Выбрать главу

Цяпер замест канавы роўненькі канал з голымі берагамі, пясчаным дном, чыстаю, халоднаю крынічнаю вадою — станеш: ногі імгненна нямеюць, а холад па жылах, здаецца, падымаецца да самых кончыкаў вушэй. Во дзе загартоўка! У такой вадзе не толькі рыба ці ўюн, а нават звычайны жук-плывунец ці п’яўка ў спячку залягуць. А раней жа ў канаве, сажалцы столькі было карасёў, уюноў — рукамі лавілі. Неяк Валодзька з каробкаю ад процівагаза прыйшоў і начэрпаў, ледзь панёс.

Цячэ, мяняецца не толькі вада, аказваецца...

Яны стаялі на беразе азярца, і Валодзька прыпамінаў, а чым дзяліўся ўслых з Мішам. Міша больш маўчаў, ён не настолькі быў апустошаны цывілізацыяй чалавек, каб хваравіта перажываць за такія дробязі, як жывуць п’яўкі ў азерцы ці не. Ён думаў пра сваё: як адчапіцца ад гэтага Валодзькі з яго «кіном».

— Не, ты скажы, ці страшна табе было? — ужо каторы раз пытаўся той.

Міша маўчаў, як вады ў рот набраў з азерца, і цішыня аглушала. Па небе плыла з-за лесу невялікая круглая папялова-ружаватая хмара. Ад таго, што ішла проці сонца, яна гусцела з кожнаю хвілінаю, і ўсё болей ды болей налівалася ў ёй пагроза кароткага, але дужага, яркага дажджу.

«Ці страшна?..— хмыкаў у душы Міша.— Прычапіўся: раскажы ды раскажы пра пажар...»

— А скажы, ну чаму ты... што цябе штурхнула? — разумеў Валодзька, што пытае казённымі, сухімі словамі, якія, бадай, і незразумелыя да канца Мішу, і ўсё роўна не мог спыніць сябе: яму хацелася пачуць ад Мішы нешта такое, што можна было б потым уставіць у сцэнарый.

— Слухай, Валодзька, не дуры галавы! — Міша сплюнуў пад ногі недакурак.— А то мяне, ведаеш, доўга ўгаворваць не трэба: раз, два — і сыграю ў косці.

— Ну ўсё-такі.

— А я не думаў, што мяне штурхала! Што робіцца, тое і робіцца. Значыць, так трэба.— Міша глянуў незадаволена на Валодзьку. Бляск вады адбіўся ў ягоных вачах, і яны ззялі густым, цёмным бляскам, акурат рудыя гузікі на механізатарскай куртачцы, што вісела наапашкі на ім.

— Ну, подзвіг жа...

— Стукну, чэсна кажу, стукну!

— Ну хіба не подзвіг? — не здаваўся Валодзька.— Другі на тваім месцы, можа, кінуў бы ўсё ды сваю шкуру ратаваць... У агонь бы не палез. Усё-ткі нешта кіравала табою?

— А чаму я павінен быў думаць, што мною кіравала?

— Ну як жа!.. Чалавек так сабе не будзе рызыкаваць жыццём. У імя мэты будзе. Яна ім і кіруе, няхай у падсвядомасці...— Валодзька выводзіў Мішу на правільныя словы.

— Дзіўна мне! Падсвядомасць нейкую прыплёў...

— Добра, няхай не думаў у той момант, як кідаўся тушыць. А тады... ужо ў бальніцы, пра што думаў?

Міша першы раз за гэтую нялёгкую для яго размову ўсміхнуўся, неяк стрымана, суха, акурат баяўся выпусціць усмешку і загнаў яе глыбей у сябе, як заганяюць пад ногаць стрэмку зусім не чуючы болю.

— Пра любоў.

— Да зямлі?

Міша не ўтрываў, звонка рассмяяўся.

— Сур’ёзнае дзела, і давай, браце, па-сур’ёзнаму,— ужо раззлаваўся не на жарт Валодзька.

— З-за вас, сур’ёзных, няма праступу простаму чалавеку. З газеты ўжо прыязджалі, чапляліся... Думаў...— Міша ўздыхнуў.— Думаў! Што не ўратаваў я АВМ — во пра што думаў!..

Ластаўка праляцела нізка над азерцам, чыркнула грудкаю па шкляной вадзе, патрывожыла яе, пусціла ў бакі «стрэлы».

— Усё-ткі ж думаў.

— Думаў!

— А чаму?

— Маць з атцом мяне так васпіталі, разумеш? — Міша дзёрзка паглядзеў у вочы Валодзьку, той ажно сцяўся.— Што робіцца, тое і робіцца.

Цікава, падумаў Валодзька, падмеціўшы, што Міша другі раз паўтарыў фразу: «Што робіцца, тое і робіцца». Калі разабрацца, дык гэта свая філасофія. Тут, канечне, важна: што робіцца. Ва ўсякім разе, гэтая філасофія не адымае натуральнасці чалавечых паводзін, натуральнасці жыцця, яна пазбаўлена фальшу. Бо ёсць жа людзі, якія ідуць і жывуць проці сваёй сутнасці, маскіруючыся, і адно таму, што так загадвае розум. Трыумф розуму — гэта добра, але высокі палёт розуму яшчэ не заўсёды азначае высокі палёт духу. Валодзька, ударыўшыся ў высокія матэрыі, зусім забыўся пра Мішу, які стаяў побач і глядзеў удалеч.

Раптам з таго краю азерца нахапіўся мацнаваты вецер, пахіліў асаку, прычасаў яе, і яна заблішчала, узялася сівенькаю зыркасцю, як ураз выліняла ўсё роўна. І хмарка ўжо навісла над галовамі, пагнала разам з ветрам рабізну па вадзе, і азерца перастала быць падобным на шкло, а хутчэй на лапік узаранага і паскароджанага чарназёму. Толькі падумаў так Міша, як пайшоў дождж, зашумеў па вадзе, бы сухі авёс з парванага мяшка.

— Уцякаем? — Валодзька, не вымаючы з рукавоў рук, нацягнуў на галаву джэмпер.