Выбрать главу

На беразе Сажа гарэла цяпельца. Каля яго варушыліся дзве постаці: агонь асвятляў іх то спераду, то са спіны, але здалёк не пазнаць было — што за людзі. Дый, зрэшты, якая розніца — хто, факт (і гэта сапсавала Грышку настрой ушчэнт), што рыбакі атабарыліся каля Арэхавага Куста, куды меціў і Грышка: абрывы, кусты, асака... Рыба такія месцы любіць.

«Хто там?» — спытаў у бацькі Міша, зыбаючы вудзільнамі. «Зараз пабачым...»

І каля цяпла, мабыць, ужо згледзелі іх, бо перасталі варушыцца: прысеўшы, застылі нерухома, як валуны. «Го-о-о!.. Во тута хто разбойнічае»,— засмяяўся Грышка метраў за дзесяць ад цяпла: пазнаў Марчанка і яго сына. «А што б ты думаў? Каля бабы, як ты, спіну грэць буду,— Марчанок быў у фуфайцы, у шэрым брылі, вочы ў яго гарэлі, як два жаркія вуглі.— Пару вакушкоў ужо хапанулі! Пакажы, Стась...»

Хлопец адкінуў хапак альховага вецця, і на траве чырвоныя, як медныя пласціны, заблішчалі два вялікія, па лапцю, акуні.

«Добрыя,— пахваліў Грышка.— Зараз і мы расставім донкі...» — «На што спаймалі?» — спытаў Міша ў хлопца, які старанна ўкрываў рыбу веццем. «На сіклу адзін, а длугі на піськіжа».— «У нас выпаўзні...» — «Наўлад ці возьмецца што, малеча абскубае выпаўзня».— «Паспрабуем!» — Міша крэкнуў і сагнуўся разбіраць снасці.

«Няхай тама хлопцы ставяць вудкі, а мы пакуль...» — Марчанок выцягнуў з арэхавага куста паўлітровы слоік, у якім нешта мутнаватае боўталася. «Учора мы вячэралі, так сказаць...— Грышка адвярнуў нос.— З сынам».— «А-а, ета твой той!..» — здагадаўся Марчанок, гэтым той укалоўшы Грышку ў самае сэрца: усе ведаюць пра Мішу. Марчанок зняў са слоіка капронавае вечка. «Атруту ету піць... Ну яе!» — са злосцю сказаў Грышка. «А вось і не атрута! Ета ў мяне лякарства, горла прамочваць... бярозавік. Ячменем заквасіў, чэснае слова! — засмяяўся Марчанок, і было не зразумела, жартуе ён ці праўду гаворыць.— Не дзяцінься, Грыша, ты ж не на рабоце!..» — «Чаму так? — не згадзіўся Грышка.— Дом жа рыбака па-ранейшаму на мне, і ключы ў кішэні...» — «Ну, глядзі! Я ўжо знаю, цябе не перапрэш,— нечакана хутка адступіўся Марчанок.— Калі будзе добра кляваць, дык я заначую...» — Ён наліў у маленькую блакітную, бліскучую кружачку, выпіў. Грышка дастаў з сумкі салёныя гуркі; запахла кропам.

«Бяры кісленькае. Начуй, мне што... Ключы няхай потым хлопец прывязе».— «А можа, смагу прагоніш? — Марчанок страсянуў слоікам. Грышка закруціў галавою.— Я на цябе крыўды не нашу,— з нейкаю апраметнаю шчырасцю сказаў Марчанок,— я не злапомны, як другія. Ну, не пусціў дык не пусціў. Ты-та ўсё па правілах рабіў...»

Грышка тады, як не пусціў Марчанка ў Дом рыбака, хоць і апраўдваў сябе, сваю цвёрдасць, але яшчэ доўга насіў у душы нейкую брыдкую каламуць: вось быццам узяў ён ды напаскудзіў чалавеку — ні за што. На чалавечую душу, думаў ён не адзін раз, і так хапае ўсякай атруты, хвароб, дык навошта яшчэ і сваёй мярзоты падліваць. Тым болей што месяцы праз два ўсё змянілася, як кажуць, стала на сваё месца. А як і чаму, няхай распавядае сам Марчанок:

«Правілы правіламі, але крыўда мяне заела. Не злосць, Мацвеевіч, а крыўда...— Марчанок ледзь не плакаў.— Чалавек я граматны... сем класаў у мяне цвёрдых. Любыя задачкі ў школе як арэхі во,— паказаў пальцам угору, на арэхавы куст,— шчоўкаў. Падумаў: ета я так не спушчу... на злосць чалавек не мае права, а на крыўду мае. Паеду ў раён, ядроны корань, і раскажу! Зайшоў у райвыканком. Прыняў мяне чалавек... такі прадставіцельны, пад гальштукам. «Што ў вас?» Я і расказаў, як ты мяне загрудкі браў, ну й астатняе... Мне было ўсё адно, ты там быў ці хто іншы. Я і не называў цябе,— гаварыў стораж. Дзве гадзіны... можа, трохі меней, пасядзелі мы з ім у кабінеце. «Добра,— кажа ў канцы,— разбярэмся і рэзультат вам паведамім». Я, папраўдзе, струхнуў, думаю, можа, наламаў дроў, што цяпер за жыццё не расхлябаюся... страх за жыццё ў нас са сталінскіх часоў сядзіць. Не-а! Праз месяц недзе вызываюць і кажуць... асабіста мне: «Ідзіце, Пётр Данілавіч, у Дом рыбака і лавіце рыбу». Я чалавек граматны, мяне за рубель дваццаць не возьмеш!..— Гонар, да якога падмешвалася і пыха, зноў, як і тады, каля Дома рыбака, пачаў распіраць Марчанка.— Я табе скажу, на сваім трэба настойваць... да канца! Іначай толькі аплявухі і будзеш хапаць».

Грышка моўчкі слухаў Марчанка, раз-пораз ківаў галавою: не таму, што ва ўсім згаджаўся з Марчанком, а таму, каб засяродзіцца на сваіх думках. Ён, Грышка, зразу ўведаў пра вэрхал, які падняў Марчанок. Выклікалі яго ў раён, не ўшчувалі, не лаялі, не папракалі, а толькі сказалі, каб у Дом рыбака «пускаў усіх, хто туды захоча». Грышка спярша здзівіўся, канечне, адале зразумеў, што нейкі там «упраўляючы з вобласці злоўжываў службовым становішчам». Потым дачуўся Грышка, што і Міротнікаву далі трохі па шапцы — аб’явілі вымову... Дзіва што, круцель такі!