Выбрать главу

Іван Лукіч Шапялёў ведаў, калі прыедуць кіношнікі, і падрыхтаваўся да сустрэчы. Ён адчыніў шырока вароты, паказваючы, што аўтобус можна загнаць і на двор; павітаўся з кожным за руку — інтэлігент, ён і ёсць інтэлігент, у чыстай светлай кашулі, адпрасаваных штанах (на рэмені), у туфлях па апошняй модзе — з вузенькім носам і на высокім абцасе.

— Заходзьце, таварышы, у хату,— запрасіў ён гасцей, звяртаючыся да Памідора, па інтуіцыі адчуўшы, што гэта — галоўны.

Валодзька першы ступіў за бацькам, паказваючы астатнім, што не трэба марудзіць, муляцца і скоўваць сябе: як кажуць, свае людзі. Госці, праўда, і не думалі таптацца, дружна, як гусяняты, пайшлі ўслед.

— Во памыйцеся з дарогі,— паказаў Іван Лукіч на рукамыйнік, што вісеў на дубовым слупку, які падпіраў невысокую стрэшку; тут жа на табурэце стаяла вядро з вадою, ляжала ў мыльніцы мыла; махровы зялёны ручнік вісеў на рагу сталюгі.

Госці няспешна памыліся, прычасаліся, а Памідор толькі прыгладзіў далонню каля вушэй рэдзенькія цямнявыя валасы.

Валодзька пацалаваўся з маці, яна ставіла на стол талеркі, здаецца, ці не ўпершыню неяк востра, балюча ўбачыў, што ў маці пасівелі валасы, памаршчынеў твар і глыбей пад лоб схаваліся вочы.

— Добры дзень у хату! — загрукалі госці каля парога нагамі.

— Не разувайцеся, не трэба,— сказаў Іван Лукіч.— У нас тут не наразуваешся, сто разоў выйдзеш за дзень з хаты.

Селі за стол — раскладны, таму і даўгі, як састаўленыя два звычайныя сталы.

— Як бываю ў вёсцы, самая лепшая яда мая — тваражок,— сказаў Памідор, зачэрпваючы лыжкаю з вялікай місы тварог; на мезеным пальцы ў яго бліскаў залаты пярсцёнак-пячатка.— Што за цуд, гэты тваражок! А калі яшчэ са смятанкаю ды з мядком...

— Ешце, ешце, такога дабра ў нас хапае,— засмяялася гаспадыня, Марыя Піліпаўна: у яе гладка, да бляску прычасаныя русыя валасы, з якіх вылузнуты маленькія белыя круглыя вушкі.

На стале і праўда была адна смаката. У крышталёвай талерцы залітыя смятанаю свежыя гурочкі. Смажаная курыца з ружоваю падпечанаю скураю, абкладзеная долькамі салёных памідораў і зялёным гарошкам і пасыпаная кропам. Параная бульба, аблітая падсмажанаю на тлушчы зялёнаю цыбулькаю. Роўны веярок скрылікаў паляндвіцы адліваў сіняватым перламутрам, як у маладой ракавінкі. А яшчэ самаробная каўбаска, парэзаная на даўгаватыя паленцы, з бліскучаю падсохлаю зверху скуркаю.

Насы гасцей дружна цягнулі ў сябе густыя, апетытныя пахі, якія на нейкі час прымусілі ўсіх за сталом маўчаць.

— Дык мы адразу пасля абеду і пачнём? — нарэшце пачаў дзелавую размову Сівы Дзед, глянуўшы на Валодзьку, які першы палажыў на пусты сподак відэлец. Не хацелася зусім есці, перасыхала ў роце.

— Дзе сёння Міша Пруцікаў, не ведаеце? — спытаў Валодзька ў бацькі і не змог стрымацца, злёгку пачырванеў: пытаў пра Мішу, а думаў пра Ленку.

— Здаецца, з раніцы сілас вазіў... Цяпер, можа, на абедзе, хаця ён на абед рэдка прыязджае.

Белая Шапачка і Сівы Дзед пераглянуліся: сцэна ёсць.

Знадворку, на ніжнім краі рамы раптам паявіліся пальцы, потым высунулася стрыжаная макаўка галавы і цікаўныя насцярожаныя вочы Ляксеева Жэнькі.

«Пайду спытаю ў яго, ён будзе ведаць»,— падумаў Валодзька і ўстаў з-за стала. Выйшаў на двор. За вёскаю трашчалі, раўлі трактары, адтуль далятаў глухі мужчынскі крык.

Каля хаты ні Жэнькі, ні каго іншага з хлапчукоў не было: ага, абманеш ты іх, пачулі, што нехта выйшаў з хаты, і бліснулі куды-небудзь, бы тыя зайцы.

— Эй, Жэнік, хадзі, значок дам! — гукнуў Валодзька, але ніхто не абазваўся, і ён павярнуў у завулак.

Вёска, аплытая крамянай, сакавітай зелянінаю, выглядала як бы прытоенаю і соннаю. Не варухнецца галінка. І ў гэтым спакоі рагачы антэн над хатамі здаліся Валодзьку дзвюма збліжанымі грудкамі вастракрылымі ластаўкамі, што раз-пораз белымі іскрынкамі мільгалі па вуліцы нізка над зямлёю.

Бліжэй, у радзе завулка, стаяла хата дзядзькі Грышкі, а ў яе за глухою сцяною, пад ліпамі,— Мішава. Нейкаю непадуладнаю сілаю Валодзьку пацягнула да ганка старой хаты, карцела, так карцела яму пабачыць Ленку зноў і сорамна было прызнавацца самому сабе, што ўвесь гэты час думкі пра Ленку не-не дый прыходзілі да яго, асабліва пасля жончыных выпадаў. Чорнаю маркотаю глянула на яго сваім вялікім вокам сабачая будка. Звычайна, пачуўшы крокі, з яе вылазіў Босы, віляў хвастом ці насцярожана бурчаў.