Выбрать главу

«Лажыцеся вы ды спіце, рыбакі! — сонным голасам, у якім чулася і абурэнне, сказала Лісаветка і без злосці зацягнула: Во-о-оечкі, бязлюддзе і бязлюддзе!..»

Грышка кіўнуў на спальню галавою: глядзіце, не разумее баба, што з ахвотаю, а не прымусам яны ўсталі так рана.

На дварэ было свежа. Ядраны халадок зразу ахапіў Мішу з галавы да пятак; але не ядавіты ён, адчуў Міша, гэты халадок, а мятны, прыемны, свойскі, як летная вадзічка ў Сажы. І пахне хораша — яблыкамі і яшчэ нечым тугім і духмяным.

Грышка ўзяў у куце каля пуні лапату, зняў з частаколіны шырокую, як патэльня, бляшанку з-пад салакі. «Пойдзем на пагон, тама ў трэсках заадно і гнаевікоў накапаем». Выйшлі на гарод. Першы мяжою бег сабака, чмыхаў носам і бойка віляў хвастом-мяцёлкаю. Панураны, счарнелы, ужо асуджаны пад касу, стаяў бульбоўнік. Міша плікаў сабе пад ногі ліхтарыкам: на мокрыя мысы кірзавых ботаў наліплі жоўтыя крупкі пырніку.

Тугі, духмяны пах пагусцеў, стаў патыхаць у нос, як з бочкі. «Во! — здагадаўся Міша.— Зруб пахне...» Зруб стаяў у паўзмроку сіняватым ікластым прывідам, быццам дагістарычны дыназаўр вылез і зрывае з ліпы лісце. Міша зябка перасмыкнуў плячыма: ці ад таго, што недарэчна падумалася пра дыназаўра, ці, можа, ад халадку, што смялей браўся за шчокі, шыю, вушы. Заказытаў у носе дым: за спінаю ў Мішы закурыў бацька. Рэдзенькі дымок паплыў над бульбоўнікам лёгкай, празрыстай стужачкаю; а на пагоне каля балотца ляжаў цэлы пласт белага, шчытнага, бы лямец, туману: здаецца, зачапі яго нагою, і ён увесь затузаецца.

На кароценькай пажухлай сашчыпанай гусямі і качкамі траве ляжалі расінкі — сухія, цьмяныя, бы кропелькі парафіну. «Во туды,— паказаў Грышка на цёмны астравок — бадзяк быў высокі, стаяў сцяною, на верхавінках пазавязваліся ў клубочкі сухія кветкі.— Цішэй толькі, не ўкаліся.— Грышка прысеў на дыбкі.— Свяці...» — Лапатаю, нагамі Грышка расхінаў пруткія, цвёрдыя сцябліны, да болю ў вачах углядаўся на зямлю.

«Во ён!..» — не ўтрываў, аж крыкнуў Міша. Бліскучы таўсты, бы аловак, выпаўзень шыўся ў траву. Міша спрытна падчапіў яго пальцам, скінуў у бляшанку, падсыпаў зямлі. «Адзін вокунь ёсць!» — загарэўся і Грышка. «А донкі цэлыя?» — «Цэлыя. Ператрасаў нядаўна...» Іменна перад Мішавым вяртаннем, іменна дзеля яго, Мішы, Грышка пераглядаў рыбацкае прычындалле, але цяпер чамусьці не хацелася гэтым хваліцца.

«І велік мой на хаду?» — «А як жа. Ніхто не чапаў. Я толькі разы два ланцуг салідолам змазваў...»

Выпаўзні круціліся ў бляшанцы, плаўна падымаліся ўгору, лезлі на сценкі — шукалі выйсця. Міша сухой бадылінаю перакрываў ім ход. «Хопіць,— сказаў Грышка.— Цяпер чарвякоў...» Непадалёку ляжалі трэскі: летась па восені Грышка тут карыў, часаў хлысты, высякаў у бёрнах чашкі. «Дай я»,— Міша ўзяў у бацькі лапату. Адгарнуў з краю трэскі. Грышка свяціў. На свежай чорнай зямлі заварушыліся, выцягваючыся ў нітку, рудыя чарвякі-гнаевікі, падобныя на выпаўзняў, але маленькія, дробныя, акурат іх дзеткі. «Ну дос, пайшлі... А то на ранішні жор спознімся»,— сказаў Грышка: задубела спіна, ледзь разагнуўся.

Яны ішлі мяжою, і за імі, апусціўшы хвост, нехаця плёўся Босы: не ўдалося яму пагойсаць уволю, трэба вяртацца дахаты; а туды, куды збіраюцца гаспадар з сынам, яго не возьмуць: там заказнік, што на сабачай мове азначае «нельга!». Босы, канечне, да пары да часу церпіць здзек, от калі-небудзь сарвецца з ланцуга, махне на ўсе гаспадаровы забароны хвастом і прарвецца ў той таямнічы, недаступны заказнік: тады будзе тарараму ды страху зайцам і дзікам.

Сумку з ядою сабралі вобміг. Грышка адрэзаў брусок сала, паклалі з пяток салёных гуркоў, пару цыбулін, круцялёк каўбасы, хлеба. На беразе, як і ў лузе на касьбе, есца добра, гэта Грышка ведае, а цяпер вось, у такую рань, есці зусім не хочацца, колам не ўваб’еш. Але ж рукам ды нагам падмацунак патрэбен, і Грышка ў такіх выпадках (кароў на ранкі трэба гнаць ці ў грыбы ісці) выпівае сырое яйка. Латва: сябе мучыць не трэба — глык, і гатова, і «калёрый» тых, што рукі-ногі просяць, хапае. Міша, праўда, на булку з малаком насеў: Лісаветка вячэрынку знарок пакінула на стале ў гарлачы. «Міша малады,— падумаў Грышка.— Яму давай і давай у нутро, як той вутцы».

Босага Грышка навязаў на ланцуг, пакруціў за вуха, але той, пакрыўджаны, палез пад веранду і лапы схаваў: усе, ідзіце, зладзеі,— вартаўніка няма.

Круцілі педалямі без супынку: сцежка паўз дарогу была гладкая, адно там-сям лучалі пад колы карані ды палкі. «Глядзі, тут будзе пень,— папярэдзіў Грышка: ехаў першы.— І знаю ж, а ўсё роўна не-не дый скаблянуся аб яго».

Вароты ў Дом рыбака былі расчыненыя, і туды вялі дзве белыя вузкія, як вяроўкі, палосы. «Нехта ўжо прыскакаў»,— сказаў Грышка з рэўнасцю ў голасе: што яны не першыя. Каля ганка стаялі два веласіпеды, на іх цьмяна блішчала раса. «Няхай і нашы тута стаяць, адмыкаць хату не будзем,— сказаў Грышка.— Сумку возьмем з сабою... Бяры. Пайду вудзільны з-пад даху дастану».