Выбрать главу

Думкі пра Ленку лезуць і лезуць яму ў галаву. Мабыць, і праўда, круціся не круціся, ім адно без аднаго нідзе не дзецца. Толькі ж як перамагчы сябе, устаяць перад людскім «судом», калі разнясецца іх намер сысціся да пары. Смешна? Грэшна? Бязглузда? Як людзям здасца іхні крок?

Стома хутка накацілася на Валодзьку, адчуў: трэба прысесці, перадыхнуць. Ён выбраў гарбячок, шчытна атулены бліскучым залаціста-жоўтым мохам, і сеў на яго. Гарбячок спадаў у глыбакаваты акоп, з якога рос куст жаўтазелю — рабрыстыя, пруткія сцяблы яго падымаліся вышэй Валодзькавай галавы. Валодзька прыцягнуў адзін да сябе, адарваў чорны вузенькі, як шнурок, струк і тады ўбачыў, што за сцябліну зачэплена таўстая белая павучына, і далей на кусце цэлае сіло, у якім ужо засохлі мухі. Сам павук, вялізны, з прадаўгаватым пярэстым брушкам, сядзеў пад лісцінаю, палажыўшы на тонкія павучынкі белыя ногі. Патрывожаны, ён падняў адну нагу і, мабыць, слухаў сігнал, які надаў яму хутчэй страху, а не паляўнічага азарту. Валодзька з нейкім незразумелым, ярым атупеннем даў павуку пстрычку, і той адляцеў метры за два ў траву.

Раней ён толькі думаў, цяпер адчуў усю жахлівасць свайго становішча, жыць у няпэўнасці такой было пакутліва і цяжка, як чакаць смерці ўсё роўна. Ён павінен, зараз жа павінен знайсці сэнс свайму існаванню. Усё страчана: сям’я, работа, прывычны асяродак. У галаве пуста, пра сцэнарый не хочацца і думаць. Можа, і дарэмна. Можа, з болю за сябе, за людзей, за працу і нараджаецца талент, адкрываюцца глыбокія таямніцы чалавечай душы? Забыцца на ўсё, запіць? Так, гэта выйсце на час, а потым? А потым як вырвацца з дурману і змроку? Будзе вельмі цяжка, калі наогул магчыма. Доктар навук, прафесар піша ў газету артыкул «Пасля зацьмення» — пра сябе, алкаголіка... Не! Трэба зараз, зараз, пакуль не позна, ісці да святла. Заплюшчыць вочы, сцяць зубы і ісці. Святло, яно як быццам блізка — Ленка. Яна таксама вярнулася ў вёску, як кажуць, не ад дабра. Два няўдачнікі, зведзеныя ў адно, не двояць няўдачу, а, як ні дзіўна, ствараюць шчасце. І яшчэ радасць — дачка, яна, канечне, чакае яго, сумуе, ліпне да маці: «Калі тата прыедзе?»

Але пакуль прыйшло да яго святло іншае — святло ад сонца, што паніжэла і ліло свае промні скрозь галіны сосен адтуль, з-за лесу, дзе была Малінаўка. Ён устаў, адчуваючы, як заспакоенасць неахвотна, але ўжо, здаецца, настойліва бярэ яго душу. Пайшоў не лесам, напрасткі, а так, каб выйсці на шашу — чуў, дзе гулі машыны. Дапаўшы да шашы, ён убачыў, што яму тупаць да павароткі каля двух кіламетраў. Але па шашы — не па лесе, ісці лёгка, і машыны, што абганяюць, акурат клічуць за сабою: давай наперагонкі!

Раптам трывожна загудзеў лес, глуха зашумелі сосны, захадзілі-загайдаліся галіны, бы ў якой трасучцы, і на ствалах ад верху і да нізу затрапяталі цэлафанава-гнуткія і бліскучыя абрывачкі кары. Прыгнуўся ягаднік, трава раскінулася ў бакі, агаліўшы мясцінку — як у футры, калі на яго моцна дзьмеш. І Валодзька пачуў ужо за спінаю шум; аглянуўшыся, убачыў пыл, ён слупом, закручваючыся, падымаўся ўгору.

«Віхор!»

Віхор набліжаўся, пагражаючы наляцець на Валодзьку, укруціць яго ў сябе і панесці разам з пылам, смеццем, папераю, сухой травою, скурчаным лісцем, усім лёгкім, непрыліплым і непрырослым да зямлі. Валодзька ажно сцяўся, прыпыніўся і да болю заплюшчыў вочы.

Віхор пранёсся краем, па незаасфальтаваным акрайку, падмёўшы яго бы венікам, не крануўшы, пакінуўшы на ім толькі ўплішчаныя ў зямлю каменьчыкі і палкі. Насустрач віхру грузна ішоў «ЗІЛ»-цэментавоз, яны сутыкнуліся, і віхор яшчэ пагусцеў, закруціўся, як падбіты сабака, на месцы, і Валодзька ўбачыў у ім белаваты, як ствол бярозы, стрыжань, вакол якога ў няроўным, імклівым танцы кружылася ўсё паднятае з зямлі — яго то падхоплівала ўверх, то звіліста-мітусліва кідала ледзь не да самай зямлі, адкуль яно лёгка, як на нітцы, узлятала на самую вяршыню пылавога слупа і там замірала на нейкі міг як бы здранцвеўшы ад ашалелага гойсання. Куды яго знясе, прыб’е, спрасуе віхор?

Віхор... Жыццё — віхор, падхоплівае людзей і кідае, носіць кругамі: на старыя і новыя месцы, далей і бліжэй... І ён, Валодзька, сярод іх. А ці толькі ён? І Міша, і Ленка... Але не, Міша ці не асеў, не знясло яго, уплішчыўся ў зямлю, як той каменьчык на акрайку. Мабыць, ніякі віхор, ніякі вецер, нават шалёная бура не зрушаць яго, застанецца, цвёрда, трывала, грунтоўна.