Выбрать главу

«Стымул жытухі, стымул жыцця...» — заскакала ў галаве ў Валодзькі. Няма ў яго стымулу — прапаў, як абрэзала. Скажы Івану ці каму іншаму тут у Малінаўцы — не павераць: столькі было надзей, прароцтваў... А ў выніку — нуль. Шчаслівыя ёсць, але не ён. Як мутарна, невыносна гэта ўсведамляць! Як скрозь вату, даходзілі да яго свядомасці Іванавы словы.

— ...і калгасная машына ў руках! Каму дроў, каму сена прывезці, цялёнка падкінуць на пункт... Заўсёды жывая капейка ў кішэні. А то неяк хлопцы райцэнтраўскія на дзікоў з’ездзіць падбілі... Але ўсё, баста! Слова кабальера даю. Больш не паеду. Наездзіўся!

— А што такое? — спытаў Валодзька: паляўнічая тэма яго цікавіла заўсёды, хоць сам паляўнічым яшчэ не стаў, усё збіраўся, ды ў няўмольным кругавароце дзён не выбраў часу аддацца гэтаму клопату, аформіцца ў таварыства.

— Ды ўз’ехалі на аўсянае поле, паставілі машыну пад дубком — нявідна. Недзе ў гадзіну ночы выходзіць табуняга на поле — авёс саскубваюць, чаўкаюць, на дуб ідуць, жалудоў шукаць. Ну і рванулі мы за імі! Аднаму пярэзімку як даў пярэднім колам у зад — ён і сунуўся, грабе пярэднімі капытамі зямлю пад сябе, вішчыць на ўсю акругу... А тлусты, аж леляўціць.

— А калі б хто заспеў... ляснік?

— А што баяцца? З намі міліцыянер быў... знаеш хто? Васіль Муранкоў! Ён і саскочыў першы з кузава ды абухом між вушэй... Наглядзеўся, больш не паеду, ну іх! Не магу я на такое глядзець, перажываю тады.

Асфальт перад могілкамі скончыўся, пад коламі і днішчам дробненька, імгліста зашасцеў пясок — «Запарожац» уязджаў у вёску. Якраз на дарозе, на ўсю вуліцу, ад частакола да частакола, стаяла цэлае возера — лужына, у ёй плавалі каля берагоў трэскі, кара і белая пена. Іван павёў «Запарожац» краем, дзе віднеўся жоўценькі намыты пясок.

— Я праскочыў бы і сярэдзінаю, але баюся, што кола на якую патарчаку прасаджу... Між вёскамі Ягорыч навёў магістралі, а да вуліц не дабраўся.

— Не ўсё адразу,— сказаў Валодзька раўнадушна-ганарлівым голасам мудраца.— І так вялікую справу зрабіў. Помніш, што было, ад шашы ўпоцемку не дабрацца?

— Зажылі мы!..— Іван сказаў з такою пыхаю, што кірпаты нос яго, шызы і аблуплены, задраўся яшчэ болей.— Свет пра нас загаварыў... З Магілёва сям’я просіцца ў наш калгас, але Ягорыч хітры...— Не дагаварыў Іван, пад’ехалі да Валодзькавай хаты. Піснулі тармазы, і пыл абагнаў «Запарожца» і паплыў па вуліцы, бяліў і без таго белае лісце лапухоў на старых, занядбаных часам і людзьмі селішчах. Старых селішчаў было шмат, трохі менш, чым хат,— столькі слядоў пакінула бязлітасная, няўмольная хада урбанізацыі.

— Дзякуй табе! — Валодзька падаў Івану руку, вылез з машыны. Нахіліўся да адчыненага акна.— А з табою мы яшчэ пасядзім, я думаю — час будзе...

Памыляўся Валодзька, бо не ведаў, не мог ведаць, што не асядзе ён у Малінаўцы, не прыжывецца, не выратуе і Ленка. Будзе ён нудзіцца, стагнаць, бы нямоглае парасё, адлучанае ад маткі, ад яе даверлівых, набрынялых жыватворнаю вільгаццю саскоў. Але пакуль радасць жыцця, неўсвядомленая яшчэ надзея цёплымі хвалямі абмывалі, лашчылі яго душу.

* * *

Разнеслася чутка, яе пусціў Чубатчышын Ляксей, што ў райцэнтры ў гаспадарчым магазіне прадаюць бензапілы, і малінаўскія мужчыны хлынулі туды. Раней казалі: той не гаспадар дома, хто ў лесе не злодзей, цяпер іначай: той не гаспадар, хто не мае бензапілы. Паехалі і Грышка з Мішам.

Надвечар яны прынеслі ў двор новенькую «Дружбу», зялёненькую, бліскучую, з двухлітровым бачком між выгнутых ручак. Пілу купіў Міша, нашто яна Грышку, яго рукі ўжо не ўтрымаюць яе; калі трэба будзе што парэзаць, Мішу папросіць.

Вычытаў Міша ў паперах, што нельга адразу пускаць пілу ў работу, трэба каб яна гадзінкі дзве папрацавала ўхаластую. І Міша, старанна выцершы яе анучаю, даводзіў, як кажуць, да ладу. Роўненька, спакойна, на малым газу хуркаў матор, піла трэслася, вібравала. Міша хадзіў вакол яе, бы кот каля закрытага гладыша, станавіўся, важна трымаючы рукі ў бокі.

— Звычайнай пілою прычэп дроў колькі будзеш скрыгаць? — задаваўся, пытаў ён вясёлым голасам у бацькі, які таксама, здаецца, неабыякава глядзеў на пілу.— Дні два без адпачынку. А гэтай — паўдня, і гатова.

Любая новая пакупка заўсёды напачатку прыносіць радасць, з ёю звязваюць самыя шчаслівыя надзеі, а ўжо праз нейкі час усё становіцца звычайным, раствараецца ў будзённай мітусні.