Выбрать главу

Для памяці? Хіба ж такое забываецца? На чужыне, здалёк, успамінаеш яго асабліва прыемна. I свет здаецца святлейшым.

* * *

Цвінгер i Грунэгевэльбэ абрынулі на галаву i сэрца такую процьму твораў мастацтва адразу, што тут не дзіва стаміцца i прытупець на ўспрыманне.

Нават i Рафаэлева мадонна не зрабіла чаканага ўражання. Днямі прачытаў у Ружэвіча, якое захапленне гэтай карцінай выказваў Міцкевіч. З дзён малалецтва ўспомнілася, што пра яе пісаў Жукоўскі. Дый сам я ў «Птушках i гнёздах» не прыдумаў уражання, зробленага на мяне, вясковага падлетка, нават некаляровай рэпрадукцыяй. A пазаўчора здзівіўся, што гэты сусветны шэдэўр не ўразіў мяне. Здаўся нават перагружаным. Зрэшты, фігуры папы Сікста i святое Барбары даўно здаваліся мне лішнімі. Мадонну заўсёды хацелася i даводзілася «вымаць» з гэтага акружэння, адасабляць — проста не хочучы бачыць нікога, апроч яе.

Зрэшты, многае ў Дрэздэнскай галерэі трэба было б глядзець адасоблена i спакойна.

Перад партрэтам нейкага не безыменнага барона ўспомніў Шверынскую галерэю, канкрэтна — бой пеўня з індыком. Падумалася міжволі, што лепш ужо тая бойка, чым гэтая тупая, самаздаволеная маска.

Бой пеўня з індыком — вялікае імпазантнае палатно — напомніў мне, між іншым кажучы, адзін гістарычны паядынак, таксама карціну... Успомніліся i іншыя паядынкі. Індык i певень так i ўспрымаюцца — як сатырычны намёк, а не проста забава свабоднага, негалоднага мастака.

Змястоўнымі, патрэбнымі здаюцца ва ўсіх галерэях, дзе я ўжо тут пабываў, многія пейзажы. Штосьці падобнае на сапраўдную музыку.

Ад грэчаскай міфалогіі да хрысціянскіх легендаў мастацтва сярэдневякоўя перайшло з выразнай класавай паслядоўнасцю. Нават Хрыстовы яслі выглядаюць... ну, зусім-такі па-арыстакратычнаму прыстойна.

У цэнтры Дрэздэна многа зялёных палян — там, дзе раней былі вуліцы, вокны, палацы, храмы... Стаяць яшчэ руіны, i чарнеюць абсмаленыя дамы, што выжылі ў лютаўскую бамбёжку 1945 года.

Таму, што бамбілі не мы, а амерыканцы, немцы расказваюць нам пра гэта ахвотней,— як быццам просячы чалавечай спагады...

Ці гэтыя руіны сталі, хоць у нейкай ступені, урокам ці, па праклятай інерцыі, будуць каму-небудзь падмацункам для далейшага, новага, яшчэ больш нялюдскага нацыяналізму?

Успомніўся абед у патсдамскім летнім рэстаранчыку, у прыемнай, пасля спёкі, засені духмяных ліпаў. Як i ўсюды на свеце, мілая малеча. А да бацькоў за сталамі, да пажылых мужчын, маладосць i сталасць якіх пачалася ў вайну, я міжволі, з дакладнасцю яркай, балючай галюцынацыі, прымяраў мундзіры, аўтаматы i каскі — да лысых i сівых галоў. Нібы забыўшыся, у якой палавіне Германіі я знаходжуся, з агідай, жахам i адчуваннем заспакоенай пометы бачыў тых, што былі ў нас у якасці пераможцаў i — значна пазней — пераможаных...

Сёння з крутой, арлінай вяршыні крэпасці Кёнігсштайн глядзеў на ўтульныя, чырванадахія вёсачкі ў зеляніне садоў, на палявую i лясную красу далін i ўзгоркаў над велічнай, гістарычнай ды песеннай Эльбай.

I зноў уявілася, што i адгэтуль, з чароўнай Саксонскай Швейцарыі, людзі хадзілі далека, «за свет вочы», паліць старых i дзяцей у якім-небудзь большым ці меншым Асвенціме, большай ці меншай Хатыні, у нашым наднёманскім Новым Сяле...

* * *

Чаму праз майго сына, ставячы яго ў розныя сітуацыі былой i будучай вайны, мне прасцей разумець увесь жах бесчалавечнасці?

Таму, што ён найбліжэйшы да майго «я», мы з ім амаль адно, я больш за ўсё на свеце даражу яго прыходам у жыццё, прыходам у якасці майго наступніка, майго паўтарэння ў лепшай — я так хачу,— у чысцейшай, дасканалейшай сутнасці.

Думаў так, прачытаўшы ў газеце пісьмо паляка, былога вязня фашыецкага канцлагера для дзяцей, адрасаванае былому каменданту таго лагера, мірнаму бюргеру ў адным з зацішных гарадкоў ФРГ.

Уявіліся камендантава аўчарка i мой хлапчук — перад жахам апошніх пакут, зусім адзін, зусім безабаронны...

I потым яшчэ думалася, калі ўявіў, як ён дзесьці ляжыць на траве, пакупаўшыся, абсыхаючы на сонейку,— задумаўся, глядзіць на свет сваімі чыстымі вачыма...

Ён — як усе дзеці ўсяго свету. Усе яны — як ён. Але ж ён для мяне — амаль я сам, мае паўтарэнне ў вышэйшай форме, i таму ён найбліжэйшы мне, i боль усіх дзяцей мне лягчэй зразумець праз боль ягоны, праз боль, што не можа быць не маім.

* * *

Ранняя раніца.

Выйшаў з пакоя загараднага матэля пад яснае, ужо сонечнае неба, пад песню жаваранка i падумаў:

Добра было i добра заўсёды таму, хто i гэтую песню, i гэты рамонак — усё можа падпарадкаваць свайму аднаму, значнаму i трываламу назаўсёды.