— Нам шмат не трэба — трохі павагі, трохі ўвагі,— бадзёрым голасам сказаў Грышка.— І пуцёўкі ў санаторый даюць кожан год... Але я не езджу, кажуць, каб справіцца там з усякімі працэдурамі — туды трэба здаровым ехаць,— засмяяўся лагодна Грышка.— Мы там лішнія людзі, а ў калгасе, слава богу, не лішнія. Умеем, вопытныя, бітыя...
— Малайцы, старая гвардыя! І з крамаю вашаю ўсё будзе добра. І мякенькі хлеб пенсіянерам будзе...— Елавікоў гаварыў суха, упэўнена, быццам хацеў надаць упэўненасці і Грышку.
Грышка ўстаў, недаверліва глянуў на Елавікова, падаў яму руку. Ішоў, турбаваўся, нават пабойваўся, успамінаючы ранейшае, а тут быдта паразуменне з першым сакратаром выйшла. Не сыходзіў Грышка па прыступках з трэцяга паверха, а ляцеў уніз, бы які свавольны калыглуз. Вылецеў на вуліцу — і спыніўся: перад зелянінаю, аблітаю сонцам, яркімі чырвонымі плакатамі, светлым дамком на другім баку вуліцы, каля якога гулялі ў пясочніцы пад стрэшкаю-мухаморам дзеці. Туга раптам сціснула сэрца ў клубочак болю, а туга заўсёды сеяла ў ім сумненні ды расчараванні. Зняверыўшыся за сваё некароткае жыццё, прывыклы, што адусюль яго штурхалі, выправаджвалі, гналі, ён сумняваўся: ці верыць яму ва ўсё, што пачуў ад Елавікова, ці спраўдзяцца яго надзеі? Гэта ж манер у начальнікаў такі — абяцаць. Людзі ідуць, ідуць, а начальнікі ваду льюць, льюць... І ўсё застаецца як і раней. А што ўжо ён, Грышка, такога несусветнага хоча, дабіваецца? «Трохі павагі, трохі ўвагі?» А навошта яму ўсё гэта, для чаго — каб хто растлумачыў? Толькі для таго, што ён — чалавек і што ў яго душы, як ва ўсіх, жыве і точыць сум і па радасці, і па чужой жаночай ласцы, і па вялікім, проста боскім прызнанні ягоных заслуг, даражэй за якія, часам здавалася яму, няма нічога на свеце... Ёлупень ты, Грышка! Пнешся, пнешся, а дарога-то вядзе не ўверх, а ў зямлю. Жахліва, але так.
Ён пачуў за спінаю шапаток на лаўцы — там, дзе сядзелі два пузатыя дзядзькі: «Во які расчырванелы! Няйначай персанальную выбіў?» Схамянуўся, але не аглянуўся нават Грышка, пайшоў у бок аўтастанцыі.
* * *
Ад Грышкі Пруцікава пайшла ў Малінаўцы мода на «самакатах» ваду вазіць. Лічы, кожны двор займеў самакат гэты: на вёску ўсяго два калодзежы, і паспрабуй кіламетр два вядры пранесці. Іван Лукіч Шапялёў таксама зрабіў сабе вадавозку — схадзіў на трактарны стан, і яго былы вучань, які рабіў кавалём-газазваршчыкам, сын Паўлюка Аўгіннінага, змайстрачыў яму за гадзіну. Залатыя рукі ў хлопца былі, рабіў санкі, каляскі, качэргі, вілкі, завесы, матыкі... Але чарка загубіла, па бацькавых слядах пайшоў. Таго хвароба не бярэ, а сын... Напіваўся да чорцікаў, да бясцямнасці. У нядзелю не прадавалі гарэлкі. Паехаў па вёсках на матацыкле шукаць. Там няма, там няма... Не вытрымала сэрца — і на дарозе, акурат каля могілак, зваліўся, а матацыкл яшчэ метраў пяцьдзесят бег...
Доўга не мог Іван Лукіч бітона дастаць, але шэфы з Магілёва прыязджалі буракі палоць дый пакінулі пасля сябе бітон у школьнай сталоўцы.
Валодзька ўзяў першы раз у рукі самакат, і адразу адкінула памяць назад: яны, хлапчукі, чаго толькі не рабілі: і самакаты, і канькі, і нават лыжы; гэта пазней на змену ўсё магазіннае прыйшло. А помніцца і са шчымліваю радасцю ўспамінаецца якраз тое, самаробнае.
Валодзька начапіў на крук бітон і выруліў з двара. Завярнуў у завулак і ўбачыў, што каля калодзежа нехта ў белай сукенцы стаіць — бы мятлушка пырхае. Бліжэй пад’ехаў — ф’юць! — Ленка Пруцікава ваду бярэ. Даўнавата не бачыў яе: сэрца аж застукала ў грудзях. Што яму там не месціцца? Ногі хоць і абвялі, але борздка панеслі да калодзежа. Ленка круціць калаўрот ёмка, хвацка, ажно сукенка туга напінаецца на ёй: ногі то вышэй, то ніжэй адкрываюцца — загарэлыя, стройныя. І сама Ленка ўся як спружына, сіла ва ўсім целе адчуваецца.
Валодзька звярнуў, каб пераехаць на другі бок вуліцы,— бітон забразгаў вечкам на калдобінах, Ленка павярнула галаву —і вядро з рук у калодзеж выпала. Засвістала ручка, як бізун у вопытнага рамізніка, закруціўся шалёна калаўрот, не спаймаеш, так дасць у пальцы, што толькі хруснуць, як сучкі. Ленка трымала далонь высока над калаўротам, а сама не зводзіла з Валодзькі вачэй, і думкі круціліся ў галаве з шалёнасцю калаўрота. Засаромелася, відаць, шчокі чырванню наліліся, як памідоры сталі, тугія, сакавітыя.
Валодзька павітаўся. Ленка невідучымі вачыма глядзела і лавіла ручку калаўрота.