Выбрать главу

Валодзьку абдало смуродам: сіні «Запарожац», абагнаўшы, раптам перад самым носам з’ехаў на абочыну і спыніўся. З яго вылез вадзіцель, ішоў насустрач і ўсміхаўся. Валодзька пазнаў Івана Жыганюка. Ён быў рыжы, скалазубы, як і ў дзяцінстве,— мала змяніўся. На ім ёмка сядзела чорная дэрмацінавая куртачка і ногі быццам уліліся ў джынсы.

— Што падэшвы сціраеш? Сядай, падкіну,— сказаў ён, падаючы Валодзьку руку. Валодзька, яшчэ пад уражаннем віхру, не абрадаваўся запрашэнню, але сеў, сетку з грыбамі паставіў між ног.— Ездзіў піва купляць... Лазню баця надумаў выпаліць... Як жытуха?

— Хваліць сябе і задаволены ўсім можа толькі дурань,— няпэўна адказаў Валодзька: абрыдлі гэтыя размовы пра жыццё, у пячонках сядзяць на самым дне.

— Не перажывай,— сказаў бадзёрым голасам Іван: выходзіць, і ён ужо ведае, што Валодзька развёўся.— Я ў тваёй шкуры таксама быў. Гэта адно зразу здаецца, што гамон, жытуха кончылася. Ерунда! Слова кабальера даю. Жыццё ў мужчыны пачынаецца толькі тады, калі бабу сабе харошую знойдзе. Я не паглядзеў, што двое дзяцей, узяў сабе кабету... во з Рэмідоўшчыны, адкуль і Мішы Пруцікава жонка. Ну дык, я табе скажу, гэта ж люба-дорага — і прылашчыць, і пацалуе, і ногі памые...

Валодзька моўчкі слухаў. Яму не верылася, што такою можа быць жонка, яму цяпер здавалася, што ўсе сучасныя жанчыны — чэрствыя, сварлівыя, няўступчывыя, і няма ў іх той пяшчоты і жаноцкасці, перад якімі стала на калені ўся сусветная літаратура XIX стагоддзя.

— А было! — Іван адчайна махнуў рукою.— Кожны дзень грызня, гвалт. Ні чарта не рабіла дома... ды яшчэ ў гулі ўдарылася. Прыйдзе — гарэлкаю, цыгарэтамі ад яе патыхае... («Дык што, перад такою на калені станавіцца?» — мільгнула ў Валодзькі ў галаве.) Я ад прыроды не бітлівы, а то б па сапатцы надаваў... Слова кабальера даю! Цярпеў, цярпеў, а тады рашыўся... Што я, сантэхнікам у Гомелі рабіў, губляць нечага.

«Сантэхнік ты, я кіношнік, а гісторыя — адна,— падумаў Валодзька.— Гаруюць, гаруюць мужчыны!..»

— І табе не пашанцавала? — павярнуў галаву Іван.

— Так яно так, але гляджу во, мабыць, і мы, мужчыны, у нечым вінаваты, што жонкі нам на галаву садзяцца.

— Правоў у іх многа,— не раздумваючы, зазначыў Іван.

— Гэта ад таго, што мужчына скампраметаваў сябе, яму не вераць ні суды, ні міліцыя, ні прафсаюзы.

— А я ўсё роўна не здаўся. Пайшло яно да фені! Усю жытуху мый, гатуй, дзяцей вучы?

— Дык жа без гэтага нельга.

— Хм, нельга,— хмыкнуў Іван, быццам Валодзька і праўда быў наіўны і нічога не разумеў.— Кожны павінен знаць у сям’і сваё месца, скажу табе, тады і толк будзе. Во як у мяне зараз. Давай заглянем, паглядзіш? — Іван сцішыў ход, на панелі, заклеенай пераздымкамі Алы Пугачовай і Валерыя Лявонцьева, заміргала зялёнае вочка — звярнуў з шашы на дарогу.

— Што глядзець, і так ясна. Другім разам калі...— Машына зыбалася, і пад Валодзькам парыпвала спружына ў сядзенні.

— А ты не перажывай,— зноў падбадзёрыў Валодзьку Іван.— Жаніся другі раз. Толькі развядзёнак не бяры, сярод удоў, няўдачніц-адзіночак шукай — жонкі закачайся! Слова кабальера даю. У маёй пальцы распухлі, патрэскаліся, а яна гумавыя напалечнікі нацягне — і на ферму: «Сваіх каровак нікому не даверу...» Даярка яна ў мяне. Во Пруцікаву Ленку бяры — шкадаваць не будеш!..— Скасіў, затаіўшы ўсмешку, вока.

«Няўжо ўсе здагадваюцца?» — пахаладзела ў Валодзькі ўсяродку.

— Дзядзька Грышка купіць машыну — будзеш кум каралю і сват міністру. Я во на бацькавай ганяю. А неўзабаве і на сваю назбіраем, на чаргу ўжо стаў. Мая ж мае чатырыста рублёў у месяц, ды пенсія на дзяцей... Муж яе першы ў Афганістане загінуў, прапаршчыкам быў...

— Страшна другі раз жаніцца,— шчыра прызнаўся Валодзька, хоць і быў упэўнены, што ажаніцца з Ленкаю яму ўжо нічога не перашкодзіць.

— А што баяцца? Без іх жа, баб, стымул жытухі прападае! — Іван адной рукою трымаў руль, другою махаў, дапамагаючы сабе — каб словы лепш даходзілі і ўражвалі Валодзьку. Ён і праўда быў задаволены жыццём — настолькі, што ў Валодзькі закрадвалася сумненне, ці можа наогул быць звычайны чалавек такім шчаслівым; разумны чалавек калі і бывае шчаслівы, дык усё роўна па ім не скажаш, толькі легкадумнасць вясёлая — ні трывог, ні незадаволенасці. Іван, наколькі помніць яго ў дзяцінстве Валодзька, быў трохі пуставаты, і вучоба ў яго туга ішла, але з узростам людзі як бы ўроўніваюцца ў інтэлекце, ва ўсякім разе, любую выхадку можна аднесці да дзівацтва, а не тупасці; а чалавек з дзіўнасцямі часам здаецца нават разумным, не кажучы ўжо, што загадкавым і цікавым. Але адна з асаблівасцей разумнага чалавека — стрымліваць сябе, калі самаўхвала пачынае заўважацца іншымі, а недалёкі, наўпярок, распаляецца яшчэ больш.