Мабыць, Валодзька не вельмі быў даспадобы дырэктару кінастудыі (задумаўся толькі цяпер), бо той не прымусіў яго адпрацоўваць месячны тэрмін, а зразу падпісаў заяву. А можа, гэты вопытны, сталы, біты-перабіты жыццём чалавек без усякіх патуг на сваё высакародства, без навязлівага павучання, моўчкі, але з годнасцю пайшоў насустрач маладому хлопцу, непрыкаянасць якога, канечне ж, не магла не кінуцца яму ў вока.
* * *
...Валодзька прыехаў у вёску надвечар. Сосны абапал дарогі сустрэлі яго ціхім, густым шумам, на сухой вершаліне адной з іх нудна стукаў дзяцел-гарахвянік — чорная, у белыя плямы птушка: тук-тук — цішыня, тук-тук — цішыня... Неба на захадзе закрылася цёмна-сінім полагам, і толькі ў адным месцы, як размытая, свяцілася аранжавая пляма. Валодзька ішоў па дарозе, несучы ў руцэ цяжкі чамадан, глядзеў на гэтую пляму і думаў: недзе там за полагам столькі залітага сонцам чыстага прастору. Успомніў і тое неба, на якое любаваўся з дачкою,— стала моташна, пагана на душы. Не хацелася з такім настроем заходзіць у хату, перад вёскаю ўскрай могілак ён пастаяў і выкурыў цыгарэту.
Прыезд яго для бацькоў быў нечаканы. Нечаканы іменна сам прыезд, а не тое, што за ім стаяла. Можа б, хто іншы стаў бы Валодзьку дакараць, маўляў, і сам вінаваты, добрая цаца, толькі не Іван Лукіч. Вопытны педагог, а значыць — і псіхолаг, ён разумеў: не час і блізка не час чытаць сыну натацыі. Тады, як усё ўляжацца, як сын скіне з сябе здранцвеласць, можна будзе пагаварыць — і па-бацькоўску, і па-настаўніцку, і па-чалавечы,— нешта параіць. Цяпер жа трэба паводзіцца так, каб сын адчуваў падтрымку з боку іх, бацькоў.
А Валодзьку карцела, так карцела расхінуць насцеж душу, адным махам, дужым рыўком, як у кіно раздзіраюць матросы цяльняшкі перад катаваннем,— каб відаць было ўсім, колькі ён нацярпеўся, колькі рубцоў на сэрцы, якое закарэлае ад загуслага болю яго нутро. Але ўтрываў, нешта здаровае, моцнае, што заўсёды застаецца ў чалавеку нават у жудаснай бядзе, невыносным адчаі, перамагло, толькі і сказаў: «Колькі мог, цярпеў... Патрабуе як ад мужа, а адносіцца, як да ворага».— «Відаць, што пякла яна цябе, сын, так пякла...— Іван Лукіч палажыў сыну руку на плячо і паціснуў.— А на волю, на душу пасягаць нельга».
Спаць Валодзька палез на сена — у сянніцу: яму ўсё яшчэ хацелася адзіноты, волі і суму. Паслаў старое, выцвілае пакрывала, лёг і накрыўся мяккаю байкаваю коўдраю — маці загадзя занесла туды па яго просьбе. Сена пад ім спачатку трашчала густа, потым радзей і радзей, а як стала толькі пахрустваць, ён пачуў, што ўверсе ў латах скрыгочуць шашалі. Здалося нават, што на твар яму сыплецца пылок. Ён правёў рукою па твары — не, сяніна.
Ляжаў з заплюшчанымі вачыма, а калі адплюшчыў, то здзівіўся: развеяўся ў сянніцы змрок — у даху, асабліва ў вільчыку, было шмат дзірак, шчылін, з якіх сачылася месячнае святло, і ў ім пакалыхвалася шмаццём белая павучына.
Засынаючы, пачуў на канцы вёскі галёканне, траскатню матацыклаў. Колісь яны на веліках фарсілі, і то не ва ўсіх былі, да дзевак ездзілі, а цяпер на машынах ды матацыклах. Успомнілася Ленка, і сон зноў адляцеў ад яго, схаваўся недзе глыбока ў сене, сядзеў там разам з мышамі на самым дне. Ён доўга варочаўся і заснуў, мабыць, толькі пад раніцу.
Прачнуўся — было светла. Паветра густа пахла сенам, вільгаццю з ледзь адчувальным дамешкам ляснога (можа, грыбнога?) водару.
«Схаджу ў грыбы...»
Паснедаўшы, Валодзька ўзяў плеценую капронавую сетку і пайшоў у лес. Арганізм сам як бы дыктаваў яму: ідзі, табе трэба расслабіцца, зноў адчуць смак жыцця.
Грыбоў было мала, часцей пракідаліся лісічкі і сыраежкі. Каля Шарыпкавай дзялянкі ў бярэзніку падняў некалькі рудых абабачкаў, а калі збочыў у малады сасняк, ажно вочы разбегліся: аранжавымі гірляндамі рассеяліся па мху свінушкі — хоць касою касі. Задуменны, Валодзька быў ужо і зрэзаў некалькі штук, але як нос улавіў іх гаркаваты пах, успомніў, што ў свінушцы нядаўна выявілі (чытаў у газеце) таксічнае рэчыва — мускарын, і калі раней яе лічылі ўмоўна ядомым грыбам, то цяпер забаранілі збіраць зусім. А ці ведае пра гэта дзядзька Грышка? Валодзька выкінуў свінушкі з сеткі, выцер аб чубок сіўцу пальцы, бо пасля свінушак на іх засталіся рудаватыя плямкі. Здаваць дзядзьку Грышку ў грыбаварню ён цяпер, канечне, не панясе, і настрою няма таго летуценнага, як пазалетась, дый сорамна будзе перад Ленкаю, а на смажанку ён набярэ і добрых грыбоў, надзейных.