Райком партыі — белы высокі яшчэ даваенны будынак — стаяў у гушчыні клёнаў, ліп і кустоў бэзу, які ўжо адцвіў і выпрастаў акуратныя «елачкі» маленькіх зялёных струкоў. У праходзе да параднага пад’езда стаялі лаўкі, на якіх сядзелі людзі, мабыць, чакалі свае чаргі на прыём.
Грышка адразу пайшоў на трэці паверх. Пастукаў у прыёмную; спытаў у дзяўчыны-сакратаркі, ці можна да Елавікова. Яна глянула на яго, здалося, здзіўлена, затрымала позірк на планцы ўзнагарод і сказала пачціва: «Калі ласка!» Грышка павярнуў да дзвярэй направа, прыпамінаючы, што заходзіў сюды, калі атрымліваў ордэн, і ўжо ўзяўся за ручку, але сакратарка спыніла яго: «Не туды». Грышка спярша падумаў, што дзяўчына з яго пацыкаецца, але твар у яе быў сур’ёзны.
— Во сюды, калі ласка...— Дзяўчына шчыра ўсміхнулася і паказала на левыя дзверы. Выйшла з-за стала, узяла Грышку за локаць і падвяла да самых дзвярэй.
У кабінеце за сталом і праўда сядзеў Елавікоў — здалося Грышку, больш пасівелы, пастарэлы. Дзіва што, гады нікога не шкадуюць.
«Во ёлупень! — абурыўся Грышка на сябе.— Сам жа чытаў у раёнцы, што Елавікова абралі першым сакратаром...»
Елавікоў не адрываў вачэй ад папер, а калі ўбачыў Грышку, падняўся яму насустрач. Ён быў у белай кашулі, пінжак вісеў на спінцы крэсла.
— Добры дзень! Добры дзень! — жвава павітаўся ён з Грышкам за руку.— Сядайце, калі ласка, да стала.
Грышка нясмела сеў, не ведаў, куды дзець рукі. Хваляваўся. Праўда, не так, як тады, калі прыходзіў скардзіцца на Родчанку. Тады асабістая бяда ў яго была, цяпер жа як бы і не яго, а ўсіхная. Але ён не ведаў, з чаго пачаць, як сказаць, каб адразу ўразіла яго просьба і каб не падумалася Елавікову, што глупствам займаецца на старасці год чалавек. Ды Елавікова, здаецца, зусім не трывожыла, што зараз скажа яму Грышка, а падобна, ён хацеў проста пагаварыць, быццам не надакучае яму гэтая гаварыльня з дня ў дзень.— Як здароўе, Рыгор Мацвеевіч?
— Якое ўжо ў мяне здароўе! Няма чым хваліцца ў мае гады.
— А на выгляд вы — бравы казак!
— Ну, яшчэ ж паміраць не збіраюся,— усміхнуўся падбадзёраны Грышка. Малады ці стары, а скажы, што ён здаровы,— чалавек заўсёды радуецца.
— Рана, рана... Спраў у нас багата.
— Хапае! Чортведама з чаго пачаць?
— Пачынаць трэба з сябе.
Грышка падняў вочы на Елавікова: пра каго ён, пра сябе ці пра яго, Грышку. Елавікоў улавіў гэтую яго разгубленасць.
— Так-так, кожны з нас павінен пачаць наводзіць парадак на сваім месцы... А то разбасячыліся!
— Ета правільна. Правільна... І я так думаю. Але, можа, вы гаворыце толькі пра мяне, а я тут ні пры чым, я ўсё жыццё чэсна, з мазаля жыў і ўсё жыццё вінаваты быў... Перад Родчанкам, перад Міротнікавым! Помніце, і да вас прыходзіў? Не зразумелі і вы мяне... «Правільна Родчанка соткі ў вас забраў... Вы — ужо не член калгаса». А што жылле рваў дзеля гэтага калгаса — няшчот?
— Ну, гэта тады было, памылкі...
— Дык увесь час, палучаецца, памылкі!.. Раней памылкі, цяпер памылкі. Начальнікі іх робяць, сабе пузы ды кашалькі набіваюць, асабнякі ставяць, а вінаватыя Грышкі-шышкі... Во што. Іх круцяць, перакручваюць і так і сяк— што б з іх выціснуць? А што з мяне выціснеш, апроч мазаля на далоні? А трасяні любога начальніка...— Грышка ўжо не думаў, дзе ён знаходзіцца, яму ўсё роўна, важна, што гэта, можа, апошні шанец выспаведацца перад чалавекам, які ў нечым можа зразумець яго і, галоўнае, ва ўладзе якога нешта паправіць. Што насіць гэты груз у сабе, што спрачацца на лавачцы з такімі, як сам, што абурацца на Лісаветку, якая топчацца ў задрыпаным фартуху каля печы? Пустое дзела! А слова маё нешта ж значыць, нехта ж павінен пачуць, калі бога няма.
— Калі шчыра,— Елавікоў пераплёў на грудзях рукі, заківаўся ўзад-уперад, пераступаючы з пяткі на насок,— раней я вас не падтрымаў бы, у лепшым выпадку прамаўчаў бы, а хутчэй за ўсё аспрэчыў бы. Бо прызнаваць — значыць самому і дзейнічаць: змагацца, выганяць, здымаць! А цяпер скажу: ёсць праўда ў вашых словах, Мацвеевіч. Рвалі, граблі пад сябе і міністры, і старшыні, і загадчыкі баз... Больш пра ўласную кішэню дбалі. Не дабрабыт людскі турбаваў іх, а цёплае крэсла пад задам страціць баяліся, а таму і рабілі нешта... Крыку ж — на цэлую Еўропу! Не ўсе, канечне, такія, але шмат такіх. Цяпер нам усім трэба пра грамадства думаць, пра народ... таго, хто, як вы кажаце, «жылле рве».