Гэта ў мяне даўняе, сялянскае — есці сухі, як гаворыцца хлеб не проста са смакам, але i з душэўнай радасцю, з паэтычным, амаль дзіцячым бачаннем i поля, i жыта, i сонца.
Наша цудоўнае лета. Багатае жыта, у якім заўсёды хочацца паляжаць. Трава — у густой, раскошнай квецені купалля, рамонкаў, вогнікаў — небывала добрая, ледзь не да пояса. Лён дацвітае сваім блакітна-дробненькім цветам, які каля дарогі шчодра асыпаўся на пясок.
Рэдка бываю апошнім часам у родных мясцінах, i таму, здаецца, магу ў нейкай меры свежым вокам глядзець на ix простую i вельмі не простую красу.
А «свежае вока», па-журналісцку кажучы, вельмі патрэбна. I ў творчасці,— каб азірацца на зробленае як мага больш аб'ектыўна, i ў сузіранні красы прыроды,— каб бачыць, знаходзіць у ёй кожны раз новае.
Калі я апісваю прыроду — гэта не капіраванне яе, а радасць, што жыву, што бачу.
Успомніў гэта, чытаючы добрую аповесць В. Распуціна «Последний срок», тое месца, дзе бабуля ачуняла ад смяротнага забыцця i села на ложку. Радая, што дзень — пагодлівы, вераснёўскі — пачаўся.
Успомніў я i свой даўні, адразу ж пасляваенны запіс пра восеньскія засеўкі, успомніў іншыя замалёўкі прыроды i падумаў радасна, што за ix мне брыдка не было ніколі.
З аднаго выступлення:
«Вялікую цікавасць уяўлялі творы беларускіх кампазітараў у кантатным жанры: «Над ракой Арэсай» i «Сказ пра мядзведзіху». Апошняя рэч не страціла мастацкай вартасці i да нашых дзён».
Ці мела мастацкую вартасць рэч першая — не гаворыцца. Лаві гэта паміж радкоў. I не думай, калі ласка, што сапраўдныя мастацкія вартасці застаюцца — дый маюцца — толькі тады, калі яны ёсць...
Дубовыя бочкі — звонкія, літыя — моцна стаяць на зямлі. Кошыкі зялёныя, лазовыя, i белыя, з карэння. Рашоты напамінаюць духмянасць свежай мукі, ражкі — гарачы, масляны пах аладак. Вазы, скрынкі, мяхі, у якіх парасяты. Несціханы, няўмольны парасячы віск. Неабходны смурод. Грузавыя машыны стаяць асобна, легкавыя i матацыклы — таксама. Сельпоўскія грузавікі з каляровай стракатасцю шырпатрэба — ад газавай хусцінкі да чорных, непераможных ботаў. Вязкі i «ніткі» сухіх грыбоў. Колькі працы i радасці, красы роднай прыроды ў гэтым моцным, здаровым, хвалюючым водары! Сала аполкамі. Буйныя светла-карычневыя яйкі. Жоўценькае масла.
— Яно ў вас смачнае?
— Не-а.
— Я на нюх пазнаю.
— А я дык яго ні на нюх ні на слух не ведаю. От, ем сабе, колькі жыву, ад аднае каровы.
Хітрая, спраўная, стрымана вясёлая жанчына. Амаль маладзіца, a ўжо чырвоныя боцікі хоча купіць не сабе, а дачцэ.
Яблыкі, грушы, слівы!.. Кладучы на вагу, цётка (другая ўжо, старэйшая) не вельмі каб спрытна стараецца выбіраць драбнейшыя. Дый важыць па-аптэчнаму. A ў дзядзькі — менш дамавітага, больш бывалага — больш паэтычных адносін да жыцця.
— Я што — за яблыка ці за грушу буду дрыжаць? На табе, браце, i перавес.
Ясны i цёплы верасень. Дзень, што пачаўся туманам, а потым,— калі нам з дарогі, з дубовага гаю адкрыўся горад з чырванадахім касцёлам i бура-цагляным агрызкам руінаў на замчышчы,— стаў неяк раптам сонечны. Ажно стары, маўклівы шафёр не вытрываў:
— Навагрудак у аб'яціях сонца!..
Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога, густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.
Любуючыся красой палёў, думаў пра нейкага дзядзьку з вунь таго хутара ці з гэтай во вёскі: як жа ён успрымае ўсё гэтае хараство? Проста жыве ў ім, у спакоі шчаслівага спажыўца? Як птушка?
А хто ж тады песні складаў народныя?
А мы адкуль узяліся — тыя, што пішам?..
I сапраўды, гэта ж вельмі цікава — які Багрым быў аўтарам выдатных вершаў, што сталі народнымі песнямі. Скажам, «А ў полі вярба» або «Ой, я п'яна, я п'яна»... Вельмі цікава i вельмі крыўдна, што ні да нас, за выключэннем самых блізкіх таго аўтара, ні мы, ні пасля нас — ніхто не ведаў i не будзе ведаць.
Гэта — не адкрыццё, не сцверджанне вядомага, проста я адчуў гзтую загадку чамусьці небывала востра i хвалююча, як быццам на мяжы нейкага шчасліва-еумнага натхнення, нейкай патрэбнай задумы.
Гледзячы на партрэты тых, што жылі даўно.
Яны не толькі жылі, але ж i адчувалі сябе без нас зусім нармальна, i нават не здагадваліся, што мы, іменна такія, як мы ёсць, персанальна калісьці будзем.
Чуў калісьці: «Гадованае дзіця памерла». I тут пра беднасць, пра цяжкую беспрасветную працу. Страшная ёмкасць народнага слова.