Выбрать главу

I вось яна мне помніцца.

Нават нагадала васняцоўскі «Скіт» — лясную цемру i светлую кропку агеньчыка, які гаворыць так многа.

Пра скупасць мазка.

* * *

Пасля адлігі — мароз i вецер. Снег прыкарэў на ялінах i соснах, i вецер яго не абтрэсвае.

I неяк дзіўна, ледзь не да лёгкай сцішнаты, што яліны i сосны бездапаможна гайдаюцца. Такія моцныя, непарушныя, калі ціха.

* * *

Рыжскае ўзмор'е. Люты. Разам з намі, вельмі нямногімі літаратарамі, адпачываюць тут, у пісьменніцкім доме творчасці, «латвійскія аграрыі», пераважна жанчыны i маладыя дзяўчаты. Аграномы, даяркі, бухгалтары...

Яны сабраліся сюды з усіх канцоў свае рэспублікі, ва ўспамінах сваіх, у роздумах, у сэрцах сцягнулі ў гэтае месца над морам столькі таго цікавага ды рознага, што я магу толькі цьмяна, прыблізна ўяўляць, ведаючы Латвію больш па кнігах, чым непасрэдна.

Каторы дзень прыходзіць, вяртаецца думка пра ix асабістыя светы, якія за адзін раз непрыблізна ўбачыць не зможа нават багатае, яркае, грунтоўна падмацаванае веданнем уяўленне.

А гэта ж так цікава — гэты сціск нябачных промняў ix дарог i сцежак у адно месца, сюды, у нашы жоўтыя белавокныя домікі, у вялікую светлую сталовую, дзе мы тройчы ў дзень сустракаемся ў поўным складзе.

А потым будзе разбег ад цэнтра, як выбліск промняў ад сонца, раз'езд ва ўсе канцы ix «зялёнай зямлі»,— у свае хаты, за свае сталы, на свае падушкі...

Як гэта цікава, i як няясна я пра гэта гавару!..

* * *

Пражыў паўстагоддзя i не ведаў, што Зэльва — ад літоўскага жальёі — зялёная. Даведаўся i нібы здзіўлены, нібы рады...

Заўсёды штосьці будзе адкрывацца, будуць здзіўленні i радасці.

Абы яны былі!

* * *

Часта, прыбіраючы ў сваім пакоі пасля падлетка-сына, успамінаю Коласа:

...Шпурнуўшы лапці i анучы Сярод двара ў пясок сыпучы. Ix маці зараз падабрала, Нічога сыну не сказала. Пайшла ў крыніцу i памыла, На прызбе сохнуць палажыла.

Апошнія два радкі — па школьнай памяці, у зборы твораў яны гучаць інакш.

A ўсё цытую з-за падкрэсленых радкоў: як гэта проста i, перажыўшы самому, як дакладна!

* * *

«Галава пустая, як новы цэбар».

Чужое гэта? Народнае? Каб такое яна, вясковая настаўніца, прыдумала сама,— аднаго гэтага, на ўсе сто з гакам старонак рукапіснай слабізны, хапіла б, каб паверыць у яе здольнасці.

* * *

У непісьменнікаў, калі ім часамі даводзіцца напісаць што-небудзь, вырываюцца цудоўныя, вялікай мастацкай сілы дэталі, падказаныя жыццём.

Чатырнаццацігадовая дзяўчынка нясе на могілкі маленькага брата. Грамадзянская вайна, бацьку застрэлілі белыя, маці недзе ў камандзіроўцы.

«Я загарнула яго ў прасціну i панесла на могілкі. Дзень быў спякотны, але мяке ўсю калацілі дрыжыкі ад холаду гэтага маленькага мёртвага цельца».

Так успамінае праз сорак гадоў, колішняя дзяўчынка, выступаючы ў газеце. А тое, што ёй проста помніцца, падкрэсліў я.

* * *

На вялікай лясной паляне варушыцца ад нізавога ветрыку мятлічка, грэюцца ў сонцы пабрыджаныя нейкай траўкай плешаны, густа лезуць з зямлі маленькія сасоначкі. Самасейкі.

Далей ідзе шорстка-зялёная сцяна сасновага падлеску, а над ім — заўсёды непаўторна прыгожая разгалістая сасна. Адна ў сваёй медна-зялёнай, нібыта бясформеннай на свабодзе, нястромкай красе.

Сасна — на фоне вечнага, чыетага блакіту i хвалююча беласнежных аблокаў. Яны мяняюць свае формы i плывуць да сцішнаты захаплення бязгучна, пяшчотна i велічна. Нічые i агульныя. Колькі я бачыў ix зверху, над колькімі землямі i морамі!..

Каля танцавальнай пляцоўкі калгаснага дома адпачынку на сівых лавах сядзяць сапрана, альты, тэнары i басы — дзяўчаты, маладзіцы, дзецюкі i мужчыны мясцовага самадзейнага хору. Прыехалі грузавіком на рэпетыцыю. Цікава было б апісаць ix кожнага, з іхнім руплівым i энергічным кіраўніком. Ды я хачу не пра гэта.

Я — пра тое, што зноў вось ажыло ў душы, тузанула яе тым пачуццём, якое я так даўно i так пакутліва-шчасліва намагаюся злавіць i перадаць...

Група сапрана — некалькі дзяўчат, i школьнід яшчэ i ўжо работніц на полі, на фермах — нібы махнула белым крылом — пяшчотнай купальскаю песняй:

Ой, рана на Ивана...

Наша, наша яна — як рыжая мятліца, як звычайна-цудоўная сасна. Яе мы, пяшчотную песню, пры дапамозе празаічнай тэхнікі кінем туды, у блакіт, пад аблокі, адкуль наша слова i наша сэрца зловяць усюды, на ўсёй зямлі.