Жонка, трымаючы ў дрыготкіх вытанчаных пальцах пералік рэчаў, з апантанаю асалодаю, як здалося Валодзьку, называла, што яму, што ёй. З дзяцінства ўспомнілася Валодзьку сцэнка, як дзялілі яны, хлапчукі, налоўленых у сажалцы ўюноў, кідалі іх на траву і прыгаворвалі «табе-мне».
Суддзя — немаладая, з сівою высокаю прычоскаю жанчына, вельмі падобная на герцагіню дэ Бафор з партрэта Гейсбаро, глядзела на яе з такім страшэнным спачуваннем і мацярынскім болем, што Валодзьку аж не па сабе стала, ледзь скруціў у душы жаданне сказануць: «Няўжо вы не бачыце?»
І ўсё-такі ён разумеў, адчуваў, што пацярпеў крах. Жонцы, ёй усё роўна, як жыць, з кім жыць, адна ў яе сям’я была ці завядзе другую, галоўнае, выйсці пераможцаю, і ўжо адно гэта не тое што засмучала яе, наўпярок, надавала такой упэўненасці, якой яна не адчувала нават у першыя шчаслівыя два гады шлюбу.
А ён — страціў сям’ю. Гэта не забудзеш і ніколі не змыеш. Так да канца жыцця і застанецца ў сэрцы скруха, і не мае розніцы, па тваёй віне сям’я распалася ці не па тваёй, свеціць табе наперадзе шчасце ці яшчэ большае няшчасце. Неяк раўнадушна думалася цяпер і пра тое, што яго чакае ў Малінаўцы абнадзеяная Ленка Пруцікава, што абудзіліся ў ёй і ў ім юначыя пачуцці, з неймавернаю хуткасцю сталі расці, прабіваючыся скрозь шкарлупу ўмоўнасцей і абавязкаў.
А свет, горад быў шчаслівы, светлы, яркі, і што яму да адной нейкай бяды, свет будуецца на шчасці, поспехах, заваёвах, а гора і бяда калі ў яго прыходзяць, то як бязглуздая недарэчнасць, выпадковасць, якую чым хутчэй забудзеш, сатрэш са свайго твару, тым лепей. Яны і сціраюцца хутка і непрыкметна для ўсіх, толькі адзін ці два чалавекі ходзяць у цемры нуды і, можа, толькі вочы іх скажуць разумнаму ды чуламу назіральніку, што не вельмі ўтульна ў гэтых на душы. Але ж і ён не ўсё зразумее, хутчэй падумае, што нуда ў вачах ад зайздрасці, сквапнасці, незычлівасці ці, можа, яшчэ якой заганы. О, тайна чалавечай душы, ці адкрыешся ты калі-небудзь якому-небудзь Дастаеўскаму з трыццатага стагоддзя?
— Памый пасуду,— як толькі зайшлі ў кватэру, Валодзька яшчэ нават туфель не зняў, сказала жонка, ужо — былая жонка. Валодзька паглядзеў на яе бы на дзівачку, яе і развод не пахіснуў! А здавалася б, ну калі, як не цяпер, даказаць сваю прынцыповасць, застацца са сваёю справядлівасцю, назіраючы, як нягеглы і недастойны муж, выпаўшы з-пад апекі, лёгенька і шпарка паслізгае з алмазнай горкі жончыных вартасцей у парахню сваёй заганнасці.
— Не хочаш пасуду, ідзі памый што ў ванне ў тазіку замочана,— сказала жонка як ні ў чым не бывала, прычэсваючы перад люстрам валасы; расчоску з заблытанымі ў ёй валасамі палажыла на столік для прасавання.
— Ведаеш, не нахабнічай! — сказаў Валодзька строгім голасам.
— А што «не нахабнічай»? Абавязкі бацькоўскія ў цябе ніхто не адымаў.
«Бач, тут яна ўсё разумее!..»
— Не паважаеш мяне, паважай хоць сябе,— сказаў Валодзька, мяркуючы, але мала спадзеючыся прысароміць жонку.
— Я пахаць на цябе не намерана.
— А я ніколі і не прасіў цябе, гэта знявага для мяне — чакаць ад такіх, як ты, дапамогі.
— Калі ты дываны выбіваў?
Проста жах адзін з гэтай жанчынаю! Гаворыць, як ваду ў торбу лье, ніякай адказнасці перад сваім словам, ніякай логікі ў паводзінах, у тым, чаго дабіваецца. Проста нейкая псіхічная заскарузласць. Ну, бывае, што чалавек ідзе проці разумнага сэнсу, дзеля сваёй годнасці ці нейкіх там не зусім прыстойных ды асэнсаваных меркаванняў, але каб увесь час хадзіць у тумане бязглуздасці, які не развейвае сонца сумлення, не з’ядае холад цвярозай разважлівасці, тут ужо трэба гаварыць пра звычайную тупасць. Дык хто павінен саступаць?
Валодзька разумеў, што жонка за гэты час, пакуль раздзеляць кватэру, дапячэ яго, не дасць спакою ні на хвіліну. Ён даражыць праўдаю, яе трэба адстойваць, бо бяда таму, хто дае з яе здзекавацца, а жонка будзе раз за разам ліпнуць да яго. Гэта разаб’е яго ўшчэнт, яму трэба, як кажуць, «выходзіць з гульні». Горад не схавае яго на ўвесь час, начаваць трэба ўсё роўна прыходзіць. Пісаць сцэнарый ён хадзіў у бібліятэку, сядзеў у ёй да закрыцця, потым яшчэ гадзіны паўтары бадзяўся па раўнадушных вячэрніх вуліцах. Жонка ведала, што ён не гуляе, піша сцэнарый, за які заплоцяць грошы, і ўсё роўна не апраўдвала яго, не хацела разумець, не спачувала яму. Сустракала моўчкі.
Дзіва было ў тым, што і пасля разводу ў жыцці нічога не змянілася, дні ішлі, плылі — аднастайныя, шэрыя, як частаколіны ў плоце. Дык, можа, і прычын ніякіх для разводу не было, можа, ён проста не вытрымаў звычайны сямейны цяжар, абавязковы для ўсіх, і паспяшаўся яго скінуць на паўдарозе? І ці толькі ён адзін такі — развод на разводзе едзе і разводам паганяе. Валодзька разгубіўся. Ратунак бачыўся толькі ў вёсцы, у Ленцы. Толькі яна, толькі вяртанне ў свет тых пачуццяў, што трапяткою, тонкаю цеплынёю апаноўвалі яго ў юнацтве, змогуць зноў наструніць душу. І што тут доўга думаць, балазе ён член Саюза кінематаграфістаў, мае права на творчую працу. А ён не з тых, хто будзе лайдачыць, абы чым-небудзь прыкрыцца, нічога не рабіць. Будзе пісаць дакументальныя сцэнарыі, рэцэнзіі на фільмы, а калі натхненне дасць волю і прастор думкам, ён можа напісаць нават сцэнарый мастацкага фільма. Галоўнае для творцы — спакой, разуменне, павага, цяпер і Валодзька, не сумняваючыся, можа сказаць: шчаслівыя тыя мужчыны, з якімі жонкі заадно, якія сустрэнуць, суцешаць, прыгалубяць... І тады любая няўдача, любая подласць, інтрыга незычліўца адскочаць ад цябе, як мяч ад сцяны.