Другі калядоўшчык. Калі не спім і не калядуем, то цвічым лаціну.
Францыск. Не ведаю, чым тут і дапамагчы. Апошнюю чароўную пігулку для хуткага засваення лаціны я ўжо аддаў вашаму калегу шкаляру-недарэку.
Першы калядоўшчык. Шкаляр-недарэка не наш калега. Мы лепшыя вучні па лаціне ў нашай школе.
Другі калядоўшчык. Можна нават сказаць, што наш калега — сам Плаўт.
Францыск. Дакладна, Плаўт? Не Вергілій, напрыклад, ці Цыцэрон?
Першы калядоўшчык. Вядома, Плаўт. Мы напісалі на лаціне п’есу для нашага школьнага тэатра.
Другі калядоўшчык. Так, мы драматургі. П’еса наша аб Прыўкрасным Іосіфе.
Першы калядоўшчык. Дзейныя асобы: фараон, вядома, Прыўкрасны Іосіф, самі мы граем ахоўнікаў з алебардамі. Таксама ў п’есе дзейнічае цэлы статак кароў — вось хто сапраўдныя калегі Вашага недарэкі-шкаляра. У іх на лаціне толькі адна рэпліка: «му-му».
Францыск. Чакайце, не разумею: статак кароў, шкаляры-недарэкі...
Першы калядоўшчык. Сапраўды, наша п’еса можа падацца трохі складанай.
Другі калядоўшчык. Гэта алегарычная п’еса, разумееце? Тут патрабуюцца веды біблейскай гісторыі, разуменне ўмоўнасці тэатральнай дзеі...
Першы калядоўшчык. Але гэта не мусіць Вас насцярожваць.
Францыск. Мяне насцярожваць?
Другі калядоўшчык. Ідэя п’есы мае некалькі планаў, кожны можа знайсці ў ёй нешта блізкае для сябе.
Першы калядоўшчык. Гавары ўжо прама аб каровах.
Другі калядоўшчык. Так, каровы падабаюцца амаль усім.
Першы калядоўшчык. Амаль ніхто не разумее лаціны і адпаведна на забівае галавы нашымі складанымі алегорыямі.
Другі калядоўшчык. Затое, калі каровы гізуюць — падабаецца ўсім.
Першы калядоўшчык. Гледачы дзякуюць заўжды, кажуць, што ніколі так не смяяліся.
Францыск. Ізноў вярнуліся да нашых кароў.
Першы калядоўшчык. Зразумела, гэта ўсе спрашчэнне. На мігах цэлай п’есы не перадаць. Вам трэба прыйсці да нас на рэпетыцыю.
Другі калядоўшчык. Калі ласка! Гэта будзе для нас лепшым падарункам.
З’ява 6.
На рэпетыцыі школьнага тэатра.
Гугон. Паўтараем за мной: му-у.
Хор «худых кароў» (сваволяць) Ме-е. Ме-ке-ке.
Гугон. Цяпер па чарзе, няздары. Ab ovo…
З хора кароў па чарзе даносіцца: «муа», «мяў», рэдкае «му-у».
Гугон. Што там за пачварныя гукі? Галовы адпачываюць, дык гавораць вантробы?
Ад группы назіраючых за рэпетыцыяй аддзяляецца постаць, якая набліжаецца да Гугона. Гэта Скарына.
Францыск. Вітаю Вас, шаноўны! Бачу, Ваш метад наследуе старажытным.
Гугон. (у няўцямнасці) Так, старажытныя казалі: «Homo homini lupus est». І вось перад намі пацверджанне гэтай мудрасці (паказвае на шкаляроў): ваўчары ў скуры гавяды.
Францыск. Я меў на ўвазе паходжанне слова трагедыя — «песня казлоў».
Гугон. А, казлы. Можна і так сказаць. Прыемна, што маю работу можа ацаніць сапраўдны знаўца. Аднак казлы ўсе ж анахранізм — жывёла дробная, шкадлівая, нядобранадзейная. Адсюль у нас каровы… Але ж Вы самі бачыце, з якім матэрыялам мне прыходзіцца працаваць. У лаціне яны ні бэ, ні мэ.
Францыск. Што казаць у такім разе аб гледачах? Яны лаціну калі і ведалі, то даўно ўжо забылі.
Гугон. Праўда Ваша, не ведалі, а яшчэ і забылі.
Францыск. Чаму б у такім разе не звярнуцца да простай мовы для людской карысці?
Гугон. Простая мова дадзена, каб мянціць языком, а лаціна вострыць розум. Нават, калі большасць і не разумее прамоўленага да іх, але самі ўжо гэтыя дабрародныя сугуччы адухаўляюць, вучаць пакоры, паказваюць ім, наколькі мізэрныя і недасканалыя іх глузды.
Францыск. Ці не лепш было б гэтым глуздам дадаць вартасці?
Гугон. Вучыць дурня — псаваць толькі. Як лепшы прыклад — тутэйшы Францыск Скарына.
Францыск. (стрымана) І што ж Францыск Скарына?
Гугон. Скарына перакладае Святое Пісанне на простую мову для народа паспалітага. А дзе тыя школы, у якіх народ паспаліты навучаць чытаць на простай мове?
Францыск. (аптымістычна) Бракуе школ, вось і пачнём з тэатра.