Выбрать главу

Ляпнулі дзверы. Выйшла Ленка з Сярожам. Люба глянуць на малога — ружовыя, адвіслыя шчокі, адкрыты вільготны роцік. Ленка пусціла яго на зямлю. Малы з насцярогаю і палахліваю засяроджанасцю глядзеў на бензапілу і раз за разам паказваў на яе пальчыкам: «Кусь!»

Грышка падышоў, пагладзіў унука па галоўцы, той узяў дзеда за палец і пацягнуў бліжэй да бензапілы.

— Не пускай блізка, а то яшчэ цапне! — сказала Лісаветка, яна толькі што прыйшла з вуліцы. Усе Пруцікавы збіраліся да кучы, як колісь раней на свежаванне кабана. Яна, Лісаветка, была незразумела ўзрушаная і хавала ў сабе нейкую таямніцу, якою карцела падзяліцца, але, мабыць, перашкаджала піла сваім тарахценнем.

— Выключы ты ету тарахцелку! — не ўтрывала, сказала яна Мішу.— Галава раскалваецца...

— Абкатку, мама, трэба зрабіць,— адказаў Міша, не ўспрыняўшы ўсур’ёз мацерынай просьбы. Вочы ў Лісаветкі ажно лезлі спадылба, столькі ў іх было жадання здзівіць навіною свет. Нарэшце яна набрала ў грудзі паветра і гучна сказала:

— Кажуць, Валодзька Шапялёў насаўсім прыехаў...

Як ні дзіўна, усе пачулі, што сказала Лісаветка. Але ніхто не ўбачыў, як пыхнулі макавым цветам шчокі ў Ленкі, яна адвярнула твар, потым сагнулася, нібыта зашпіліць басаножку. Можа, пасля хвіліны маўчання азваўся Грышка.

— Ты глядзі, як яно! — пакруціў ён сівой галавою.— Адно такія во і вяртаюцца да бацькоў. Жэнька Локуць развёўся з жонкаю — прыехаў... Летась Іван Жыганюк... Старому Жыганюку так пашанцавала! Не давалі «Запарожца» яму, чарапнік... у галаву ранены, проціпаказана... Цяпер сын прыпісаны ў яго — бяры, аблсабес машыну выдзеліў.

— Зачасціў нешта гэты Валодзька,— кінуў як бы між іншым Міша, мабыць, толкам не пачуўшы.

— Дык жа кажуць, з жонкаю ўжо ўсё... развёўся.— Цяпер Лісаветка вопрама глядзела на дачку.

— Во, брат, свет які! — бязрадасна ўсміхнуўся Грышка.— Дагары нагамі ўсё ляціць...

«О, госпадзі!..— Ленка пабялела.— Усё праўда! Праўдачку ён тады гаварыў на дровах...» Яна зняверылася пасля Трышчанкі, таму і ў Валодзькавых словах сумнявалася. І радасць, і страх, і расчараванне, і горыч, і яшчэ нейкія незразумелыя пачуцці — усё разам імгненна абвалілася на яе, і яна баялася, каб не ўпасці зараз тут, ва ўсіх на вачах, не аганьбавацца перад усімі і не злякнуць Сярожу.

— Мама, паглядзі малога, я зараз...— сказала яна і шпаркімі крокамі, упрыбежку пайшла ў хату. Легла там жыватом на ложак, і перад вачыма ў яе закруціўся віхор успамінаў: дзяцінства, Валодзька, Іван Лукіч, БАМ, Трышчанка, Сярожа, маленькі, спавіты і абвязаны стужкаю, яе прыезд у Малінаўку, і зноў Валодзька, сустрэчы з ім... Божа, яна, мабыць, звар’яцела, з такою шалёнаю хуткасцю, зменлівасцю ляцелі перад ёю людзі, сцэны, абрыўкі фраз... Гэта ўсё змянялася страхатлівымі малюнкамі, у якіх не было ні сэнсу, ні логікі, ні якіх-небудзь пэўных абрысаў, каб можна было вызначыць, што гэта.

Яна ўсхапілася, стала на ногі. Усё вакол было знаёмае, нерухомае, выразнае, ніякага жаху не наганяла, і прыемная ўсмешка растуліла ёй вусны: стала лёгка-лёгка, быццам яе падняў віхор і панёс у паветры...

 

Тым часам у хаце Шапялёвых таксама вялася размова. Іван Лукіч сядзеў на канапе, што стаяла пры акне на вуліцу, а Марыя Піліпаўна ляжала на ложку за шырмаю стомленая: палола і матычыла з раніцы калгасныя буракі; ім, настаўнікам, таксама выдзяляюць пляц, яны яго павінны ўходжваць, даглядаць. Валодзька сядзеў у крэсле каля печы, быццам збіраўся глядзець тэлевізар.

— Яна мне падабалася яшчэ ў школе, і я дасюль не магу яе забыць...— Валодзька, бачачы, што бацька і маці не вельмі пярэчаць, гаварыў шчыра, адкрыта, як гавораць людзі, якім няма чаго губляць і ў якіх ёсць свая незразуметая нікім праўда.

— Ды дзеўка яна харошая...— Іван Лукіч як быццам не выгаворваўся да канца, нешта з таго, што не давала яму ісці на поўную згоду, заставалася ў душы.— Не нахабніца, хоць і несарамлівая...

— І працаваць, дык не ляніцца,— чуўся з-за шырмы голас Марыі Піліпаўны.

— Без яе я зараз не змагу,— у Валодзькавым голасе была непахіснасць.

— Мы што, нам ладна, як людзі,— не падымаючы вачэй, гаварыў Іван Лукіч.

— Надта ж хутка, не паспеў прыехаць...— падтакнула Марыя Піліпаўна.

— Пляваць мне, што хто скажа! — разышоўся Валодзька, каб развеяць апошнія сумненні ў бацькоў.— Я дасюль глядзеў, усё баяўся, каб не здацца непрыстойным... Думаеце, людзі ацанілі? Жонка, начальнік, калегі па рабоце?..— Відаць, што ён быў змарнаваны апошнімі падзеямі.— Начальнік без аўтарытэту ніколі не зробіць апоры на таго, хто аўтарытэт мае.

— Дык што, матка,— Іван Лукіч тузануў за шырму,— даставай свае ручнікі, у сваты пойдзем.