Выбрать главу

Калі аднойчы фермер з Сабакам пайшоў на паляванне, Кот сабраў усю скаціну, што жыла на ферме, і прапанаваў забіць Шчанюка. “Мала таго што на нас бясконца брэша і нас балюча кусае дурны Сабака, дык праз які год вырасце ягоны Шчанюк. Тады на нас будуць брахаць і нас будуць кусаць ужо не адзін, а два бобікі. Трэба затаўчы Шчанюка! Неадкладна!!!” Жывёлы падтрымалі смяротны прысуд. Конь біў Шчанюка капытом. Ка­рова парола рогам. Свіння рвала зубамі. Певень дзёўб дзюбай. Кот драў кіпцямі. Жывёлы не проста забілі Шчанюка, яны парвалі яго на дробныя кавалкі і зжэрлі.

Сабака, вярнуўшыся з палявання, шукаў і не мог знайсці любага Шча­нюка. Ніхто з жывёл не прызнаўся ў забойстве, толькі Кот сказаў, што Сабака дарма шукае свайго сына. “Жывёлы забілі яго, падралі на дробныя шкуматы і з’елі!” - так Кот агаломшыў Сабаку. Тут усе жывёлы абурыліся... “Ты сам падбіў нас забіць Шчанюка!” - “Ты першы пачаў ірваць яго кіпцюрамі!” - “Ты з’еў апошні самы смачны кавалачак ягонага вуха!” Раз’юшыўся Сабака і кінуўся на Ката. Той спрытна ўзляцеў на плот, з плота пераскочыў на страху гумна, са страхі перабраўся на дрэва, з дрэва саскочыў на дах дома... Карацей, тым разам Кот ад Сабакі ўцёк. Але з таго самага дня ўсе сабакі не любяць катоў. Не любяць і кідаюцца на іх. Не ведаю, як там у вас, а ў нашым Віленскім краі менавіта так. Дарэчы, раней у тутэйшых катоў на хвастах былі кутасы, як у львоў. Дык сабакі паабрывалі ім тыя кутасы.

Зялёная галава

Маладая жонка кінула старога мужа і пайшла да маладога каханка. Чую пра такое маладое і брыдкае ды згадваю віленскага доктара - сівабародага Максіма Куля. На старасці гадоў паважаны доктар захапіўся медсястрой Святланай. Тая доўгі час адмаўляла Максіму, а потым пагадзілася на вяселле і стала Святланай Куль.

Дзяўчыне было сумна са старым доктарам, і яна злюбілася з маладым шафёрам “хуткай дапамогі” Зміцерам Мурашкам. Неўзабаве Святлана кінула доктара і пайшла жыць да шафёра. Стары Куль зазлаваў і пракляў здрадніцу так, што ў яе на месцы чалавечай галавы з’явілася зялёная га­лава чарапахі са змяіным раздвоеным языком. Доктар быў упэўнены, што шафёр пабачыць зялёную галаву і прагоніць Святлану з хаты.

Куль памыліўся, бо Зміцер Мурашка пакінуў жонку ў доме і пачаў шукаць па ўсёй Вільні сродкі, каб замест зялёнай галавы чарапахі вярнулася чалавечая галава медсястры. Усе раілі шафёру ісці да доктара Куля, казалі, што толькі ён можа вырашыць пытанне з заменай зялёнай галавы.

Мурашка пайшоў да Куля і напрамілы бог прасіў, каб той вярнуў жонцы- здрадніцы чалавечае аблічча. Доктар пашкадаваў маладых людзей, шафёра Зміцера і медсястру Святлану. Доктар на тое і доктар, каб шкадаваць чалавека і дапамагаць у бядзе. Куль зняў са Святланы праклён. Зялёная галава чарапахі знікла, а на яе месца вярнулася галава чалавечая, адно што на памяць пра здраду ў жанчыны назаўсёды застаўся раздвоены язык змяі.

Чырвоная бутэлька

Гісторыю пра чырвоную бутэльку я пачуў ад п’яніцы Алега. Зазвычай ён п’е, седзячы на прывакзальным пляцы. Алег пачынае піць раніцай. Пачынае з маленечкай шкляначкі піва. Тут яго і падпільноўваюць розныя безграшовыя дзяды. “Пакінь глыток!” - просяць. Алег шчодры. Ён пакідае паўглытка піва на сподзе аднаразовай шклянкі. Паўглытка не шкада.

Але неяк адзін з безграшовых брудных дзядоў папрасіў у Алега вялікую шклянку піва. Нахабна запатрабаваў, можна сказаць. “Мужык, ты мусіш мяне ўратаваць. Без паўлітры піва я дамоў не дайду. Памру тут, каля вакзала!” Алегу было шкада піва для неахайнага нахабы, але ён усё ж купіў вялікую шклянку і пачаставаў дзеда. Той выпіў, падзякаваў і сказаў Алегу дзіўную рэч: “Мужык, калі раптам захочаш выпіць, а рублёў не будзе, падыходзь пад Зялёны мост. Стань каля вады, тупні левай нагою тры разы. Праз імгненне каля тваёй правай нагі з’явіцца чырвоная бутэлька, поўная моцнага віна. Віно можаш выпіць, а пустую бутэльку абавязкова пакінь пад мостам”. Алег, вядома, не паверыў бруднаму дзеду, які назваўся Вадзяніком. Хто ў такое паверыць? На цвярозую галаву ў такое ніхто не паверыць і правяраць не пойдзе...

Аднаго разу Алег моцна выпіў, яму хацелася яшчэ крыху накаціць для шліфоўкі, але капейчыны не было. Тады Алег і пайшоў пад Зялёны мост і тупнуў тры разы левай нагой. Каля правай нагі з’явілася чырвоная бутэлька з партвейнам.

Алег пачаў хадзіць пад мост кожны божы дзень. Віно выпіваў, а бутэльку пакідаў. Так было, пакуль Алег не пачаставаў чароўным парт­вейнам свайго заўсёднага сабутэльніка Валерку. Той не пажадаў пакідаць чырвоную бутэльку. Ён захацеў яе здаць як звычайную шклатару. Калі прыёмшчыца адмовілася прымаць чароўную бутэльку, Валерка раззлаваўся. Ён так раз’юшыўся, што разбіў чырвоную бутэльку аб цагляную сцяну... Алег яшчэ некалькі разоў спрабаваў тупаць пад мостам левай нагою, але партвейн ад Вадзяніка больш не з’яўляўся.