I вось былыя князі ці магнаты дапамаглі яму ў мудрагелістых справах генеалогіі. На наступнай, пасля пакупкі чорнага пудзеля, сустрэчы, яны сказалі Міколавай «пані дому», бо толькі з ёю адной сустрэліся, адкуль паходзіць слова «нупрэй», што стала прозвішчам яго, а потым i яе. Аказваецца, не проста ад Анупрэя, не проста ён з Беларусі, а, проша пані, са Жмудзі... Усё-такі нейкі пах ды прысмак вялікай гісторыі!..
A ці не лішне гэта прыемна,— паддаўшыся модзе, дый наогул паддаўшыся, вадзіць на праходку сабаку, што больш за самога цябе радавіты?..
Рамантык (крыху захмялелы):
— Ён, брат, як заспявае — шыбы звіняць!
Рэаліст (цверазейшы):
— Вядома, браток, як дрэнна закітаваныя, дык i будуць звінець.
Трохі начытаны, недавучаны дзядзька, філосаф i сектант, але сумленны чалавек. Я хачу яго паважаць, не хачу, каб ён падумаў, чаго добрага, што я гляджу на яго зверху. А ён, пасля доўгай гутаркі, дзе я больш слухаў, хутчэй з ветлівасці, чым з цікавасці, гаворыць з хітранькай усмешкай перавагі:
— У вас, у вашай суяце, няма калі нават падумаць. А я сабе ў дзярэўні многа мыслю. Многа, спакойна мыслю...
Нібы алей цісну — саматужная вытворчасць думкі. Часамі толькі з меншай карысцю. Як самамэта.
Дзве бабулькі сустрэліся, добра такі пагаварылі, стоячы на дарозе, а потым адна схамянулася:
— Я ж табе, мілая, здаецца здрастуй не сказала! Ну, то здрастуй.
Канцылярская пстрычка (зранку нервовая).
— Не дурыце вы мне, бабка, галавы! Я вам не машына!
Бабка (нібы не маючы права нервавацца):
— Была б ты, мая дзевачка, машынай, дык хоць не лаялася б так.
Увосені шэсцьдзесят другога года, у залатым, утульным лесе, у пажаданай адзіноце я чытаў бунінскі «Храм сонца», прымаў яго слова, як ліпавы мёд, маленькімі глыткамі, па некалькі старонак у дзень, пасля працы, шчасліва адчуваючы, што гэтае чытанне — не толькі разумны адпачынак, але i работа, i вучоба, i жыццё ва ўсёй яго паўнаце.
У такіх умовах, што добра спрыяюць успрыманню сапраўднага мастацтва, у такім паглыбленым настроі мне давялося пазнаёміцца з першым зборнікам апавяданняў Міхася Стральцова. Я з радасцю адчуў, што нават i адразу пасля Буніна апавяданні нашага ціхага хлопца чытаюцца... на блізкай хвалі прыёму.
Справа, вядома, не ў тым, каб некага з некім параўноўваць,— ці варта лішне рызыкаваць авансам! i без патрэбы раздражняць таго, хто думае інакш? Мне проста хочацца сказаць, што проза Стральцова — лірычная ў самым станоўчым значэнні гэтага паняцця, што яна безумоўна адтуль, дзе пачынаецца сапраўдная літаратура.
Даўшы на гэта заяўку сваімі першымі творамі, наступнымі ён спраўдзіў мае (ды ці толькі мае!) спадзяванні,— асабліва такімі рэчамі, як «На чацвёртым годзе вайны» i «Адзін лапаць, адзін чунь».
Пісьменнік гэты не проста піша, сачыняе свае апавяданні i аповесці,— ён арганічна, натуральна ідзе ад жыцця, як быццам яно само падказвае яму, што i як трэба рабіць. Яму толькі застаецца выконваць загады жыцця, што ён i робіць, часта — з зайздроснай дакладнасцю.
Шматфарбнае, тонкае слова Стральцова законна, па праву ўзаемнасці, патрабуе ад чытача павагі. Яго нельга чытаць абы-як, для забавы, толькі ідучы за фабулай,— пры такіх адносінах да яго, слова гэтае сарамліва, але ж i рашуча замыкаецца ў сабе, раўніва не выдае сваіх таямніц. Пра такую прозу адны, сыценька пазяхаючы, гавораць, што яна, бачыце, цяжкавата чытаецца; другія ж бачаць у ёй i іншую асаблівасць: яе, здараецца, i перачытваюць. А гэта ўжо адна з тых станоўчых якасцей, якою вызначаюцца далека не ўсе займальныя кнігі.
Пра што i пра каго ні пісаў бы Стральцоў, на старонках яго я перш за ўсё бачу аднаго галоўнага героя — самога аўтара, чалавека культурнага i чулага, з позіркам вострым на праўду i ману, інтэлігента з народных нізоў, які няблага засвоіў нялёгкую i складаную мудрасць часу. Шчыры чалавек, відушчы мастак ідзе па жыцці з крыху журботнай усмешкай. Так хадзілі яго вялікія папярэднікі, з гэтай журбой, з гэтым шчаслівым болем за ўсіх i за ўсё горка i радасна адчуваць сябе літаратарам. I гэта не сузіральнасць, якою нас палохаюць часамі крытыкі, гэта павышаная любоў да красы, да чыстага, да новага — на чым трымаецца жыццё.