Няўжо ўсё толькі ад таго, што мужыкі благія, грубыя, негаспадарлівыя, п’яніцы? Дык жа легкадумнасць, можа, яшчэ большая, і ў тых, чые мужыкі, як кажуць кіношнікі, «стопрацэнтныя ва ўсіх адносінах». Дзе, калі, чаму і што змянілася ў псіхалогіі жанчыны, якая спакон веку аберагала сямейнае цяпельца.
У такім скрушлівым роздуме Валодзька часам як бы пераконваўся: тая жанчына лёгка ператвараецца ў мяшчанку, нават мяшчаначку, якая не ставіць перад сабою ў жыцці высокай мэты, зводзіць яе да вузенькага, абмежаванага «мірка», які бачыцца ёй скрозь трубачку цыгарэты: усё дзеля сябе, дзеля таннага форсу, прыгожага, бестурботнага жыцця. Як зрабіць гэтую шчыліну шырокай, каб хлынула ў яе святло шырокай ракою, ці заканапаціць яе зусім?
* * *
Ночы стамілі Грышку. З раніцы балела галава, увесь дзень пачуваўся млява. Хацелася спаць, але сон не ішоў. А тут у абед прылёг на ложку на верандзе і заснуў, балазе ніхто не дурыў галавы. Лісаветка тырчыць у Мішы, як адвезлі ў бальніцу Ліду, а Ленка з малым некуды гуляць пайшла.
Прахапіўся Грышка ад стуку. Пакуль расшалопаў, што і дзе,— здаецца, нехта тузаў весніцы ў варотах. Во, гэта ж ён выпускаў парасят, дык запёр весніцы на завалу, а потым парасят, як трохі пачухалі па двары, загнаў у пуньку, а весніцы адперці забыўся. Хто тамака ламаецца? Можа, п’яны хто? Ад Паўлюка Аўгіннінага зачыняюцца ўсе людзі, каб не слухаць яго п’яную балбатню, дык ён, бы той сабака, праз весніцы перакінецца. І не выганіш яго, не адпрэчыш: Паўлюк першы на вёсцы «спец» па кабанах. Баба касы не паспее заплесці, як ён кабана заваліць, абсмаліць, на кавалкі тушу пакроіць, а тым часам у гаспадыні патэльня ўжо сквірчыць на стале. І дзвюх гадзін не прайшло, а Паўлюк з песнямі, з ружжом і торбаю свежыны на плячы ідзе дахаты. Але Грышка з ім варагаваў, не ішоў на прымірэнне, хоць той колькі разоў і вініўся, нават п’яную слязу пускаў,— была ў іх заварушка, была...