Выбрать главу

Што, мала было на свеце агню? Мала ёсць яго? Мала будзе?

Тут, з чалавекам,— не проста агонь. Больш чагосьці. Больш непаўторнага.

Мае найранейшыя творы не засталіся, не выжылі. Але ж дагэтуль засталася ў памяці радасць працы над імі.

Часамі нават нібы ўспамінаецца, што вось было ў мяне... здаецца, вельмі маленькае, ды вельмі ж ёмкае, светлае апавяданне, якое дало мне вялікую радасць стварання, дало надзею, упэўненасць, што буду пісаць. Дало, а само кудысьці прапала... Дый невядома, ці наогул было. Хоць радасць тая i ўспамінаецца як сапраўдная.

Былі ў тым апавяданні нейкія вельмі скупыя i яркія, вельмі трапныя i каштоўныя словы, куды дакладнейшыя i значнейшыя за тыя, якія ёсць у маіх ранніх надрукаваных творах. Былі? А можа не было? Можа i не... Я памятаю ix як у шчаслівым, але невыразным сне, дзе тыя словы — больш музыка, чым жывапіс. I гэтая музыка — мая першая радасць авалодвання словам — не толькі была тады, але, як вясёлае, чыстае рэха, паўтараецца часта i сёння.

Толькі ж ці часта?

Каб жа часцей!..

* * *

Над Нёманам — тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі i на трэці. Стаіць ix тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак, мне хапае i трох. Нават i двух,— таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, i бліжэйшага, на які я гляджу значна больш. На буслянку. Ёсць яна i на трэцім, далейшым дубе, нават i бусел там стаіць, нерухома, як помнічак, але на гэтую, бліжэйшую буслянку, хоць i схаваную ў густой, цёмна-зялёнай кроне, глядзіцца, лежачы, проста чамусьці лепш. Нібы чакаючы чагосьці большага, чагосьці незвычайнага.

Канчаецца ліпень. Бусляняты гэтай парою амаль зусім ужо дарослыя, толькі зблізку адрозніш ix ад бацькоў.

На дубе маім, заслоненыя лістотай, дарослыя буслы ці бусляняты стаялі нябачныя, моўчкі,— я толькі здагадваўся, што яны там ёсць.

Потым здагадка спраўдзілася. Нечаканым, велікакрылым шах-мах. Буслы ўзняліся з-за лісцяной маскіроўкі i вось — з'явіліся на блакіце. Блізка, ледзь не рукамі ix дастаць. Даўно прывычны i такі заўсёды новы цуд.

Тут я ix i пазнаў, маладых. Па дзюбах, па нагах — яшчэ не чырвоных, па тым, як яны, пакружыўшыся для размінкі над родным дубам, пачалі садзіцца на гняздо. Павіселі над ім, перабіраючы цыбамі, няўдала цэлячыся імі, каб хаця ж не міма.

А потым прыляцеў надубны гаспадар. Чырвананосы, чырвананогі, з жабай у дзюбе,— ну, проста для малюнка ў дзіцячую кніжку. На гняздо ён сеў упэўнена, адразу. I тады — апошнім доказам, што першыя два маладыя — пачулася ix нецярплівае, нават яшчэ ўсё пястотнае сіпенне.

А мне ізноў успомніўся сёлетні сакавік.

...Мы яе неслі спачатку з крутога, коўзкага ўзгорка, а потым доўга па вуліцы, над глыбокай, сцюдзёнай гразёю, над бруднай наледдзю, над раўчукамі, што мутна i весела булькалі насустрач нашаму сумнаму шэсцю.

Ёй ужо было знойдзена месца ў цясноце спрадвечных магіл, яе там засыпалі жвірам. Маю старэнькую пакутніцу сястру.

I ўвесь гэты час, пакуль мы ішлі i стаялі, звінеў у небе жаўранак. Здавалася, адзін усё, той самы ранні, што здуру прыляцеў ужо, не самому сабе, a камусьці на радасць.

Пасля быў вечар, нудота i гоман п'яных памінак, а потым ноч i раніца. Я зноў прыйшоў у гэтую хату на ўзгорку, да якое прывык за жыццё, у якой упершыню мяне не сустрэла яна, старая гаспадыня.

Прыйшоў з нечаканым i дзіўным у гэты дзень пробліскам радасці ў сэрцы i ў першым слове на парозе...

Чаго ж такая неадпаведная радасць?

Узыходзячы на круты, коўзкі ўзгорак, я — нібы хтосьці мяне штурхануў — зірнуў угару, туды, дзе побач з хатай, на агародзе, пад самыя хмары ўздымаецца змалку знаёмая, старая ліпа.

На ліпу выкінуты быў — на самую вяршыню — белы сцяг вясны: там сядзеў першы сёлетні бусел. Вельмі ранні, яшчэ не чаканы.

Я пастаяў каля плоту, шчасліва намагаючыся ўявіць ягоны шлях ад пірамідаў да нашых надрэчных лугоў.

Сашка, найменшы ўнучак мае сястры, ужо адчуў гэты вялікі цуд. Ён забаўляўся цяпер каля будкі з сабакам, натуральна шукаючы новай пацехі.

«Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях так, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як i ў яго...»

Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.

Белы сцяг вясны...

Тады ж, адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з'яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, па-нашаму, па-пісьменніцкаму кажучы, гэта — чужое.

У яго толькі трохі інакш:

Во już bocian przyleciał do rodzinnej sosny I rozpiął skrzydła białe, wczesny sztandar wiosny.

Не белы сцяг, a ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.