Выбрать главу

Рамонт Сяргей зрабіў сам. Плот паставіў. Дзірку ў сцяне заклаў цэглай і атынкаваў. Акно зашкліў. Шпалеры паклеіў. Плот і дом давялося яшчэ і перафарбоўваць. За час рамонту Сяргей і Жана пасябравалі, зблізіліся і злюбіліся. Шафёр нават зрабіў вядзьмарцы прапанову выйсці за яго замуж, але паставіў адну ўмову: Жана павінна была цалкам змяніць сваё харчаванне. Яна мусіла кінуць есці чорную зямлю, яшчарак, пацукоў, сабак, катоў, балотныя кветкі, жаб, трытонаў, груганоў і мышэй. Вядзьмарка паабяцала Сяргею, што кіне есці вядзьмарскія прысмакі і будзе харчавацца проста, як усе звычайныя віленчукі. Яна стрымала слова і пражыла пад адным дахам з Пеюном доўгае і шчаслівае жыццё.

Белы сад

Экскурсавод Яўген Ломаць вадзіў пілігрымаў па Вільні. Зарабляў ён добра. Жыў са смакам. Расказваў вандроўнікам пра мінулае, сучаснае і будучае Вільні. Тут было так, а зрабілася гэтак. Там было, а цяпер стала. На гэтым месцы будзе... Падчас адной экскурсіі Ломаць востра адчуў незваротнасць жыцця. На гэтым месцы праз сотню гадоў будзе стаяць Вільня, а яго, Яўгена Ломаця, у ёй не будзе. Загараваў мужчына. Так загараваў, што кінуў працу і пайшоў у свет шукаць вечнае жыццё.

Зайшоў у лес, заблукаў і ўжо падумаў, што не выйдзе з яго. Але выбраўся, бо дапамог яму Лесавік: пашкадаваў шукальніка вечнасці і вывеў на дарогу. Ішоў Ломаць па дарозе, збочыў на сцежку, па сцежцы зайшоў у балота і зноў падумаў, што згіне ў багне. Не згінуў, бо Балотнік дапамог: выцягнуў з твані і правёў на сухі край балота. За тым балотам узвышаўся груд, на якім рос белы сад, а пасярод яго стаяў дом, у якім жыла жанчына - беззаганная Арына. Яўген спытаў у яе: “Ці ведаеш ты хоць нешта пра бясконцае жыццё?” - “Ведаю... У маім белым садзе і ў маім доме заўсёды раніца і заўсёды вясна. Жыццё тут, на гары, бяскон­цае...” Узрадаваўся Яўген і застаўся жыць з Арынай. Застаўся ў садзе, дзе заўсёды вясна, застаўся ў доме, дзе заўсёды раніца.

Трыццаць тры гады Яўген пратрываў у бясконцым жыцці і засумаваў. Ён сумаваў па лету, па зіме і восені. Сумаваў па зорах у начным небе. Ён так знудзіўся, што папрасіў у Арыны дазволу, каб вярнуцца ў Вільню. Жанчына спякла хлеб, адрэзала лусту, загарнула яе ў палатно і сказала: “Калі стане табе кепска ў абноўленай Вільні, ты з’еш лусту майго хлеба - і вернешся ў той стары горад, з якога выходзіў”.

Яўген Ломаць вярнуўся ў Вільню праз трыццаць тры гады і не пазнаў свой горад. Усё ў ім зрабілася інакшым і чужым, нават людзі ў горадзе гаварылі на розных малазразумелых мовах. Яўген разгарнуў палатно, дастаў лусту, з’еў хлеб і вярнуўся ў тую Вільню, з якой выходзіў шукаць сабе вечнае жыццё. Вяртацца на працу экскурсавода ён не захацеў. Яўген Ломаць уладкаваўся ў часопіс, дзе пісаў штотыднёвыя прадказанні ў форме гараскопаў. Яны карысталіся вялікім попытам, бо шмат што з іх сапраўды збывалася.

Ружовыя пялёсткі

Андрэй Дыла разам з жонкай прыйшоў на аўтавакзал. Яны збіраліся ехаць з гарачай жнівеньскай Вільні на адпачынак да прахалоднага мора ў Палангу. Жонка папрасіла Андрэя пачакаць каля чамаданаў, а сама пабегла па бутэльку вады. Больш ніколі свайго Андрэя Дылу яна і не бачыла. Чамаданы засталіся, а муж знік назаўжды.

Пакуль жонка купляла мінералку, да Андрэя падышла вядзьмарка і паказала яму ружовыя пялёсткі. Дылу так яны зачаравалі, што мужчына кінуў чамаданы, жонку, забыўся на адпачынак каля мора і пайшоў за вядзьмаркай у Зарэчча. Сведкі бачылі, як Андрэй ішоў па зарэчанскай вуліцы разам з жанчынай. Больш яго ніхто не сустракаў, адно расказвалі, што вядзьмарка зачаравала Дылу, калі паказала яму на аўтавакзале свае ружовыя пялёсткі.

Рудая котка

Юрась Ткач жыў з маці. Яна па тры разы на дзень прасіла сына, каб той знайшоў сабе жонку. Юрась шукаў, але яна не знаходзілася, ажно пакуль ў парку каля вежы Гедыміна не пабачыў рудую котку. Ткачу яна так спадабалася, што ён вырашыў злавіць жывёлу і забраць дамоў. Юрась асцярожна пайшоў за рудой прыгажуняй. Тая спусцілася з гары, прайшла ў бок рэчкі і схавалася ў маленькім дамку. Праз акно Ткач убачыў, як рудая котка ператварылася ў рудавалосую жанчыну.

Тры месяцы, тры тыдні і яшчэ тры дні Юрась Ткач заляцаўся да рудавалосай прыгажуні і ўгаворваў выйсці за яго замуж. Нарэшце дзяўчына дала згоду. Маці Ткача нядоўга радавалася за сына, бо аднойчы пабачыла, як яе нявестка перакінулася ў рудую котку. Старая Ткачыха вырашыла неадкладна ратаваць сына. Яна забіла котку, пасекла яе труп рыдлёўкай на кавалкі і закапала на кветніку.