Грышка не верыў таму, што чуў, быццам падмянілі Елавікова, у адну дудку з ім дзьме. А тады, гадоў пятнаццаць назад, ён, Грышка, яму пра Кузьму, а той — пра Дзям’яна: «Вот з вамі, Рыгор Мацвеевіч, і размаўляй. Нізкая ў вас свядомасць, атрымліваецца: замест таго каб вам, удзельніку вайны, сталаму, заслужанаму чалавеку, быць з намі заадно, выхоўваць масы, вы наракаеце, скардзіцеся: гэта вам не так, тое вам не падабаецца! А што ўжо пра іншых гаварыць?»
— Правільна! — набраўся смеласці, як не стукнуў Грышка па стале, але пабаяўся — яшчэ праломіць.— Рэжце мяне, біце, паліце, але самая чыстая душа ў чалавека простага, у цёмнага, забітага, як раней казалі... у таго, што па зямлі ходзіць. Газеты чытаю, тэлевізар гляджу: аднаму міністру па шапцы далі, другога за рашотку... А ён жа, калі такі, як я, да яго прыходзіў, уга якім святошам браўся, якімі слоўцамі сыпаў. А сам — і аферыст першай маркі, і п’яніца, і бабнік...— Грышка аж запыхаўся бедны.
— Партыя навядзе парадак, разбярэцца з разгільдзяямі. Цвёрда вам кажу, па старой дружбе...
— Навядзе, яшчэ як навядзе! — Грышка акурат прыгразіў некаму.— Толькі і вам у нас у раёне трэба хутчэй брацца... Хопіць тыцкаць пальцам у брыво, трэба праўдзе ў вочы глядзець.
Елавікоў дабрадушна засмяяўся.
— Канечне ж, бярэмся. Бюракратаў, што пазаселі, паўкараніліся, бярэм за кіршэнь. Крэпенька бярэм! Закруціў віхор!..
— Увесь час казалі: бярэмся! А што мянялася? Я нашчот крамы,— Грышка ўдала падлавіў момант, калі сказаць, чаго прыйшоў сюды.
— А што крама? — Елавікоў наморшчыў лоб — склалася гармонікам скура. Вопыт, канечне, браў сваё: з самага пачатку не сумняваўся Елавікоў, што не так сабе, абы языком памянціць, прыйшоў Пруцікаў, часцей за ўсё вядуць у райком людзей крыўда, бяссілле перад валакітчыкамі, калі ўжо выпрабаваны ўсе сродкі, страчаны ўсе надзеі, а справа ні з месца. Трэба хадзіць у райком! Хадзіць, як у свой дом.— Далёка ці зусім няма?
— Столькі ў раёне, маглі б і ведаць,— падкалупнуў Грышка.
— Дзе тут! Каля сарака тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Усё, усякі закутак ведаць не будзеш.
— Ага... Дык ёсць, крама ёсць, але от... палучаецца, што як бы і няма яе. Я ўсю праўду вам далажу. Пісаў я у вобласць, праверка была, але мяне абмінула...
— От жа людзі! — абурыўся Елавікоў, зразумеўшы з першых слоў, што прывяло Грышку Пруцікава.— А чаму перш з намі не параіліся?
— А што раіцца, падумаў... Вы ўсе тута адзін з адным звязаны. Закруціце, замуціце, і толку не даб’ешся.
— Не давяраеце, выходзіць? Дарэмна вы. На скаргі з месц стараемся рэагаваць канкрэтна... Дык што ў вас там з магазінам... э-э, крамаю? — з тонкаю ўсмешкаю на вуснах глянуў на Грышку Елавікоў — чалавек, які любіў гумар і жартаваў усюды: і на рабоце, і нават на трыбуне, не кажучы ўжо пра сям’ю і таварыскія кампаніі.
— А тое, што забываюць часценька на яе, бытта ў яе і людзі не ходзяць. Няхай нас прыгаршчы, як той казаў, але ж і мы курыць хочам,— Грышка ўсміхнуўся, пранікліва глянуў на сакратара райкома.
— Не завозяць прадукты?
— Завозяць гады-наўрады. А перад праверкаю нябось усяго навезлі. Рыбы, каўбасы, масла... хоць на спіну маж!
— Меры мерамі, а спяцоў вочы замазваць хапае! — ужо хмурнеючы не толькі лбом, але і вачыма — хавалася ясная сінь,— сказаў Елавікоў і зняў тэлефонную трубку.— Ды яшчэ колькі такіх! — Крутнуў некалькі разоў катушку.— Аркадзь Фаміч? Елавікоў. Што там у цябе з малінаўскім магазінам? Ага, скардзіцца прыйшлі...
Па твары Елавікова Грышка зразумеў: пык-мык, нічога сказаць не можа Дуктаў, круціцца, як той вуж, калі прышчэміш яму хвост.
— Дык кажуць, што толькі перад праверкаю...— Елавікоў жмурыўся яшчэ больш.— Ну добра. Гадзіны ў чатыры чакаю вас з намеснікам. Так, Міротнікавым...— Палажыў трубку, некалькі імгненняў засяроджана глядзеў перад сабою; падышоў да карты раёна, што вісела на сцяне, змераў пядзяю адлегласць.— І недалёка ж! А як дарога?
— Цяпер хоць бокам каціся. Новы старшыня асфальт палажыў.
— Новы? Малайчына! Не глядзіць, маленькая вёсачка ці вялікае сяло.
— Ягорычам мы давольны... Не дае распусты! Во трактарысты. Раней што напішуць сабе ў нарад, за тое і плоцяць. А Ягорыч сам правярае пуцёўкі... Спярша бурчэлі, нават мацюгалі, а пасля прывыклі.
— Дысцыпліна ёсць дысцыпліна, у ёй сіла свядомага чалавека...— Елавікоў вярнуўся да стала, пачаў гартаць паперы, але безуважна неяк, абы заняць рукі.— Як, ветэраны вайны, не ў крыўдзе?
Грышку мёдам на сэрца лягло: гэта ж чалавек не забыў і пра іх, удзельнікаў вайны, спытаў, як ім жывецца. Нічога такога, а прыемна, чорт! Часам добрага слова і не хапае людзям, каб мірна жыць. Развучыліся людзі спачуваць, падтрымліваць, шкадаваць адно аднаго. Так і стараецца каторы языком-асцюком укалоць.