Выбрать главу

Чарнявы, сціплы «хлопец» пасівеў. Гады ідуць, ад ран старых здароўем надта не пахвалішся, а праца патрабуе модных нерваў. Аднак за многія ўжо нашыя гады я амаль не бачыў, каб ён быў неўраўнаважаны. Хоць ёсць i тут, як i ва ўсім у жыцці, сваё «амаль». Культурнага выкладчыка, спакойнага сямейніка, прыязнага таварыша я бачыў раз ці два ўсе-такі злосным, аднойчы нават ледзь не раз'юшаным... Як рыбака, якому груба перашкодзілі...

Ісці пад ліўнем за пяць кіламетраў, уверх па лясной незнаёмай рачулцы, у тое запаветнае месца, дзе, кажуць, стронга ёсць, перамагаць тую хітрую, асцярожную стронгу яшчэ ўсё пад ліўнем — гэта ўжо страсць. «Сэрца, браце, пяе, a пахваліцца няма каму! Што ажно восем штучак узяў! Бо той жа нехта мне тут зусім не патрэбен!..»

Калі ён сядзіць на сваім загадзя падкормленым, адмысловым гатку, засяродзіўшыся на справе з найвышэйшай адказнасцю,— я наогул лепш абыходжу яго здалёк, дый там яшчэ, у тым «здалёк», стараюся ісці на пальчыках. Не ўсе пра гэта ведаюць, каторыя дык нават любяць падысці да рыбака, папрастарэкаваць з прыязнасцю. A ўжо калі ўбачаць, што чалавек ды штосьці валачэ з вады — бягуць туды як на пажар з усім гукавым афармленнем. Тым, што беглі да Федзі, я не зайздросціў...

Тым больш цікава, нязвычна было бачыць яго самога ў якасці парушальніка рыбацкіх законаў.

Здарылася ў нас аднойчы такое. Над рэчкай Рытай, на поўдзень ад Брэста. Звечара мы ўтрох удачліва лавілі плотак i акунёў, варылі юшку, пасля вячэры доўга яшчэ сядзелі каля вогнішча, сяк-так паспалі i на досвітку выйшлі да рэчкі ў густой палескай імгле.

Яна здавалася мне казачнай. Можа, таму, што ўвечары да мяне, у маю найцішэйшую завоіну, казачна падплываў, злосна ўцякаў, пацвелены кончыкам вудзільна, i зноў з настойлівай наіўнасцю вяртаўся вуж.

Цяпер, уранні, вужа не было. У завоіне была тая самая, толькі ўжо ранішняя, цішыня, былі блазенская радасць надзеі на небывалую ўдачу, быў потым першы, пакуль што не вельмі багаты, побліск удачы — першая плотка. А потым у нашай імглістай, росна-церпкай, трошкі пранозлівай i вельмі чуткай цішыні раптам пачулася нечаканае:

— Эй!

Я азірнуўся, сходу здзіўлена зразумеўшы, што гэта голас ягоны, Янкоўскага. Ён быў бліжэй да мяне. Здзіўленне маё мільганула, як іскра, а потым яно распасцерлася ў ціхую радасць.

З густой імглы, празрыста падрумяненай усходам сонца, на мяне пазірала казуля.

На мілай мордачцы вельмі выразна відно было недаўменне. Выйшла з лесу, а тут...

Спыніся, мае першае ў жыцці, такое казачна прыгожае імгненне!..

Нейкі момант, можа, нават адносна вельмі доўгі, яна глядзела на мяне, бліжэйшага, маўклівага ды непарушнага, перажываючы i мой выгляд, i голас майго, менш бачнага ў імгле, суседа, не ведала, што ёй рабіць — ісці да вадапою ці вярнуцца...

Вярнулася.

Але ў маёй удзячнай памяці стаіць, глядзіць... Адзін на двух незвычайны ўспамін.

Не столькі па класічным запавеце, колькі па патрэбе душы, наведалі мы з Федзем узаемна нашы родныя мясціны. Мае ён, зрэшты, ведаў трохі i да знаёмства ca мною. А Глушчыну яго мне давялося ўпершыню наведаць разам з ім.

Пішу гэта i ўспамінаецца тая яго наіўна мудрая, ужо i шматвопытная, але ж i маладая радасць ды трывога, схаваная ў падтэксце гутарак i паводзін:

«Хаця ж ці спадабалася табе мая хата, мой брат, нашы людзі, наш лес, наша поле i неба?..»

Добра так. А яшчэ калі чысты, здаровы смех, калі шчырае слова пра штосьці новае ў радаснай i хвалюючай безлічы спраў, якія мы збіраемся зрабіць,— тады, вядома, яшчэ лепш. I па ўзлеску ісці, i сядзець над ракою, i ў роднай сябравай хаце.

* * *

Над быстрай Шчарай, у пакойчыку з акном на сосны, пясок ды мох пад імі, чытаю прозу Гётэ. Перад сном. Усё, што за маім асветленым пакоем, уяўляючы.

Прыехаў сюды пазаўчора, a ў вачах яшчэ ўсё маладзенькія рабінкі ў сонцы, абапал бруку наваградскага гасцінца, на зеляніне прысадаў, каля жоўтага ды зялёнага поля...