З групаю лодзінскіх сяброў, на дзвюх машинах мы зрабілі незабыўны выпад на Кялеччыну, да Свентакшыскіх гор.
Залатая восень... Перад гэтай паездкай у Польшчу бываў я разоў колькі ў грыбах. На ўсход ад Мінска, на поўдзень, на захад — усюды сёлета баравікоў было няшмат, больш проста свежасці, паэзіі, ад якое i ў стоме не хутка заснеш. Колькі паклонаў — кожнай лісічцы, пакуль не напоўніцца кошык, колькі разоў пасля перакруціцца перад вачыма памяці каляровая плёнка чароўных мікрасветаў! Верас ці мох, a ў ім баравічок, а то, бог — бацька, i два. Распарасонены папаратнік, першае золата лісцянога насцілу i — падасінавік, а то i цэлая чародка. Так бывала не толькі сёлета. А вось лася ў грыбах бачыў я ўпершыню. Ён бег па полі, побач з той прылясной дарогай, па якой мы ехалі,— перабягаў з ляска ў лясок, спакойна, з годнасцю, з узнятаю каронай гордай галавы. Мы ў сваім «газіку» галёкалі ад радасці ўслед яму, а потым побач з ім, i не хочучы палохаць, i не могучы ўстрымацца. Увечары, дома, мне хацелася, як малому, гаварыць пра яго яшчэ i яшчэ, a ўранні, пасля маладога, амаль дзесяцігадзіннага сну,— адразу ўспомніўся ён. Як нейкая светлая, яркая радасць — новы, хоць i спрадвечны, сімвал нашых лясоў, акраса нашай залатой, грыбной ды яблычнай восені. З песні, з казкі, з расказаў старэнькай маці — жывы, рэальны, буры, з магутным перадам i паэтычнымі рагамі.
Польская залатая восень на Кялеччыне не здзівіла мяне, не здалася мне лепшай за нашу. Яна была проста польская. У прыгажосці, якую я ў тых мясцінах бачыў упершыню, сярод палёў, яшчэ з палосамі, дзе відаць былі людзі, коні, вазы, белы россып гусей i дымок бульбянога вогнішча, каля хат i ракітаў над грэблямі, добра, прыемна было размяшчаць у думках простых i вельмі няпростых герояў польскіх «вясковых» раманаў, аповесцей i навел, добра было здагадвацца, якія яны, тыя героі, сёння. Не яны, вядома, а ix нашчадкі з трохі вядомай i мне рэчаіснасці.
Прафесійная звычка ці можа комплекс такі? Ці гэта зразумела i законна — кожнаму глядзець на свет па-свойму? Скажам, які ні быў бы сход,— ці фізікаў, ці лірыкаў,— калі туды запросяць моднага або моцнага старшыню калгаса, ён заўсёды, абы ўзышоў на трыбуну, адразу пачне з дасягненняў i планаў свае гаспадаркі. Пацешна бывае часамі, аднак i думаеш: «Правільна, дружа, давай! Абы толькі мяса ды хлеб не былі папяровыя!..» Чаму ж тады нам, літаратарам, апраўдвацца, што нашы вочы бачаць па-свойму? Абы толькі добра глядзелі!
У нас была перад гэтым работа: мы абмяркоўвалі планы ўзаемных выданняў i публікацый. Раіліся i ў выдавецтве, i ў рэдакцыі «Адглосаў», i ў гарадскім камітэце ПАРП.
У нас было потым свята сустрэчы з зямлёй трох любімых пісьменнікаў. Веска, дзе нарадзіўся Жаромскі, касцёл, дзе яго ахрысцілі, гімназія, дзе ён вучыўся, пра якую напісаў аповесць «Сізіфава праца». Былы маёнтак, падараваны польскай грамадскасцю Сянкевічу, ужо старому ды славутаму, адноўлены палацык, у якім музей. Мемарыяльная дошка Дыгасіньскаму на сцяне той гімназіі, дзе ён вучыўся раней за Жаромскага, дзе цяпер некалькі класаў сталі музеем.
Мы святкавалі. Аднак i там, у дарагіх мясцінах i ў дарозе, раз-поразу вярталіся да спраў, абавязкаў i планаў. Як селянін, гаспадар, што i ў свята думае пра снапы ды барозны. Але гаварылі мы ўжо не так будзённа, як за сталамі дзелавых сустрэч. Быстры, сардэчны. Веслаў Яжджыньскі i спакойна, хітравата вясёлы Тадэвуш Папер абодва вучыліся ў гімназіі імя Жаромскага, «трохі пазней за яго», пра што расказвалі са зразумелай, крыху не па гадах маладою гордасцю i весела. Пяць літаратараў, людзей ужо, як гаворыцца, шаноўнага ўзросту, стаялі мы перад мемарыяльнай дошкай Дыгасіньскаму i, на мой пачын, ніяк не маглі ўспомніць,— i весела было, i сумнавата,— як жа ўсё-такі называўся той сабака, што гаўкаў нам з вокладкі яго, Дыгасіньскага, кнігі пра дружбу з жывымі істотамі, адной з любімых кніг нашага маленства. Не ўспомнілі, але радасць таго далёкага чытання яшчэ больш зблізіла нас. Скідаючыся па думцы, па кавалачку сэрца, гаварылі мы пра раскошную веліч Сянкевіча, пра глыбіню, чалавечнасць Жаромскага. I ў кожнага з нас, апроч агульных адносін, агульнай любові i пашаны да нашых вялікіх папярэднікаў, былі яшчэ i асабістыя адносіны да ix, пра што мы i гаварылі, i маўчалі — кожны па-свойму. Маўчалі — значна больш.
Мяркую па сабе.