— Там мама засталася...— Ленка сышла на пясок.
— Малайцы, усе разам, як мурашкі! А нам жа, настаўнікам, сена не даюць, дык я во...— паказаў шуфлем на глей.— Прынаду рыбу лавіць шукаю.— Прысеў на кукішкі, стаў рукамі разграбаць фіялетавы глей. Чаго толькі ў ім не было: і тонкія, як ніткі, рудыя чарвякі, і скручаныя ў бараноў рог смаўжы, і зеленаватыя крохкія ракавінкі, і жоўценькія, бліскучыя сліняўкі, якія дрыгалі ножкамі і скакалі, бы конікі ў траве, і нават «скарпіёны» — плоскія, на даўгіх нагах вадзяныя павукі... Але ўся гэтая ўсячына не цікавіла Івана Лукіча, ён ці то не звяртаў на яе ўвагі, ці то кідаў назад у ваду. Шукаў у глеі нешта такое, да чаго трэба пільна прыглядацца.— У нас неяк прывыклі лавіць толькі на дажджавога чарвяка, а людзі на ўсё ўмеюць: хлеб, пярлоўка, гарох, рачынае мяса, птушыныя кішкі... На матыля ловяць. Гэта я матыля і шукаю... Хадзі паглядзі во! — Іван Лукіч і тут, за такім, здавалася б, дробязным заняткам заставаўся настаўнікам. Толькі цяпер Ленка заўважыла на беразе паўлітровы слоік — на дне быццам малінавае варэнне. Яна ступіла яшчэ два крокі, сагнулася: у слоіку варушыліся маленькія ярка-чырвоныя чарвякі з чорнымі галоўкамі і чорнымі ножкамі.
— У спякоту на чарвяка брацца не хоча, а на матыля клюе,— Іван Лукіч ступіў у ваду, паставіўшы тарцом шуфель, пацягнуў яго па дне да сябе.— Гэта Валодзя мой нядаўна прыязджаў... да Мішы вашага, дык параіў мне.
— Во, трэба будзе і сваім сказаць,— падхапіла Ленка.
— Скажы. Міша ж рыбак... А можа, Валодзя з ім падзяліўся ўжо? Казаў, у іх у Мінску ледзь не ўсё Камсамольскае возера выграблі, шукаючы гэтых матылёў. Некаторыя... забулдоны ўсякія, прадаюць, запалкавы карабок — рубель.
Валодзя... Валодзя... Ленка адчула, як прыліло ў душу цяпло, стала ясна ў вачах, і вада, здаецца, у Сажы пасвятлела. А можа, і не таму, што пра Валодзьку гаворка тут была. Можа, сустрэча з настаўнікам падвесяліла Ленку, засланіла сабою ўсе нягоды і маркоты: Іван Лукіч ветлівы, добры, гасцінны, з ім заўсёды і проста, і прыемна. Нездарма ж яна, Ленка, колісь, яшчэ школьніцаю, жарцікі строіла: «Ні ў жысць мяне не возьме ваш Валодзька, а я хоць зараз згодна за яго замуж...» Журба адпала, і Ленцы зноў жартаваць хочацца, сказаць што-небудзь гарэзлівае, але ж не дзіця яна ўжо, і Іван Лукіч не на падпітку, а то б спыталася, ці будзе ён, Іван Лукіч, цяпер сватаць яе сыну. Зароіліся думкі вакол гэтага жарту, і Ленка, каб часам у запале не ляпнуць чаго лішняга, падумала, што лепш пайсці.
— Ну не буду вам замінаць, пайду...
— Што ты, Лена! З табою, наадварот, весела заўсёды.
Ні цені незадаволенасці ці насцярожанасці нейкай не ўбачыла Ленка ў паводзінах, словах Івана Лукіча, наўпярок, прыязнасць, адкрытасць, і гэта яшчэ больш вяртала яе думкі да Валодзькі, да іх сустрэчы каля калодзежа. У яе, канечне, тады сэрца апала, затрапятала, як злоўленая ў сіло сініца, і ажно праз усю ноч стаяў перад вачыма Валодзька, яго пальцы на тонкай восілцы вядра...
Яна ішла каля самай вады і глядзела задуменнымі вачыма на шырокае, круглае, як блінцы, лісце гарлачыкаў: спакойна ляжыць, не варухнецца, як прыліпла ўсё роўна. І думка пра Валодзьку прыліпла да яе гэтаксама, не адагнаць, не адбіцца. Нельга нічога з сабою зрабіць, хоць плач. «Дурніца, дурніца нейкая! Што тут скажаш...» — бэсціла сябе Ленка, адчуваючы, як мутнее яе позірк, быццам яна ўваходзіць у ваду...
* * *
Аўтобус быў маленькі, куртаты, аранжавага колеру, на баку яго — ніжэй вокнаў — белымі, трохі прыпудранымі пылам літарамі напісана: КІНО. Аўтобус акружылі вясковыя хлапчукі, і Ляксееў Жэнька тут жа правёў пальцам палоску, якая перакрэсліла ўсе літары, выявіўшы ярчэй і белую, і аранжавую фарбы.
Пярэднія дзверы з рыпам, як бы нехаця, расчыніліся, і з аўтобуса па праву гаспадара першы выйшаў Валодзька Шапялёў. За ім барадаты дзяцюк у вузенькіх пакамечаных штанах-дудачках і белай сплюшчанай з брыльком кепцы. Пакуль хлапчукі разглядалі іх, не заўважылі, як выйшлі з аўтобуса астатнія. Нізенькі, круглатвары, як памідор, лысаваценькі мужчына з маленькімі шэрымі вочкамі, якія ўмелі шустра бегаць па баках і імгненна спыняцца, як застываць. Другі чалавек быў ганарыстага выгляду, спакойна-развязны ў рухах, нягледзячы на маладжавы ўзрост, ужо сівы. Хлапчукі адразу і ахрысцілі іх: Памідор і Сівы Дзед. І мы з дазволу хлапчукоў так будзем называць іх, чаргуючы Сівога Дзеда з рэжысёрам, а Памідора — з дырэктарам фільма. Апошні мог бы і не быць, не ехаць у такую далеч, але вельмі любіў вясковыя стравы і не мог перасіліць спакусы іх адведаць, бо як і многія нашы сучаснікі, ужо даўно трапіў пад абладу абжорства. Белая Шапачка, што вылезла з аўтобуса ўслед за Валодзькам Шапялёвым, павінна была здымаць і называлася інакш — аператарам.