— Я не смяюся, дзядзька Грышка! Мне плакаць хочацца...
Грышка падумаў, што ў Валодзькі іншая прычына для слёз, так разгуляўся, што не можа ні за што ўзяцца.
— Палкаю на працу гнаць, канечне, дурное дзела...— расчараваўся зусім Грышка.— Працуеш тады, як мокрае гарыць.
Ведаў, ведаў Валодзька, можа, лепш за Грышку, што значыць працаваць без радасці, без натхнення; не, ён павінен, павінен паставіць сябе ў такія ўмовы, каб радасць, душа звалі яго на працу. Як гудок: гу-у, гу-у-у...
А можа, усё-ткі паспрабаваць у калгас? Часам жа не ведаеш, дзе цябе ўдача чакае. Не атрымаецца, дык хоць цесць не будзе скоса пазіраць. Настрой адразу палепшаў у Валодзькі: ёсць зачэпка, ёсць!
Не марудзячы, каб не кроіць сябе сумненнямі, Валодзька ў той жа дзень і пайшоў да старшыні. Ні Ленцы, ні бацьку з маці не прызнаўся, куды пойдзе,— сказаў, што адлучыцца на гадзіну якую, прагуляецца.
Ужо вечар быў блізка, сонца пабарвовела. У канторы Ягорыча Валодзька не застаў, у бухгалтэрыі сказалі: толькі што паехаў на абед. Валодзька здзівіўся: «Які абед увечары?» — але не стаў удакладняць, ведаючы, што вясковыя людзі часам на любую яду кажуць — абед. Затое спытаў, дзе Ягорыч жыве; вёску Валодзька збольшага ведаў: тут была бальніца, размінуцца з якою ў дзяцінстве не заўсёды выпадала. Яму сказалі: «У Доктаркі»,— і Валодзька абрадаваўся, што пачынае свой візіт удала. Доктаркаю называлі старую Дарку, у якой колісь кватаравала доктарка Рыта Іосіфаўна — на шчацэ ў яе пад вокам была маленькая радзімка і з яе тырчаў кусцік валасоў; доктарка была далікатная, ветлівая, з лагодным голасам, і ўколы рабіла небалючыя, да яе ішлі людзі па дапамогу і ўначы. Ужо даўно паехала адсюль Рыта Іосіфаўна, але Дарку і цяпер называюць — Доктаркаю, балазе словы сугучныя, трэба мала што мяняць.
Каля Дарчынай хаты стаяла высокая бяроза, на ёй колісь вяліся буслы, а цяпер чарнела на верхавіне адна ступіца з кола — і спіцы, і галлё струхлелі, асыпаліся. Буслы абралі сабе новы «фундамент», сучасны, энтээраўскі — апору высакавольтнай лініі.
Валодзька адчыніў весніцы, і рыпнулі яны, здалося, гэтак, як і пятнаццаць гадоў назад. На ганку сядзеў мужчына. Ветрык матляў на галаве даўгія рэдкія валасы, яны рассыпаліся — бліскала, як дно міскі, лысіна; у руках мужчына трымаў даўжэзную палку, шкрэбаў па ёй асколачкам шкла.
— Ці дазволіце? — спытаў Валодзька, перш чым павітацца.
— Зайшоў, а пасля просіш дазволу,— усміхнуўся мужчына, кінуўшы на Валодзьку кароткі пагляд.— Хаця... карэспандэнты — народ смелы.
— Я не карэспандэнт.
— Не можа быць.
— А чаму «не можа быць»?
— Ды ў цябе, салдат, на лбе напісана, што ты карэспандэнт.— Мужчына перастаў шкрэбаць шкельцам, упяў на Валодзьку позірк.
— Усё-ткі вы памыліліся! Хаця...— Валодзька адчуў, што з мужчынам размаўляць лёгка, ніякага недаверу між імі ці насцярожанасці няма.— Салдат не салдат, а з пяром я справу маю, дакладней, меў. А цяпер хачу вашаму калгасу карысць прынесці,— Валодзька вырашыў не цягнуць ката за хвост, адразу расказаць пра ўсё старшыні (ён зразумеў, хто перад ім).
— Пісарчукоў у нас сваіх хапае! Зямлю араць няма каму. Рэсурсу няма!
— Я — на любую работу,— з надрывам сказаў Валодзька, адчуваючы, што ў яго не хопіць сілы на доўгія дэбаты.
— Сядай, салдат. Хто такі, скуль?
Валодзька расказаў, імкнучыся гаварыць як карацей, але пераскокваў з аднаго эпізода на другі — і ўвесь аповяд яго заняў хвілін дваццаць.
Ягорыч пакруціў галавою, падтуліў ніжнюю губу пад верхнюю, дужа выпусціў з грудзей паветра.
— Швах твае справы, Уладзімір Іванавіч!..
У Валодзькі пахаладзела ў грудзях.
Ягорыч прыжмурыў левае вока — выверыў, ці роўная палка ў яго руках.
— Вілашнік раблю,— нечакана сказаў ён зусім не суровым, як толькі што, а дзіцяча-непасрэдным голасам.— Боршч у абед стаў вымаць з печы, і вілашнік крохнуў. Мая гаспадыня кажа, «туды яму і дарога», дарэвалюцыйны яшчэ вілашнік.
Валодзька злаваўся ў душы: такая сур’ёзная размова, а ён пра вілашнік. Дзівак старшыня!
— Ведаеш, салдат, мне трэба рэсурс,— як ні ў чым не бывала, зноў на строгі тон перайшоў Ягорыч.— Рэсурс моцны, мэтанакіраваны, надзейны! А ты — баласт. Не крыўдуй толькі за гэта слова. Я ў дачыненні да нашых калгасных спраў гавару. Бо ты сам па сабе, канечне ж, нечага варты... Любы чалавек шмат можа зрабіць, калі яго на месца паставіць. Вунь Мішка Пруцікаў! Таксама да мяне прыйшоў, незадаволены жыццём, усім светам. Дзёрзкая натура! А я бачу: рэсурс! Адразу і ўхапіў яго за рогі. Іншыя хлопцы... А з цябе, салдат, толку тут аніякага. Не буду ж я падбіраць усё, што вецер прынясе. Мне трэба калгас на ногі паставіць. Да ручкі дабіты! Дзіўна, скажу табе, мы бярэм у калгасе такія абавязацельствы, як і пасля вайны. Во табе і рух наперад! А кожны ж год рапартавалі... з нагоды і без нагоды: «перавыканалі», «значныя поспехі», «норму — за дзве», «вышэй леташняга»... А дзе ўсё дзявалася? Фікцыя была! З паперы жыта не настрыжэш, салдат. Хіба што старшыні на асабняк, га? — Ягорыч засмяяўся.— Зямельцы гаспадары патрэбны, лекары. Папілі з яе крыві, пацягнулі сокаў гультаі, да анеміі зямлю давялі... лячыць трэба!