Выбрать главу

Былі на шмат старэйшыя,— пра трох я гаварыў вышэй. Ёсць такія i сёння: нястомны палярнік Чэслаў Цанткевіч; пясняр рабочай Варшавы, нечым падобны да Бранеўскага, Станіслаў Рышард Дабравольскі; аўтар выдатнай кнігі пра Шаўчэнку Ежы Енджэевіч. Ёсць аднагодкі, салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года, партызаны, удзельнікі варшаўскага паўстання, салдаты Войска Польскага, што разам з нашымі ішлі i дайшлі да Верліна. Войцех Жукроўскі, Мацей Канановіч, Леслаў Бартэльскі, Тадэвуш Ружэвіч, Ян Гушча...

З адным нямала, шчыра пагаворана, прозу другога ты чытаў, а сёе-тое i перакладаў. З прыемнасцю. Ёсць i моладзь, i дружба з імі — ужо не знізу ўверх, як са значна старэйшымі, i не на ўзроўні калі не аднаго для ўсіх, дык вельмі падобнага мінулага, але ж i не зверху, а проста з пачуццямі нашага ўзросту: як у намнога старэйшага брата. Тут згадаю крытыка i перакладчыка Фларыяна Няўважнага, шчырага хлопца i дзейснага друга ўкраінскай i нашай літаратуры; магутнага акіянскага рыбака, суровага i лірычнага навеліета Юрку Пахлёўскага; энергічнага Збігнева Жакевіча, які ў сваю паэтычную прозу нямала ўзяў успамінаў ваеннага i трохі пасляваеннага маленства на Беларусі...

Многа сяброў. З аднымі дружба даўняя, выразная, з другімі толькі пачынаецца, у адносінах з іншымі знаходзіцца недзе на мяжы прыязнага знаёмства, з ухілам да большага.

Зрэшты, таксама — i па ўзросту, i па блізкасці — сябры мае дзеляцца i дома, i ў некаторых іншых рэспубліках, перш за ўсё — рускія, украінцы, літоўцы, малдаване, латышы. I дружба з імі правяраецца таксама: шчырасцю, веданнем, справамі.

Часамі пачынаецца ад шчырасці. Ёсць жа людзі, толькі сустрэўшыся, пазнаёміўшыся з якімі, упершыню пагаварыўшы, амаль адразу здаецца, што ты яго ведаеш вельмі даўно, бадай, ад самага свайго пачатку. Потым ты пачынаеш чытаць напісанае ім i радасна пераконваешся, што ёсць прычыны, падставы для блізкасці, дружбы: вы з ім i думаеце i адчуваеце падобна. Толькі падобна, бо ў кожнага з нас — сваё, i адкрыванне гэтага свайго ў другім — кожнаму з нас патрэбна.

Бывае i наадварот. Спачатку ты яго ведаў па творах, там адчуў вашу блізкасць, а потым ужо пазнаёміўся, i знаёмства як быццам засведчыла, узаконіла, замацавала дружбу.

Бывала так, што знаёмства нічога не дадало да твайго ведання яшчэ аднаго калегі, чалавека блізкага табе па яго самаадлюстраванні ў слове.

Бывала i найгорш — знаёмства расчароўвала, ты потым нават думаў, i неаднойчы, што лепш не ведаў бы яго ці яе асабіста, як чалавека.

Ёсць яшчэ адна патаемная горыч у дружбе, горыч, якая точыць цябе адчуваннем той няроўнасці, што ідзе не ад розніцы ва ўзросце ці ў значэнні, але ад розніцы ў веданні таго галоўнага, з чаго складаецца яго i твая пісьменніцкая сутнасць. Словам, ты яго больш чытаеш, ён цябе менш, а то, i такое бывае,— зусім не чытаў...

Калі такое ёсць паміж сваімі, людзьмі адной мовы, або тымі, каму ўзаемаразуменне аблягчае яшчэ адна, вядомая абодвум мова, тады пра дружбу, вядома, няма чаго гаварыць.

А вось у адносінах з прыязнымі чужаземцамі такая няроўнасць ва ўзаемным веданні здараецца даволі часта, i нават адчуванне яе часовасці не робіць горыч тваю лягчэйшай.

Такое бывае не толькі паміж людзьмі, але — яшчэ горш — i паміж літаратурамі. Такая няроўнасць ёсць у адносінах паміж літаратурамі нашай i польскай, i горыч ад гэтага добра знаёмая не толькі мне аднаму. Калі лічыць ад восені пяцьдзесят пятага года, ад майго наракання на такую ненармальнасць, выказаную ў нарысе «Вачыма друга»,— справа палепшылася. Прынамсі, у прозе. Перакладзены: Колас, Лынькоў, Шамякін, Мележ, Быкаў, прычым — два апошнія з арыгінала, i добра. Горш у паэзіі: толькі Купала i Танк, проста як на адчэпнае, ушанаваны маленькімі зборнічкамі, у якіх i падбор вершаў, i якасць перакладаў далёкія ад патрэбнага. Асабліва ў Купалы.

У нас за гэтыя пятнаццаць год выдадзены пабеларуску: Міцкевіч (другі раз), Славацкі, Канапніцкая, Сыракомля, Бранеўскі, Кручкоўскі, Корчак, Бжэхва, Дабравольскі, Путрамант, анталогія сучаснага апавядання i сёе-тое іншае. Многа вершаў i апавяданняў змяшчалі нашы часопісы i газеты. Некалькі кніг паэзіі i прозы плануецца на бліжэйшыя гады.