Выбрать главу

Сум зноў засціў Валодзьку вочы. Ленка бачыла гэта і так яму дагаджала, думаючы, што, можа, яна вінавата ва ўсім, няма ж у яе вопыту быць жонкаю, быць жанчынаю.

Іван Кузьміч з Марыяй Піліпаўнай таксама насцярожыліся: можа, ужо не падзялілі што маладыя?

Валодзька хадзіў як непрыкаяны. Браўся і бульбу матычыць, і буракі калгасныя разам з маці палоць, стараўся запоўніць нечым дні, забыцца на ўсё — не, не адступалася думка: упустую ідзе жыццё, ніякага за ім, Валодзькам, следу не застаецца. Не для таго з’явіўся Валодзька на свет, каб толькі час марнаваць, абы дзень да вечара, не тая ў яго закваска.

Аднаго разу да аўталаўкі пайшоў ён, курыць купіць — шмат апошнім часам курыў, хаваючыся ад Ленкі, ад Сярожы, якога вельмі цікавілі недакуркі: дзе толькі якія, усе пазбірае ў ручку і трымае, бы палачкі лічыльныя. Не быў бы мужчына! У магазін далёка, цераз усю вёску плесціся, а аўталаўка блізка, з акна відаць, на «пятачку» каля фермы. Там Валодзька і цесця сустрэў. Назад ішлі разам. Грышка, крутнуўшы галавою так, што нос задзёрся на неба, нечакана сказаў:

— Мая заслуга!

— Што? — не зразумеў Валодзька.

— Што аўталаўка кожную суботу прыязджае... Дабіўся! Бабам што ўжо радасці: сіцец на падушкі, коўдры, шыла-мыла, нам во курыва, нават ету... як яе? Ну як газіроўка... дзецям, толькі цёмная.

— «Пепсі-кола»?

— Во, яе! А то ж было ні запалі ні трэсні. Адна гарэлка. Пачмурэлі ўжо ад яе людзі. Во нядаўна, у раёне... Мужык-мужык быў, Забенін такі... Галава, красавец! А дапіўся да таго, што пачаў гуталін, пасты, лакі ўсякія глытаць. Прасіў у жонкі... яна ўрач, грошы на пахмелку — не дала. Дык ён хапіў мялкашку, жонку застрэліў, сыну... семнаццаць гадоў, школу кончыў, кулю ў жывот усадзіў, Пакуль прыехала міліцыя, абрэзаў нажоўкаю ствол — і сабе ў скроню. Во што... Я — каб ні грама, сухі закон!

— Строгі вы, дзядзька Грышка!

— А яно ў любым дзеле папуску толькі дай, ці сабе, ці каму, толку не будзе. Я Мішу пакуль прыструніў... Цяпер, бачыш, сам у кіно здымаеш...— Грышка пільна паглядзеў на Валодзьку, як бы хацеў нешта прачытаць у таго на твары.— А ты... ета, думаеш дзе працаваць?

Наспела гэтае пытанне ў Грышкавай галаве даўно, але баяўся яго, аніяк не асмельваўся задаць Валодзьку. Чужы чалавек, лічы, Валодзька, якое права мае Грышка лезці да яго, у таго свае бацька з маткаю ёсць, і не абы-якія людзі, а вучаныя. Падумаюць яшчэ: во турбуецца сват, каб зяця раптам не давялося на сваім карку трымаць. Яно што праўда, то праўда, цяпер і такія зяці ёсць, на гатовенькім сядзяць, кармі іх, паі, адзявай... А скажы што не па ім — яшчэ і ў вуха заклеіць.

— Ну я вольны мастак! — хацеў аджартавацца Валодзька, але ўбачыў, што цесць не прыняў гэты яго адказ.— Магу стала нідзе не працаваць і дармаедам не буду лічыцца...

Грышка, канечне, не мог дабраць толку: як гэта так, нідзе не рабіць — і ўсё па правілах. Не калека ж, не інвалід, а малады здаровы хлопец — і не працаваць? Такога быць не можа. Што чалавек без працы? Нішто! Навошта ён тады, толькі неба капціць?

Яны не разышліся па хатах, а селі ў цяньку пад клёнам на лавачцы. Само неяк селася, не дамаўляліся, мабыць, разам адчулі, што ёсць пра што пагаварыць, трэба думкі давесці да ладу.

— Ета Локуцеў ды Жыганюкоў... адзін на трактарыста, другі на шафёра...

— Я ведаю,— сказаў Валодзька з абыякавасцю ў голасе: было відаць, што ён чакаў такога павароту, бо сам задумаўся пасля размовы з Іванам Жыганюком.— Але ж у мяне правоў нават няма.

— Інжынерам, можа...— сказаў Грышка, неяк асцярожна, каб не здалося, быццам ён навязвае свае думкі.

— Ці возьмуць? Дыплом у мяне не тэхнарскі.

— Клопату! Родчанка... можа, помніш? Сваю жонку інжынерам па тэхніцы бяспекі паставіў... у яе восем класаў было.

— Хазяін-барын, як кажуць.

— Хочаш, я з Ягорычам пагавару?

— Ды не трэба! Смешна ўсё гэта.

— Во, табе смешачкі! — разгубіўся Грышка.— Ты глядзі, як другія... Міротнікавы ўсякія трымаюцца. Сябе ачарнілі, на людзей абазліліся, душы ім топчуць, сумятню ўносяць, а трымаюцца... зубамі і рукамі, як тхор той, калі яго цягнуць за хвост з нары... Босы аднаго разу. Ды саступі ты! Дай чалавеку ўзяцца ды дзела павесці. Не-е, ведае: з аднаго крэсла згоняць, на другое пасадзяць, яшчэ вышэйшае.

Наколькі Грышку ўся гэтая размова здавалася сур’ёзнаю: «Азалаці мяне ў далёкім краі — нікуды не паеду!» — настолькі Валодзьку — смехатворнаю. Куды, куды яму ў калгас? Во, пажыў колькі тут — і ўсё, хоць каравул крычы, быццам не ён, толькі яго цень у вёсцы, а душа... Тыя хлопцы, што паварочаліся, на вагу золата тут, зразумелі нарэшце, што зямля — гэта адзінае, чаго не выб’еш з-пад ног. Любое крэсла, самую высокую пасаду вазьмі — кожную хвіліну пахіснуцца можаш ці выб’юць іх з-пад цябе, як фігурку ў гарадках змятуць. І ты ўжо ў адчаі, страх апанаваў, а страх не памочнік на жыццёвай дарозе, ён і няўпэўненасць адбіваюць у чалавеку ахвоту тварыць, працаваць.