Выбрать главу

Міша ўзяў вудачку, і ўсе пайшлі з двара. Белая Шапачка забег наперад, прысеў і пачаў здымаць Мішу на фоне хаты. Якраз у гэты момант на ганак выйшла Ліда з дзіцём на руках — у малога чысты, як месячык, твар, і такім жа, мабыць, ён будзе свяціцца з кадра як дакор грубасці і ўпартасці дарослых.

Валодзька ішоў побач з Ленкаю. Ішлі па завулку, прамою дарогаю на пагон. Валодзька не баяўся, што яго ўбачаць людзі разам з Ленкаю, абы толькі на яе не лёг цень — што прычапілася да жанатага. Людзі на язык лёгкія, раз-два, і панеслася шэраю ваўчыцаю па вёсцы плётка, злаві тады яе за хвост. Гэта ў горадзе чалавек тоне, бы ў віры, і шмат чаго з яго жыцця застаецца тайнаю. Для каго? Смех! Для суседзяў па пляцоўцы ці дзесятка чалавек з работы? Горад, можа, больш за ўсё імпанаваў, прыцягваў, вабіў Валодзьку, што ў ім можна было растварыцца, укрыцца ад стрэл людской зайздрасці, хцівасці, звычайнай разявацкай цікаўнасці. Так, слізгане хто позіркам, нешта ў табе ўгледзеўшы ці падумаўшы, што — знаёмы.

Вёска, з яе ліпучасцю да новага чалавека, цяпер Валодзьку палохала. Дзіўна, бязглузда, неразумна, але так — палохала. І ўсё роўна ён ішоў з Ленкаю, усміхаўся, трохі асцерагаючыся, каб не злякнуцца, як аднекуль з варот ці з-за вугла пачуецца: «Цілі-цілі цеста, жаніх і нявеста...»

Азерца бліснула, заззяла абернутай крышталёвай талеркаю, у сярэдзіне якой сабраліся ў пучкі жоўтыя, зялёныя і ружаватыя, бы ад запалкі, агеньчыкі — сонца, як той мяч, скакала па няроўным версе альховага балота, як бы выбіраючы лацвейшае месца, дзе апусціцца на абначоўку.

— Рабі ўсё як трэба,— гаварыў Сівы Дзед Мішу, калі яны ўсе гуртам спыніліся на беразе азерца. А камера не пераставала стракатаць-журчэць, цэлячыся выпуклым вокам то на ваду, то на мяккае, нязыркае сонца, то на чубчыкі асакі з парудзелымі вострымі і сагнутымі ў кручкі верхавінкамі.

Міша разматаў жылку, начапіў чарвяка і закінуў вудачку. Удзяўбнуў вудзільна ў мяккі, сыты чарназём.

— Не-не, у руку, у руку бяры вудачку,— Сівы Дзед замахаў крыж-накрыж рукамі: «Адставіць!»

Міша ўздыхнуў, палапаў далонямі па кішэнях — шукаў цыгарэты. І раптам крутнуўся на пятцы, бы юла.

— Не, братва! Баста! Хоць страляйце, больш нічога рабіць не буду. Знайшлі дурня!

Валодзька перапалохаўся, ён ведаў нораў Мішы: паставіцца — не зрушыш. Чаго добрага, фільм змарнуе. Чым тады апраўдацца? Сам жа набіўся ў сцэнарысты. Сынок яго закляйміць.

— Можна мне замест яго? — Ленка, скрывіўшы маленькую прыгожую галоўку, смеючыся аднымі вачыма, падышла да Сівога Дзеда.— У мяне ўжо вопыт ёсць. З Масквы здымалі...

— Дзяўчынка, адыдзі, калі ласка! — ці то рэжысёр быў вялікі псіхолаг, ці то выпадкова ў яго вырвалася гэтае «дзяўчынка», але ён пацэліў акурат: Ленка пыхнула чырванню, быццам сонца аддало ёй усе свае фарбы, адступілася і апусціла галаву.

— Заработала! — выскаліў ва ўсмешцы белыя, ажно сіняватыя зубы Міша.— Ім палец у рот не кладзі. Людзі цёртыя!

Валодзька зрабіў выгляд, што ўсёй гэтай сцэнкі не бачыў: сагнуўшыся, вырваў з вады белаваты пруцік рагозу з шорсткім, бы «ёршык», верхам, з якога ўжо абляцеў пух. Позірк яго ўпаў на ваду на паплавок — даўгенькі пластмасавы чоўнік.

— Клюнула! — стоена прашаптаў ён.

Міша падбег да вудачкі, на міг забыўшыся, што і рыбная лоўля сёння, як і ўсё іншае, што было,— прыдуманая, бязглуздая. А Белая Шапачка наструнена, як сабака перад дзічынаю, сцярог момант: стаўшы на калена блізка каля вады, у самую твань, ён скрозь асаку здымаў Мішу, як той сутаргава тузануў на сябе вудачку, потым доўга лавіў у паветры ладную трапятлівую рыбіну, аблітую чырванаватым, ясным бляскам сонечнага святла. І ў вачах у аператара гэты міг такім жа ясным сонечным святлом гарэла бязмежнае, разняволенае шчасце. Яму сёння проста шанцавала, ён быў у цудоўным настроі: выпадкова яму ўдалося зняць бусла, які апусціўся ў разлітую салярку, мабыць, зблытаўшы яе з лужынаю вады. З белага стаў чорным, «экзатычным» для гэтых краёў.

— Ёсць кадр! — аж падскочыў Сівы Дзед. Нават Памідор, які ўвесь час спакойна сядзеў на жалезнай зялёнай скрыні і курыў цыгарэту за цыгарэтаю, кідаючы на ваду недакуркі, устаў, адтатурчыў кароценькі загнуты вялікі палец: «О!»

— Та-а-ак, засталася яшчэ адна сцэна: у сям’і,— Сівы Дзед задаволена цёр шыза-ружаватыя, з белымі таўстымі сухажылінамі рукі.— Напомні, Шапялёў, што там у цябе ў сцэнарыі?

— Сям’ёю, з граблямі, віламі, ідуць на луг... сушаць, грабуць сена,— сказаў Валодзька, папрасіўшы прабачэння ў Ленкі і падышоўшы да рэжысёра.

— Ага, успомніў,— сказаў Сівы Дзед, так, што было відаць: ён не забыў, які эпізод у сцэнарыі, а проста намякаў, што сцэнарый не вельмі ўдалы і трэба прыдумаць нешта іншае.— Так-так,— ён глядзеў, не мігаючы, проста ў вочы Валодзьку.— Луг, касьба — гэта ўсё-ткі работа... Рабочыя кадры ў нас ужо ёсць, патрэбны досуг, хобі... сямейныя! Заўтра ж нядзеля.