...I мне, Міхась, ужо даўнавата няёмка без твае новае прозы... Яна павінна быць.
Абмеркаванне першай кнігі маладога аўтара. Хваляць за змест, за форму — за ўсё. Хваляць густа i соладка. I толькі два чалавекі сярод шматлікіх удзельнікаў гэтай гаворкі ведаюць штосьці адно патаемнае... Сам аўтар i яго рэдактар.
Яны ведаюць рукапіс кнігі — які ён быў пакрэмзаны пасля таго, як па ім пахадзіла рэдактарскае пяро. Колькі там было выкраслена — ca згоды аўтара, колькі дапісана аўтарам — з удзячнасцю да рэдактара, колькі папраўлена зноў — пасля яшчэ адной, здавалася, самай апошняй рэдакцыі... Яны амаль па-сапраўднаму пасябравалі за тыя нялёгкія дні — малады i старэйшы таварышы. I вось заслужена спажываюць радасць удачы.
Ад першых келіхаў славы аўтар п'янее, i гэта пакуль што прыкметна толькі па румянцы яго шчок. Рэдактар, ён жа, дарэчы, i сам літаратар, радуецца па ўзросту ды па вопыту цвяроза, i амаль ніхто з прысутных не ведае пра яго дачыненне да хмельнай радасці імянінніка.
Потым адна з удзельніц абмеркавання, асоба юная i паэтычная, падносіць імянінніку келіх найбольшы.
— Як гаварыў вялікі Шуман,— цытуе яна звонка i расчулена,— здыміце капелюшы: паміж намі з'явіўся геній! Так, дарагія таварышы. I калі б яшчэ рэдактар гэтай цудоўнай кнігі папрацаваў над ёю хоць трохі...
Ну, што рэдактар, чуючы гэта, маўчыць — яно зразумела. Ён толькі галавою крутануў, злёгку прыгнуўшыся. Што аўтар з месца, адразу не крыкнуў: «Няпраўда!» — гэта таксама зразумела. Цягнучы з келіха — ды вялізнага, ды нагбом — не вельмі што i крыкнеш. Аднак i потым ён,— разгублены, без'языкі ад шчасця,— выступаючы ў заключэнне са словам падзякі ўсім удзельнікам абмеркавання, забыўся сказаць сваё слова толькі аднаму...
Хлопцу яшчэ давядзецца ісці да чытача з другою кнігай. А майстры гэтай справы кажуць, што другая кніга якраз найцяжэйшая, што іменна па другой найлепш пазнаецца трываласць i самастойнасць таленту.
«Нічога не зробіш. Памагай яму наш бог. I мы таксама будзем, калі спатрэбіцца».
Так думае рэдактар.
Магчыма, не зусім, a толькі прыблізна так. А вось што горка яму — гэта напэўна.
Чаму вы лічыце, што непрыяцель, пішучы пра мяне, будзе больш аб'ектыўны, чым друг?
Кажуць, што суслік, сыценькі паразіт, калі яго вадою гоняць з нары, спачатку намагаецца ваду тую выпіць.
Кажуць таксама, што нейкі легендарны крытык, даўнейшы пагромшчык нашай літаратуры, пасля XX з'езда партыі пачаў вырэзваць свае старыя, «высокаідэйныя» артыкулы з усіх газет i часопісаў, ва ўсіх бібліятэках, заняўшыся гэтым вельмі старанна.
Суслік, не выпіўшы ўсёй вады, паварочваецца да яе задам, затыкаючы такім чынам нару, а потым вада выпірае яго, дурнога, мокрага таўсцюха, наверх, пад пастушыны кій.
На крытыка знайшоўся іншы спецыяліст таксама літаратурны. Раскапаў-такі дзесьці ў глыбінях далёкіх, вялікіх бібліятэк тыя яго артыкулы, перабіў з ix фотакопіі, час ад часу палохае імі крытыка i бярэ з яго... падатак за маўчанне.
Літаратурны суслік, кажуць, не загінуў, нават не збяднеў,— жыве ў багатай кватэры, адпачывае на раскошнай дачы, ездзіць на ўласнай машыне. Яму куды лягчэй заткнуць задам цёмную ды пакручастую нару свайго мінулага.
На юбілейным банкеце ў вялікага блатмайстра былі на другое гарачае нават смажаныя анёлачкі.
Скульптар паказвае школьнікам сваю майстэрню, ахвотна i цікава расказвае амаль пра кожную групу, пра кожны бюст,— як гэта робіцца, як працавалася. Жывыя, дапытлівыя пяцікласнікі слухаюць на дзіва ціха.
Ды вось гаспадар, чалавек ужо сівы, стаміўся.
— Задавайце мне, дзеці, пытанні. Ну,— паўтарыў ён пасля невялікай паўзы,— хто з вас хацеў бы штосьці спытацца?
Здаровы, трохі перакормлены, але вясёлы, хоць часамі i недарэчы, Сёмка ўздымае руку.
— Скажыце, дзядзя, а што гэта там за генерал? Вунь, у кутку! Вусаты, у шапцы!
— Гэта, хлопчык, не генерал...— ледзь не ўздыхае скульптар. Ён называе імя, імя па бацьку i прозвішча «негенерала» — ca смакам, з сумам, урачыста.
Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст не робяць ніякага ўражання.
Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагоддзя.
Вялікі оперны тэатр. Канцэрт з выпадку вялікага юбілею. Выконваецца Шапэн.
A ў першым радзе важная дама спакойна, дзелавіта шархаціць фальгою.
Адпачынак — высокакультурны: Шапэн у шакаладзе.
Трохі работнікаў культуры прывезлі ў перадавы калгас.