— Тады — не. Пазней, ужо калі ты прыязджаў з Мінска, мне так хацелася, каб ты правёў мяне з танцаў, але ты... не заўважыў мяне. Я і адзявалася модна, каб не здавацца забітаю вескаўчанкаю... джынсы, імпартная кофтачка, туфлі на шпільцы... Чапурылася!
— Ведаеш, гад я, відаць, наўмысна прытупіў, забіў у сабе тыя першыя яркія пачуцці!..
— Я бачыла... Я бачыла, што ты зусім абыякавы да мяне, і жартавала скрозь слёзы, калі Іван Лукіч сватаў мяне да цябе.
— Паверыш ці не,— Валодзька накрыў сваёй далонню Ленчыну руку, якая ляжала на бервяне,— я цяпер шкадую, што не даў развіцца пачуццю да цябе... Куды там: я — у горадзе, студэнт, яна яшчэ школьніца, без адукацыі... Які цынізм! І што перад ім — першае каханне, самая шчырая, самая тонкая чысціня пачуццяў... Я, як і ўсе мае кіношнікі, гавару, мабыць, надта цвяроза, высокімі словамі і, можа, не зусім зразумела, але да гэтага мяне прывучыла маё новае жыццё, у якім я са сваімі «ета» ды «ідзець» быў бы пастаяннай мішэнню для іроній і рэплік. Мяне ў душы да вар’яцтва абурае любая фальш, падтасоўка, артысцызм... і тут я разумею Мішу вашага. Сам многае не прымаю ў кіно. Не прымаю, але нічога не магу зрабіць. Не падабаецца мне і мой сцэнарый — шаблонны, сухі, прэсны,— але я не рву яго, па ім здымаюць фільм. Я адчуваю, што ўсё маё яшчэ наперадзе, яно чакае мяне, яно ляжыць недзе ў падсвядомасці мёртвым грузам, зародкам... Ці, можа, гэта толькі так здаецца ад маёй незадаволенасці жыццём? Шчыра кажучы, я разгубіўся...— Захмелены чаркаю наліўкі за сталом, загадкаваю цішынёю вясковай ночы, блізкім Ленчыным дыханнем, усім гэтым месяцава-зоркавым ззяннем, што квола, як скрозь марлю, цадзілася на іх з недасяжнай вышыні, Валодзька разгаварыўся да канца, спавядаўся, ачышчаючы душу ад набалелага і наспрасаванага ў ёй.— Я не хачу таіць нічога і ад цябе... Я нават бацьку з маці нічога не гаварыў, а табе скажу...— Ён, змоўкшы, адчуў, як пахаладзелі Ленчыны пальцы пад яго далонню.— Я разводжуся з жонкаю.
Яе рука тузанулася і выслізнула з-пад ягонай далоні, бы рыбіна, калі яе ловіш у траве. Яна глядзела на яго шырока адкрытымі, поўнымі жаху вачыма, быццам яе аглушылі. Але навіна гэтая не была для яе вялікай нечаканасцю, Валодзька не мог гэтага не заўважыць. Можа, маці яе, цётка Лісаветка, ужо пранюхала нешта: зямля чуткамі поўніцца, а тым болей што апошнія месяцы ні ён, Валодзька, ні жонка не хавалі свайго разладу. Лёгка расколваецца любы цурбак, нават кражасты, у параўнанні з расколам сям’і. Валодзька ведаў, колькі сілы ён забярэ, як стоміць, знервуе, а можа, і зусім загоніць у якую хваробу, і ўсё роўна наважыўся: рана ці позна трэба ставіць кропку, дык лепш цяпер, пакуль маладзейшы і здароўе моцнае. Але хоць і не быў пакуль Валодзька ў ролі разведзенага, ён добра разумеў, што яму, асабліва на першым часе, не будзе ставаць душэўнай утульнасці, спакою, добрага сну. У гэтым стрэсе патрэбна будзе нейкая апора. А што можа лепей паслужыць апораю, падняць апушчаныя крылы, як не каханне, сапраўднае, першае, хоць і прыглушанае, перацёртае ў жорнах часу? Лепей позна, чым ніколі,— калі народ сачыняў гэтую прымаўку, дык, можа, акурат і меў на ўвазе вяртанне да чыстага і яснага, у чым бы яно ні выяўлялася. Нават травінка з-пад асфальту прабіваецца, калі ў яе ёсць прага жыцця, святла. А ў кахання такая сіла!
Закалыхаўся на пагоне ў нізіне туман, пацягнуў адтуль вільготны ветрык, студзіў гарачую Валодзькаву галаву, цела скрозь лёгкую баваўняную тэніску. Ленка пахілілася да яго бліжэй, зябка сцепанула плячыма, яе востры локаць упёрся Валодзьку ў бок.
— Во не апрануў пінжака, акрылася б,— сказаў ён.
Яна з хвіліну маўчала і сказала зусім спакойным голасам, неяк залішне па-дзелавому:
— Абнімі.
Ён абняў яе за плечы. Так сядзелі доўга. Ужо ў хаце сціхла гамана, толькі на кухні гарэла святло. І над усёю вёскаю стаяла мёртвая, глухая, як у падзямеллі, цішыня. Але — дзіўнае адчуванне: нібыта ад вялікага круглага і тонкага месяца плыла незямная, малочна-туманная музыка, нейкі эфір мройлівасці, быццам нехта закінуў на неба жоўтую пласцінку, і яна грала бясконцую чуллівую песню.
— Мне так добра,— сказала Ленка ўжо летуценным голасам, гледзячы некуды ўдалеч: на пагон, на балота, спавітае да самага верху белым укладзістым туманам.
«Няўжо ўсё так лёгка і проста можа вырашыцца?» — думаў Валодзька, яго калацілі дрыжыкі, сутарга зводзіла сківіцы — пачні гаварыць, будзеш заікацца. Ён фізічна адчуваў, які ў яго халодны кончык носа. Няўжо Ленка — гэта выратаванне, боская міласць? Няўжо яна верне яго ў той свет, у якім рос і ў якім было так утульна, радасна і бестурботна, нягледзячы на шматлікія дзіцячыя засмучэнні і непаразуменні з дарослымі, бацькам і маці? Ужо адна думка пра гэта рабіла яго шчаслівым, і ён баяўся, што нешта грубае, бязлітаснае, як вастрыё мяча, перашкодзіць яму, не дасць збыцца жаданню, адсячэ яго.