Выбрать главу

— Прыгажуня, ды ты не паглядзеў,— раптам зусім сур’ёзна, нават з крыўдаю сказала Ленка і з большаю зацятасцю зашкрэбала ногцем па цыраце.

— Яшчэ не позна паглядзець,— напаўжартам, напаўсур’ёзна сказаў Валодзька, і доўга не сыходзіла ўсмешка з яго твару, а вочы глядзелі на Ленку, шукаючы сустрэчы з яе вачыма.

— Гавары, гавары,— аж пачырванела Ленка, гэта Валодзька ўбачыў, але не мог ён пачуць, як застукала пад блакітным плаццем дзявочае сэрца.

— Ну пакуль! — развітаўся ён, адчуваючы, што яму трэба ісці, што ён не можа зараз падаць ніякай надзеі Ленцы.— Няма часу. Прыходзь на здымкі — буду рады...— Ён гаварыў і злаваў на сябе, што словы ў яго нежывыя, не свае, чутыя ад іншых.

Валодзька павярнуўся. Ленка скранулася з месца, але не пайшла праводзіць, а потым з-за фіранкі доўга глядзела Валодзьку ўслед. «А што? І прыйду!» — ад сораму, ад прыхлынутай раптоўнай тугі, упартасці, што не раз густа замешвалася ў ёй, гарачыла яе напаўцыганскую кроў, аж застукала ў патыліцу, а ў вачах запырхалі зноў тыя жоўтыя мятлушкі, што аб’явіліся ўпершыню ў радзільнай палаце...

Закрахтаў на ложку, піснуў Сярожа. З нейкаю хваравітаю апантанасцю кінулася яна да яго, баючыся, каб ён не ўпаў.

* * *

— Так-так, давай, хлопчык,— падштурхваў да трактара, да Мішы Ляксеева Жэньку Сівы Дзед.— Прасіся ў дзядзі на трактар... Во-о-о, так! Усміхайся, жмурся!

Жэнька, загарэлы, з ліловым носам, распатлачанымі белымі, як пух, валасамі, падступаўся да Мішы, але рот бы сашчаміла прышчэпкаю: не мог асмеліцца сказаць слова, баяўся, што Міша турне яго ад трактара. Так яно і было б, калі б гэта было ў звычайны дзень, а не на здымках. Мішу ўгаварылі «даць якому-небудзь мальцу патрымацца за руль», маўляў, цікавасць да тэхнікі з дзяцінства. Колісь і праўда Міша аціраўся каля трактароў-машын. Што аціраўся, то аціраўся, і не толькі каля тэхнікі, жывую «тэхніку» любіў — коней, пругкіх, гарачых, імклівых, як вецер, як вярхушка полымя, якое рве ў комін неўтаймоўная цяга.

Міша бярэ Жэньку за падпашкі, ставіць у ажно гарачую кабіну. Жэнька ўплятаецца бруднымі рукамі за руль, круціць яго, нахіляючыся то ў адзін бок, то ў другі.

Стракоча кінакамера — Белая Шапачка прысядае, жмурыць незаслоненае акулярам вока — трасуцца вейкі,— перабягае на другі бок, цэліцца камераю ў запыленае шкло кабіны; з галавы спадае белая кепка, падае ў пясок, але аператар не зважае. Кепку падымае Памідор і стукае ёю аб калена — з яе пылу, як з порхаўкі. Рэжысёр падымае ўказальны палец: цы-с-с-с.

— Герой ляпае мальца па плячы! — падказвае Мішу Сівы Дзед.

Міша ўжо ведае, што «герой» — гэта ён. Нехаця, з кіслаю ўсмешкаю Міша штурхае Жэньку ў худы плячук.

— Смялей, натуральней! — зноў крычыць рэжысёр. Мішу ўжо абрыдла, іржою ў пячонкі ўелася гэтая «рысоўка», гульня: паўдня глумяцца. Перш здымалі яго самога за рулём у кабіне — вязе сілас. Вясёлы, радасны, усміхаецца, песенькі высвіствае... Потым, наўпярок, сумнага, паніклага, здымалі на збожжатоку, каля агрэгата вітаміннай мукі, які ён ратаваў ад агню. Якраз туды і Ягорыч пад’ехаў, заступіўся за Мішу: «Што трактарыста мне мучыце?» Але ён хацеў сказаць: навошта гэтая паказуха?

І яшчэ чортведама колькі сцэн трэба: сярод аднавяскоўцаў, у сям’і, на возеры... «Ну і гад жа печаны гэты Валодзька! — злаваўся Міша.— Уламаў! Пад’ехаў, задурыў-затлуміў...»

А сонца смаліць, пясок скрозь падэшву пячэ, глядзі, засмярдзіць гума.

 

Надвечар спякота спала. Лісце на ліпе, яблынях аж пабялела, мяккае стала, бы вата, бы валосікі на галаве ў немаўляці, бы душа беларуса. На пагоне над азерцам павісла рэдкая, белаватая плевуцінка. На ўсім ляжала стомленасць, адно конікі зацята, ядрана цвіркаталі ў сухой, запыленай траве, і Валодзьку, які слухаў іх, здавалася, што ў яго на зубах трашчыць пясок.

— Хлопцы, ды стаміўся я!.. Якая рыба? — маліўся Міша на двары сваёй хаты.— Адстаньце. Я не магу, калі маю душу няволяць!

— Бяры-бяры,— соваў яму ў рукі вудачку Сівы Дзед.— Чаго бушуеш?

У кароткай сукенцы, якая адкрывала ёй ногі вышэй калень, стаяла крыху воддаль у цяні пад яблыняю Ленка і басаножкаю вадзіла па зямлі. Яна не саромелася кіношнікаў, прывыкла да іх яшчэ на БАМе, сама не раз красавалася перад камераю. Яна чакала, каб Валодзька зноў запрасіў яе ў кампанію. Валодзька паглядаў на яе, але, пакуль упіраўся, не хацеў ісці на рыбу Міша, ён не мог падысці да яе. І толькі Міша махнуў рукою: «Ладна, згода, пажабінякаюся вам яшчэ... Але, запомніце, апошні раз!» — Валодзька тут жа падышоў да Ленкі і, падаўшы руку, запрасіў — бы на танец. Яе чорныя вочы, абведзеныя выразнаю чорнаю рыскаю, былі вялікія, магічныя і незразумелыя.